Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

Беларускі Праваслаўны каляндар, 2000. Звод імёнаў сьвятых Беларускай Праваслаўнай Царквы напярэдадні Раства Хрыстовага / Укладальніца Т.Матрунчык. — Менск: Сьвята-Петрапаўлаўcкі сабор у м.Менску, Беларускае праваслаўнае брацтва трох Віленскіх мучанікаў, 1999. — 160 с., іл. — Наклад 250 ас. ISBN 985-6594-02-2

Беларускі царкоўны каляндар выйшаў гэткім малым накладам, што даводзіцца меркаваць, што ў наc альбо вернікі ўсходняга абраду нічога не чытаюць, альбо не засталося вернікаў-беларусаў.

Бюлетэнь Асамблеі недзяржаўных арганізацыяў Беларусі. № 1, люты 2000. — Менск, 2000. — 161 с. — Наклад 299 ас.

Асамблея зьмяніла выгляд свайго бюлетэню, але й зьмест стаў жывейшы.

Каталог почтовых марок Республики Беларусь. 1999. — Менск, 2000. — 28 с.: іл.

Зьмешчаныя выявы й падрабязныя зьвесткі пра паштовыя маркі нашае краіны, падаецца пералік і апісаньне капэртаў ды паштовых штэмпэляў. Сёлета, у адрозьненьне ад мінулых гадоў, каталёг выйшаў па-расейску. Набыць можна на Галоўнай пошце ці ў краме «Філятэлія» (вул.Маскоўская 16). Цана 1800 рублёў.

Кто есть кто в Беларуси. Хто ёсьць хто ў Беларусі. Who’s who in Belarus / Складальнікі В.Голубеў, А.Кіжэ, А.Смольскі, В.Трыгубовіч, Г.Ахметава, В.Чуйко. — Масква: Кніжны дом «Университет», 1999. — 176 с. — Наклад 3000 ас. ISBN 5-8013-0068-6

Апошнім часам выйшла ўжо некалькі даведнікаў кшталту гэтага, але ўсе яны асноўную ўвагу скіроўвалі на кіраўніцтва краіны й адпаведнага сьветагляду творцаў пяра й пэндзля. Гэтая кніга прынцыпова розьніцца ад іншых. Напісаньне імёнаў і прозьвішчаў падаецца ў беларускай, расейскай і ангельскай мовах, сам тэкст па-расейску. Аўтары кажуць: «Магчыма ня ўсім «героям» мы сымпатызавалі, адылі ўсіх імкнуліся зразумець і паказаць усебакова, бо толькі празь людзей можна зразумець грамадзтва». Даведнік можна набыць у выдавецтве «Беларускі кнігазбор» (тэл. 220-70-27) за паўтысячы рублёў.

Кто есть кто в Республике Беларусь. Люди дела / Пад рэдакцыяй І.Чакалава. — Менск: Энцыкляпэдыкс, 1999. — 350 ас. — Наклад 1000 ас. ISBN 985-6599-02-4

Аўтары паспрабавалі сабраць пад адной вокладкай усіх «дзелавых людзей» Беларусі — ад калгасьнікаў да пісьменьнікаў. Але трохі перастараліся — Вітаўт Чаропка, паводле аўтараў, напісаў дзьве кнігі: «Гісторыя машаны імя» і «Перамога леню» (насамрэч «Гісторыя нашага імя» і «Перамога ценю»). Кніга каштуе шалёныя грошы — 11700 рублёў, прадаецца ўва ўсіх кнігарнях.

А.Лапицкий. За железным занавесом. Жертвам политических репрессий посвящается. — Менск, 1999. — 104 с.

З пазыцыяў артадаксальнага марксізму аўтар дае сваю вэрсію выйсьця зь цяперашняга эканамічнага крызысу. Адмаўляецца сьцьверджаньне пра скон камунізму ў СССР. А.Лапіцкі разглядае колішнюю савецкую дзяржаву як капіталіста ў дачыненьні да работніка й як фэўдала ў дачыненьні да калгасьніка.

Мэтрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кн. 28 (1522—1552 г.). Кніга запісаў 28 / Рыхтаваньне тэкстаў да друку й навуковы апарат: В.Мянжынскі, У.Сьвяжынскі. — Менск: Athenaeum, 2000. — 312 с.: іл. 8. — («Помнікі», т. 1). — Наклад 500 ас. ISBN 985-6374-10-3

Праца выканана ў Інстытуце гісторыі Беларускай Акадэміі Навук і выдадзена ў межах міжнароднага праекту для дасьледаваньня й публікаваньня Мэтрыкі. Набыць можна за 10 у.а. у сядзібе ТБМ у Менску (Румянцава 13), у «Акадэмкнізе» каштуе 16 мільёнаў.

Пушкін — беларуская культура — сучаснасьць: Матар’ялы Міжнароднай навуковай канфэрэнцыі (Менск, 26—27 траўня 1999 г.), — Менск: Беларускі кнігазбор, 1999. — 346 с. — (Беларусіка=Albaruthenica; Кн.12). — Наклад 300 ас. ISBN 985-6318-53-Х

Робіцца каторая ўжо спроба правесьці думку пра ўплыў расейскага клясыка на разьвіцьцё беларускае культуры.

Слоўнік беларускай мовы (цяжкасьці правапісу, вымаўленьня, акцэнтуацыі, словазьмяненьня). — Менск: Сучаснае слова, 2000. — 320 с. — Наклад 8000 ас. ISBN 985-443-139-8

Выданьне можна было б адзначыць як бездакорнае, каб там не вучылі чытачоў вымаўляць «чэшскі» ды «прашскі».

Л.Смиловицкий. Евреи Беларуси: из нашей общей истории, 1905—1953 г. Зборнік артыкулаў. Навукова-папулярнае выданьне. — Менск: Арты-фэкс, 1999. — Наклад 250 ас. ISBN 985-6119-42-1

Аўтар, што цяпер жыве ў Ерусаліме, робіць усьлед за сваімі беларускімі папярэднікамі спробу асьвятліць найважнейшыя этапы гісторыі жыдоў Беларусі. Асобная ўвага надаецца галакосту й праведнікам народаў сьвету, якія ратавалі жыдоў з рызыкай для ўласнага жыцьця ў часе другое сусьветнае вайны.

Спадчына. № 1, 2000. — Менск, 2000. — 224 с. — Наклад 1889 ас. ISSN 0236-1019

«Спадчына» выйшла са спазьненьнем. Часапіс стаў даражэйшым — каштуе 800 рублёў, а гэтаксама зьменшыўся наклад. Але галоўны рэдактар Вячаслаў Ракіцкі аптыміст — у Вугоршчыне й Чэхіі гэткія выданьні маюць ня больш за 500—700 чытачоў.

Агляд падрыхтаваў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0