пазытывы

НЕКАТОРЫЯ ВЫНІКІ ФУНКЦЫЯНАВАНЬНЯ НАРОДНАЙ ГАСПАДАРКІ БЕЛАРУСІ Ў СТУДЗЕНІ-КРАСАВІКУ 2000 ГОДУ

 

Наш народ кожны дзень радуецца, як чуе пра рост ВНП. І я вам пра тое з задавальненьнем раскажу. Вось зноў за чатыры месяцы ВНП пабольшаў на 5% пры гадавым прагнозе ягонага прыросту на 2—3%. Гэтай фэнамэнальнай зьявай мы абавязаныя імкліваму росту айчыннай прамысловасьці, які склаў 6,1% замест 3 па пляне.

Вельмі прыгожыя лічбы атрымаліся былі за чатыры месяцы, але, на табе, сапсаваў іх красавік. Чамусьці сакавіцкі ўзровень вытворчасьці перавышаны толькі прамысловасьцю будаўнічых матэрыялаў. Але наша дзяржава мацуецца перадусім мэталаапрацоўкай і машынабудаваньнем.

Гэтаксама адбылося ў красавіку і скарачэньне таваразвароту ў краіне, што незвычайна напярэдадні веснавых сьвятаў, хаця рост за чатыры месяцы быў. Але выклікае шчырую занепакоенасьць пераключэньне шырокіх масаў працоўных з гарэлкі (-9%) на віно (+17%), што сьведчыць пра нейкія глыбінныя зрухі ў сямейных фінансах.

Хутчэй за ўсё, гэта зьвязана з праблемамі эфэктыўнасьці зьнешняга гандлю, падмурку беларускага дабрабыту. Замест 3% адбыўся рост экспарту на 27%, але імпарт зноў апярэдзіў яго, і пры плянавым росьце на два адсоткі ўзрос на 42%.

Пра высокі рост рэальных грашовых прыбыткаў насельніцтва няма чаго казаць, бо кожны адчувае яго на ўласнай кішэні. Карацей, яны дасягнулі 16%. Магчыма, гэтае меркаваньне падасца ня вельмі слушным калгасьнікам, 62% якіх атрымліваюць свой заробак са спазьненьнем, прычым запазычанасьць у вёсцы складае ўжо пад 70% месячнага фонду зарплаты. Але ня трэба хвалявацца, гэта зусім ня многа, бо сярэдняя зарплата трактарыста ў сакавіку была меншай за мінімум, вызначаны дзяржавай як мяжа галечы (21 тыс. руб.).

Фінансавае становішча прамысловых прадпрыемстваў гэткае самае, як і ў гераічных калгасьнікаў. Вы ўжо чулі, што яны працуюць зь перавыкананьнем пляну, але на 1 красавіка 34% прадпрыемстваў былі стратнымі, супроць 24% той жа парой мінулага году.

Тым жа часам сярэдняя рэнтабэльнасьць у «народнай гаспадарцы» зьменшылася да 9,5% супроць 13,9% у першым квартале мінулага году.

Усё гэта парадаксальным чынам адбываецца на фоне запавольваньня тэмпаў росту інфляцыі па месяцах (студзень — 114,1%, люты — 109,3%, сакавік — 105,8%, красавік —105,1%). Мабыць ня толькі ў манэтарысцкіх намерах Нацбанку рэч, але, прыкладам, і ў сельскай гаспадарцы, і ў накірунках інвэставаньня, і ў актыўнасьці спажыўцоў, г.зн. нас з вамі.

Дзякуй Богу, у першым квартале памёрла на дзьве з паловаю тысячы людзей меней, чым за тую ж пару летась. Але насельніцтва Краю ўсё ж паменшала на 11 тысячаў чалавек, бо ўсё меней тых, хто да нас едзе.

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0