Рабы недаверу

 

Увесь тыдзень Менск устрывожана гуў. Чуткі разьляталіся, як вецер. Стрывожаныя бацькі абзвоньвалі дзяцей, наказваючы, каб тыя не выпускалі ўнукаў гуляць на двор. Пільныя дамы з раённых аддзелаў адукацыі абзвоньвалі з тымі ж мэтамі дзіцячыя садкі. Быццам бы Чарнобыль зноў выбухнуў. Быццам бы ўсе дыпляматы выехалі зь Менску. Быццам бы Лукашэнка пераехаў з Драздоў у бункер.

 

Усё пачалося з таго, што супрацоўнікі ізраільскага пасольства памералі радыяцыю ў сябе ў памешканьнях, і аказалася, што яна павышаная проці нармальнай у 6—7 разоў. Дыпляматы сабралі валізкі і рушылі ў поўным скла-дзе дадому ў Ерусалім правярацца. Нашы людзі на жыдоў традыцыйна зважаюць і да жыдоў прыслухоўваюцца, таму гэты ад’езд, ясная рэч, заўважылі. Уяўляю сабе, як пакаёўка нейкага аташэ тэлефануе сваім прыяцелькам, каб паведаміць ім найнепрыемную зьвестку... За лічаныя дні навіна абляцела паўкраіны. Дарма Міністэрства па надзвычайных сытуацыях завярала: радыяцыю стацыянарна мераюць ва ўсёй краіне і за апошні час ваганьні ў межах 10–25% ад звычайнага ўзроўню зафіксаваныя толькі ў без таго моцна забруджаных раёнах — у Ветцы, Нароўлі, Брагіне, што зьвязанае з варыяцыямі сонечнай актыўнасьці, а таксама зь пясчанымі бурамі і пажарамі на тарфянішчах у выніку двухмесячнай сушы. Дарма навукоўцы-фізыкі з Акадэміі Навук пацьвярджалі зьвесткі міністэрыі. Ніхто ім ня верыў, паніка апанавала палову менчукоў. Уяўная радыяцыя засьціла ўсе падзеі тыдня, аказалася важнейшая і за выбух «Фарда-Скорпіа» на праспэкце Машэрава з найманымі забойцамі ў ім, і за канец працэсу Чыгіра — вянец драмы самападманутай беларускай намэнклятуры, важнейшая за візыт украінскага прэм’ера-рэфарматара Юшчанкі, за 95-годзьдзе народнай актрысы Стэфаніі Станюты, за працяг шантажу «Газпрому», які хоча прыватызаваць наш дзяржаўны скарб, газаправоды «Белтрансгазу».

Пры гэтым у навінах нашых СМІ, апроч, хіба што, «Радыё Свабода», яна заняла далёка не адэкватнае месца. Сапраўдная неэфэктыўнасьць нашай інфармацыйнай сыстэмы: усе новы раз упэўніліся, што радыё FM і расейскамоўныя газэты калі што й могуць, дык толькі капіяваць маскоўскія арыгіналы. Калі ж Масква пра нешта маўчыць, маўчаць і яны.

Прычыны падвышанага фону ў амбасадзе — калі ён сапраўды быў — найхутчэй могуць тлумачыцца ўласьцівасьцямі бэтону, зь якога будынак змураваны, або нечым падобным. Але гэткія навуковыя прычыны людзей якраз найменш цікавяць. Навуковым тлумачэньням яны найменш вераць. Як і паказаньням дазымэтраў. Надта часта ў сваім жыцьці людзі бачылі, як прыборы паказвалі тое, што загадвала партыя. Вось каб газэты напісалі, што гэта Амэрыка скінула на Беларусь з космасу нябачную для чалавечага вока ўранавую бомбу, або што выбухнула ядзерная боегалоўка, якую расейцы цішком разьмяшчалі пад Пухавічамі, або што сіяністы рыхтуюць помсту ўсенароднаму фашысту за славянскае яднаньне, людзі паверылі б, і абмяркоўвалі б, і клялі б, і плакалі, і абдымаліся, і пілі б ад радыяцыі гарэлку і чырвонае віно.

