Заля 200

 

— Што сёньня такое? — пытаецца бабулька, што выпадкова праходзіла пад івамі ля ганку суда.

— Кажуць, Чыгіра судзяць, — адказвае нейкая жанчына.

— Хто такі Чыгір? — насьцярожваецца першая.

— Кажуць, будучы прэзыдэнт…

Абедзьве моўчкі ўражваюцца відовішчам.

На ганку ўжо стаіць натоўп, чалавек сто. Людзі папрыходзілі за хвілінаў сорак да пачатку паседжаньня. Роўна на столькі ж раней прыехаў амон. Ягоны шыхт высокі й шчыльны, як каменны плот.

Чуваць просьбы, загады, ушчуваньні і крыкі. Лёгкая штурханіна. Уразаючыся ілбом у нечае магутнае плячо, пачынаю разважаць, ці не памру ад суму, калі ў Беларусі рэзка ўсталюецца дэмакратычны лад. За апошнія гады мы добра-такі «падселі» на адрэналін у крыві…

Паколькі карэспандэнт «НН» — не тэлеапэратар, не прадстаўнік інфармагенцтва й не Курбека з БТ, у будынак мяне не прапускаюць. Але хутка нехта заўважае: у залі 200 адчыненыя вокны. Прапанова скандаваць пад вокнамі «Свабоду Чыгіру!» прымаецца. Вокны залі 200 зачыняюцца. Затое да іншых вокнаў ліпнуць постаці судовых супрацоўнікаў.

Легендзе менскіх шэсьцяў, Веры Церлюкевіч, так і не ўдалося прабрацца ў будынак. Спн.Вера вельмі перажывае й дастае з сумкі абразок. Уздымае яго над галавой у напрамку залі 200. Ля скандуючых тупае задуменны міліцыянт з мэгафонам. Я прашу яго пазычыць рупар нам. «Хлопчыкі ў цывільным» з органаў бясьпекі цэляць аб’ектывамі камэраў. Твары ў хлопчыкаў «чалавечаскія». Шукаюць ракурсы для гісторыі.

За справу бярэцца знакаміты маёр (ці мо ўжо й не маёр) Гірэль. Ён крычыць у мэгафон амаль чыста па-беларуску:

— Грамадзяне! Я разумею вашыя пачуцьці! Ня трэба скандаваць — вы мяшаеце работаць! Давайце лепш разам памолімся на гэты абразок!

Вось што значыць гадамі ахоўваць акцыі Маладога Фронту! Прыхільнікі Чыгіра яшчэ скандуюць «Свабоду!» далей, і міліцыянты спраўджваюць абяцаньне, што пахапаюць парушальнікаў парадку. Затрыманьне Зьмітра Марчука і Яна Грыба праходзіць неяк зусім будзённа, культурна й ветліва. Вам трэба выканаць плян — вось добраахвотнікі. Проста як здача ў палон… Такое ўражаньне, што абодвум бакам даўно надакучыла біцца, псаваць нэрвы й беларускі генафонд. Вось каб тут стаялі маскоўскія амонаўцы… Дый скандаваньні сьціхаюць, і прыхільнікі разыходзяцца. «Які Чыгір, такія й прыхільнікі», — плюецца нейкі кахэпіст.

Усе радаваліся, што Міхаіла Чыгіра не адвезьлі ў турму проста з залі. Што ж, хоць умоўны тэрмін і агромністы, хоць штраф і вар’яцкі — усё ж чалавек застаўся на свабодзе… Натоўп замежных паслоў пакідае залю. Выйшлі Чыгіры. Натоўп карэспандэнтаў абступае іх на ганку. Міхаіл Чыгір расслаблены. Юлія Чыгір зусім па-свойску паказвае абдзёртую зранку амонаўцамі да крыві руку. Выстаялі.

Не дарма нумар залі, дзе заўжды праходзяць палітычныя суды, супадае па нумары з расейскім «грузам 200». Менавіта тут паэтапна адбываецца пахаваньне айчыннай Фэміды й чыіхсьці ілюзіяў. За сапраўды будучых прэзыдэнтаў не здаюцца ў палон па пляне захопніка — за іх змагаюцца і ўчыняюць скандал без індульгенцыяў і саступак. Так што да перамогі нам яшчэ жыць ды жыць — гэтак жа весела, ды без асаблівай радасьці.

Тацяна Сьнітко


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0