Архіў

Ганна Штэйнман. Stoplukafilm

№ 20 (177), 15 — 22 траўня 2000 г.


 

Stoplukafilm

«Незвычайны канцэрт». Stoplukafilm, Менск, 2000.

Гэтай вясною нечаканым падарункам для некаторых сацыяльна-актыўных аматараў рок-музыкі стаўся несанкцыяваны і незаплянаваны ўдзел у здымках відэакліпаў на песьні «Крамы», NRM, «Новага Неба», «Нэйрадзюбэля» і нават Pink Floyd.

Ідэя стварэньня альтэрнатыўных кліпаў «павісла» ў паветры даўно. Прынамсі, асабіста мне карцела паглядзець, што будзе, калі аздобіць любімыя песьні дакумэнтальнымі кадрамі з кронікі менскага супраціву, яшчэ з сакавіка 1996 г. Пакуль на рок-канцэртах крычалі «Жыве Беларусь!», а на мітынгах сьпявалі «Партызанскую», ідэю вылавілі, матэрыялізавалі, і наша музычная рэчаіснасьць нарэшце атрымала сваё відэаўвасабленьне: ужо больш за месяц «Незвычайны канцэрт» блукае па краіне дый за ейнымі межамі, асядаючы ў відэатэках беларускіх мэляманаў чарговай «крамольнай» касэтай. Восем кліпаў, аб’яднаных назовам, нельга вызначыць як музычны фільм — для гэтага патрэбна добра выпрацаваная агульная канцэпцыя, а яе якраз не стае, але гэткае «сьвята мантажу» прыцягвае ўвагу хаця б дзеля таго, каб параўнаць варыянт, прапанаваны STOPLUKAFILM’ам з тым, які кожны з нас ствараў для сябе пад час розных несанкцыяваных мерапрыемстваў. Як сапраўднае спараджэньне постмадэрнісцкай прасторы, «Канцэрт» пабудаваны на ўсялякім цытаваньні папярэднікаў: выкарыстаныя фрагмэнты са знакамітай стужкі «Звычайны прэзыдэнт», арыгінальны Pink Floyd’аўскі кліп і нават асобныя кадры з «Камандас» (у «Партызанскай»).

Калі казаць пра дакумэнтальную аснову, дык гэта кадры, усім добра вядомыя з тэленавінаў. Гэта той самы «малюнак», у стварэньні якога заўжды абвінавачваюць арганізатараў і ўдзельнікаў усіх мітынгаў і шэсьцяў. Ня вельмі ўдала толькі, што тыя самыя «малюнкі» пераходзяць з кліпу ў кліп. На пачатку прагляду твары сяброў і знаёмых на экране яшчэ цешаць: маўляў, мы ўжо спрычыніліся да Гісторыі. Але кожны новы кліп набліжае апатыю, добра зразумелую сталым наведнікам усіх акцыяў апазыцыі: тыя самыя людзі, тыя самыя твары, самі ходзім, потым самі пра сябе пішам, самі сябе здымаем, самі чытаем і глядзім. Утвараецца замкнёнасьць, якую цяжка разарваць нават пашыраючы прастору з дапамогай Pink Floyd. Можа, з-за гэтага найбольшую цікавасьць выклікаюць песьні не «пра нас», а «пра яго», бо глядзець, як спадар прэзыдэнт рухаецца ў такт Шалкевічавага «Таварыша Сапегі», — суцэльная асалода. Зрэшты, кліпы можна клясыфікаваць ня столькі па галоўных героях, колькі па тым, што было ў іх першасным — песьня ці зьява. Тыя, хто ўжо пасьпеў паглядзець «Незвычайны канцэрт», сярод найбольш удалых кліпаў называюць «25, 26, 27...» (NRM) i «Ехали уроды на поминки» («Нэйрадзюбэль»). Першы зь іх якраз і ёсьць прыкладам таго, як спачатку была зьява, потым на яе падставе паўстала песьня, якая ў сваю чаргу была праілюстраваная той самай зьявай, што калісь спарадзіла яе. Калі дадаць сюды добрае тэхнічнае вырашэньне і ўдала змантаваныя кадры — посьпех амаль гарантаваны. Але глядзець на гэта ўсё адно ня так цікава, як, да прыкладу, на менш прадказальны і больш творчы праект, калі песьня і зьява існавалі ў нашай сьвядомасьці абсалютна незалежна адна ад аднае і сваім спалучэньнем выклікалі да жыцьця нешта новае, непрадказальнае і незалежнае. З гэтага гледзішча кліп «Ехали уроды на поминки», аздоблены кронікай падпісаньня дамовы паміж Расеяй і Беларусяй, ёсьць, бадай, найлепшым дасягненьнем «Канцэрту».

Пытаньне, як жа вызначыць жанрава-відавую прыналежнасьць прэзэнтаванай STOPLUKAFILM’ам стужкі, заходзіцца ў стадыі вырашэньня. Ва ўсялякім разе, спробы зьвязаць кліпы паміж сабою з дапамогай заставак са «Звычайнага прэзыдэнта» сьведчаць, што «Незвычайны канцэрт» прэтэндуе на тое, каб называцца «творам», а ня проста падборкай кліпаў, хаця гледачоў не пакідае ўражаньне «недаробленасьці». Можа, гэта з-за таго, што ў кожнага даўно існуе свой варыянт «Незвычайнага канцэрту», які зьявіўся прыкладна адначасова са зьяўленьнем «Партызанскай». «Партызанская» завяршае канцэрт настальгічнымі кадрамі бел-чырвона-белага афіцыёзу. Гэткі прыхаваны падарунак гледачам: можна ўявіць, што гэта не «было», а хутка «будзе».

Між іншым, калі хто добра вучыў гісторыю, памятае, што «Канцэртам» у свой час называўся другі этап рэйкавай вайны, і ў мінулы раз сьледам за апэрацыяй «Канцэрт» неўзабаве адбылося вызваленьне Беларусі.

Ганна Штэйнман


Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў12

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Усе навіны →
Усе навіны

На праспекце Незалежнасці каля ЦУМа нахабны таксіст паехаў напярэймы патоку

Еўрапарламент прагаласаваў за павышэнне мытаў на ўгнаенні з Беларусі і Расіі4

14-гадовая школьніца памерла ў бальніцы ў Ельску5

Бітва за Канстанцінаўку: чаму гэтае месца можа стаць галоўнай мэтай наступу Расіі

Трамп паведаміў еўрапейцам, што Пуцін не гатовы спыніць вайну23

У Вашынгтоне забілі дваіх супрацоўнікаў пасольства Ізраіля. Яны збіраліся заручыцца

Гаваркі крумкач, яркія паўліны, мілыя лісіцы і яшчэ шмат дзікіх жывёл знайшлі прытулак у вёсцы непадалёк ад Маладзечна

Рускамоўная пісьменніца выйшла замуж за беларуса і склала незвычайны слоўнічак ягоных слоў, якіх ніколі раней не чула23

Беларуска: У мяне ваюе каханы, і я жыву з тым, што ўяўляю ягоную смерць2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў12

Памятаеце палітвязня Вітухноўскага, які пайшоў ваяваць за Расію? Ён ужо загінуў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць