Алесь АРКУШ

Дзень музэяў

 

Галоўным сьвятам у Полацку робіцца Міжнародны дзень музэяў, які ўсё прагрэсіўнае чалавецтва адзначае 18 траўня. Яно не такое масавае і пампэзнае, як Дзень перамогі, але жывое і зьмястоўнае. 9 траўня па савецкай завядзёнцы паспалітыя палачане — досыць масавая іх катэгорыя — адзначалі сьвята ля Кургану Несьмяротнасьці. Усё гэта называецца народнымі гуляньнямі: зь мітынгам-рэквіемам, ускладаньнем кветак, запальваньнем «вечнага агню», шэсьцем вэтэранаў і мастацкай самадзейнасьцю, а бліжэй пад вечар — п’янымі пад кожным кустом і кулачнымі спаборніцтвамі ўнукаў і праўнукаў пераможцаў.

Зусім па-іншаму прайшоў дзень 18 траўня. Мерапрыемствы пачаліся ў краязнаўчым музэі, супрацоўнікі якога падрыхтавалі новую выставу «Час і грошы». Гэта сваеасаблівая гісторыя Полацку ХХ ст., выкладзеная з дапамогай грашова-крэдытных знакаў. Цікава параўноваць харчовыя карткі 20-х і 90-х гадоў. Ня менш цікава разглядаць шматколерную і шматпамерную «баністыку». За шклом усялякія чырвонцы, скарбовыя білеты, «керанкі», закладныя, акцыі, аблігацыі, пазыковыя лісты, лятарэйныя білеты, карткі на хлеб і гарэлку, «зайчыкі».

З выставы можна даведацца, што выкладчык полацкай настаўніцкай сэмінарыі М.Ласковіч — у экспазыцыі маецца дакумэнт — атрымліваў у месяц 91 рубель 64 капейкі (без уліку розных даплатаў і выдаткаў на харчаваньне). Побач цэны тавараў і паслуг. Фунт (0,4 кг) цяляціны 1-га гатунку каштаваў 15 кап., фунт вэнджанай кілбасы — 22 кап., дзясятак яек — 20 кап. Усё гэта — у 1913 годзе. Пры канцы экспазыцыі можна пацікавіцца зарплатай выкладчыка полацкага пэдкаледжу ў наш час. У сярэднім у месяц ён мае крыху болей за 20 тыс. рублёў (стаўка першай катэгорыі). Побач цэны. Пераказваць няма патрэбы — кожны ведае сам. На гэтай жа вітрыне перадвыбарчыя і рэфэрэндумныя «тэзы» першага беларускага прэзыдэнта. Калі пералічыць дзьве зарплаты ў стратэгічныя для Беларусі яйкі, дык атрымаем, што М.Ласковіч мог набыць 458 дзясяткаў, а ягоны калега-ананім з далёкага 2000-га ўсяго каля 50-ці. Рэгрэс, як бачым, відавочны. Таму показка з часоў кастрычніцкіх закалотаў — «няма грошай ні кап’я, разьмяніце дзесяць мільёнаў» — сёньня не выклікае нават іранічнай пасьмешкі.

А ў музэі кнігадруку адбылося адразу некалькі мерапрыемстваў. Адкрылася выстава скульптуры маладога менскага скульптара Паўла Вайніцкага «Час, які спыніўся ў доме №22» — першая пэрсанальная выстава мастака. Нетрадыцыйна для гэтага «важкага» жанру выглядае аўтапартрэт скульптара — клетка-галава з дроту, у якой сядзіць маленькі папуга. Пад час прэзэнтацыі птушка маўчала. Было б двойчы арыгінальна, каб папуга гучна прамовіў нешта крамольнае. Быў бы сынтэз скульптуры й цырку.

Пасьля ў гэтым самым музэі пачаўся канцэрт вясковай музыкі 20–30-х гадоў, той, якая гучала на прасьцягу ад Варшавы да Смаленску. Іграў гурт у складзе вядомага мастака і фальклярыста Алеся Лася і ягоных сяброў з Польшчы Агаты Адамковіч і Пятра Пішчатоўскага. Вальсы, кадрылі і, вядома, полечкі.

П’яных у гэты дзень я ня бачыў. Вяртаючыся дамоў, побач з адноўленым сёлета домам губэрнатара, цяпер «Белаграпрамбанкам», знайшоў кавалак зялёнай кафлі XVII ст., такой у маёй калекцыі яшчэ не было.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0