Нават замежнікі робяцца закладнікамі недаверу, разьлітага ў беларускім паветры. І вось ужо амэрыканская амбасада замаўляе ў Вашынгтоне дазымэтрыстаў.

Людзі хочуць таямніцы? Хочуць падману?

Апроч неэфэктыўнасьці беларускіх СМІ, жахае цемрашальства нашага люду. Я быў сьведкам ладнай дыскусіі пра радыяцыю паміж калегамі — прафэсарамі, дацэнтамі і проста старшымі выкладчыкамі ўнівэрсытэту. «Усё адно нам праўды ніхто ня скажа», — хорам казалі тыя, што ўжо галасавалі за Лукашэнку на трох выбарах і двух рэфэрэндумах і прагаласуюць за яго яшчэ тройчы. — «Ды мы ўсе тутака абрачонныя». — «Але, — падтаквалі іншыя, — вось наша рэктарка вернецца з Кіева, яна ўсё раскажа, што там чуваць». — «Вой, а я ўчора хадзіла на Камароўку, і там жа мне ніхто нічога не сказаў!»

Сьвет цяперашні складаны, занадта складаны для людзей, выгадаваных беларускай сыстэмай адукацыі. Людзям хацелася б, каб сьвет быў прасьцейшы. Каб простыя людзі ім проста кіравалі, простыя заданьні ім давалі, каб проста жылося, каб усе хваробы можна было вылечыць гербалайфам або піцьцём уласнай мачы, каб аднакава каштаваў ува ўсіх крамах хлеб, аднакава вучылі ўва ўсіх школах і аднакава лячылі ўсе дактары. Каб ня трэ было рабіць у жыцьці ніякага выбару. Калі сьвет не спрашчаецца, яго міталягізуюць і насяляюць хімэрнымі ўяўленьнямі. Замест таго, каб спазнаваць сьвет зь ягонымі няпростымі законамі і схемамі функцыяваньня, людзі абараняюцца суцэльным недаверам да яго — да палітыкаў, якіх не відаць, да эканамістаў, якіх не зразумець, да журналістаў, якія нездарма гэтак добра жывуць. Ідуць па жыцьці з адчуваньнем вечнай падманутасьці. І трапляюць з-за гэтага свайго недаверу ў вечныя пасткі, бо вераць толькі ў тое, што пацьвярджаецца адзіным знаёмым ім мысьленьнем па аналёгіі. А вядома, што ніякі чарнобыль двойчы не паўтараецца.

Праяўляецца ў гэтым слабасьць асьветніцкіх традыцыяў у Беларусі, адбіваецца дзесяцігадовы ідэалягічны вакуум, даецца ў знакі схалястычнасьць нарматыўнага курсу філязофіі і грамадзкіх навук, спрацоўваюць даўнія кагэбісцкія тэхналёгіі маніпуляцыі грамадзкай сьвядомасьцю з дапамогай усялякіх Кашпіроўскіх і Кудраўцавых, дадае жару адвечны расейскі інтэлігенцкі нігілізм, узьведзены ў ранг пазыцыі нашай недзяржаўнай прэсай, які рыкашэтам б’е па самой прэсе: «Мы ня верым ні ўладзе, ні апазыцыі», — пішуць газэты, — «а мы ня верым ні дзяржаўным, ні незалежным», — махаюць рукамі прафэсары. Але найперш кожная такая раптоўная і камічная гістэрыя выяўляе, наколькі не даюць рады сваім функцыям тыя грамадзкія інстытуцыі, якія па вызначэньні маюць выхоўваць у людзях схільнасьць да рацыяналізму і пазытывізму — абавязковае войска, сярэдняя школа, мэдычная сыстэма.

Няма даверу да навукі, да дзяржавы і мэдыяў. Няма надзеі на будучыню. Адно пачвары скарыстоўваюць з сну розумаў і крызысу давераў. А людзі застаюцца ў палоне сваіх аблудаў.

Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0