Лісты ў рэдакцыю

 

«Бясплатная» адукацыя

З кожным днём усё больш пераконваесься, што нашы сыстэмы адукацыі і сацыяльнай аховы вельмі хутка «прагніваюць».

З 12 траўня ў школах Менску адмянілі «бясплатныя сьняданкі». Дырэктары школ кажуць, што міністэрства не пералічвае грошай, нават кухары не атрымліваюць зарплату ўжо некалькі месяцаў. Гэтым яны апраўдваюцца перад галоднымі шкалярамі, якіх прымушаюць самастойна набываць абеды за свае грошы.

Некалькі гадоў таму нас прымусілі плаціць за падручнікі, і мы згадзіліся. Таксама цяпер вельмі рэдка можна сустрэць прыбіральшчыц, якія мыюць клясы. Гэты абавязак «павесілі» на вучняў — мы і з гэтым згадзіліся. Яшчэ адно: цяпер усе вучні павінны кожны год рамантаваць самастойна сваю клясу. Дый грошы даводзіцца здаваць на гэтую справу не малыя, ня ўсе могуць гэта зрабіць. Напрыклад, у клясе майго сябра на рамонт павінны сабраць сто даляраў увогуле. Мы і з гэтым згаджаемся.

Што кіраўніцтва яшчэ прыдумае, застаецца толькі здагадвацца.

Максім Іванцоў, Менск

 

Леў Талстой як люстэрка

На экране — узрушаны расейскi генэрал. Чарговая непрыемнасьць. Злыднi-чачэны «подла абстралялі нашых хлопцаў». I настолькi генэрал гэтым абураны, што спачатку думаеш: мо чачэны гэтак па-хамску сябе паводзiлi дзе-небудзь пад Волагдаю цi Разаньню? Ды не. Хлопцы былi далёка ад родных мясьцiнаў, а злыднi нашмат блiжэй. Хоць для генэрала гэта, пэўна, «спакон расейская зямля».

Цiкавы выраз: «подла абстралялі». Расейскія кантрактнікі бадай абстрэльваюць высакародна цi пяшчотна. Напрыклад, як абстрэльвалi тых жа чачэнаў пад час Каўкаскае вайны мiнулага стагодзьдзя. За 47 гадоў тае высакароднасьцi чачэнаў паменела на дзьве трэцi. Цi так, як у час бамбаваньняў нядаўняга часу, калi ад насельнiкаў грозьненскага дзiцячага дому засталiся толькi крывавыя плямы. А можна яшчэ больш высакародна. Арганiзаваць масавы выезд у Казахстан у вагонах для ската, а тых, хто непрыгодны для такой экскурсii, спалiць жыўцом. Усё гэта пішуць не на сайце «Каўказ-цэнтру» й ня лорд Джад, а такiя вядомыя ў Расеi людзі, як палiтык Iван Рыбкiн, пiсьменьнiк Анатоль Прыстаўкiн.

Некалі тое самае пісаў Леў Талстой у аповесьці «Хаджы-Мурат». Разьдзел XVII. Расейскiя войскi наведваюць чачэнскi авул. Iхныя высакародныя паводзiны робяць на жыхароў глыбокае ўражаньне. «Пачуцьцё, якое мелі ўсе чачэнцы, і малыя, і старыя, было мацнейшым за нянавісьць. Гэта была не нянавісьць, а непрызнаньне гэтых расейскіх сабак людзьмі і такія пагарда, агіда, гідлівасьць і неўразуменьне перад недарэчнай жорсткасьцю гэтых істотаў, што жаданьне нішчыць іх, як корць вынішчэньня шчуроў, ядавітых павукоў і ваўкоў, было такім сама натуральным пачуцьцём, як пачуцьцё самазахаваньня».

Мо каму гэты ўрывак i не спадабаецца, што паробiш. Ленiн казаў, што Талстой — гэта люстэрка. А на люстэрка няма чаго наракаць, калi нос крывы.

Аляксандар Мірскі, Барысаў

 

Два бакі

О Беларусь, мая калыска,
Жыцьцё маё, прытулак мой!
З гарачаю любоўю нізка
Схіляюся перад табой.

Такі верш Пятра Глебкі можна прачытаць на рэклямным шчыце, што месьціцца ля станцыі мэтро «Акадэмія Навук». А з другога боку шчыта — віншаваньні з «Днём перамогі» на тле расейскага трыкалёру.

Адцураліся сваёй калыскі, дык скора паспытаем расейскай — няўтульнай, мулкай, сьцюдзёнай...

Вячка Васілёнак, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0