дыскаграфія

 

CУЧАСНЫ ЎКРАІНСКІ РОК-Н-РОЛ—2

Толькі мы напісалі пра сучасны ўкраінскі рок-н-рол, як у Менск завіталі «Океан Ельзи» і «Воплі Відоплясова». Прыіхалы, і ўсё па-хахляцку сьпяваюць. І добра сьпяваюць! Можа зноў чаго наварожым?

Колькі кароткіх рэцэнзіяў на касэты з запісамі ўкраінскіх груп і салістаў, выдадзеныя ў розныя гады, дапамогуць, спадзяемся, больш арыентавацца, хто ёсьць хто ў тамтэйшым рок-н-роле. Калі хто хоча нешта з гэтага купіць, тэлефануйце (017) 249-08-88 (Віталь Супрановіч) або пішыце а/с 5, Менск, 220085.

 

 

«ТАНЕЦЬ ДУШ». Юлія Лорд. (р) 1998.

Юлія Лорд — гэткая тэхна-дзяўчына, якая сьпявае гэткія ж тэхна-песенькі, падобныя да кіслых дзічак, напоўненыя сэмпламі ды іншымі штучнымі канструкцыямі ды прыдумкамі. Зразумела, што ў такой стылістыцы мэлёдыі заўсёды няшмат, і спн.Лорд тут не вынятак, бо асноўная прыкмета яе песень — гэткі псыхадэлік выключна для дыскатэк. Са сцэны опэры, прынамсі, такое не прагучыць, дый дома слухаць «Танець душ» мала каму пазычыш. Модная музычка, аднастайная, выключна для маладых, тых, хто над сэнсам жыцьця задумвацца пакуль або яшчэ ня хоча, або ўжо ня можа. Таго, хто шукае ў музыцы найперш музыку, гэты альбом не зацікавіць.

 

 

«А ВЖЕ РІЗДВО». Група «Дивні». (р) 1998.

Вельмі нязвыклая праграма! Па-першае, яна складаецца з выключна калядных мэлёдыяў. Па-другое, усе яны — аўтарскія, прычым збольшага напісаныя ўдзельнікамі гэтага мужчынскага квартэту да вясёлых калядных сьвятаў. Далей — проза жыцьця і прафэсіі рэцэнзента. Творы тыя, на жаль, малавыразныя, а часам дык проста ніякія. Да таго ж гэты альбом шмат у чым «гасіць» даўнюю легенду пра нязвыклыя сьпеўныя здольнасьці ўкраінцаў. Сьпявае група «Дивні» проста на дзіва слаба. Бадай, найбольшае расчараваньне сярод усяго, што паслухаў з украінскай музыкі за апошні час, хоць задума вельмі неблагая. Не атрымалася.

 

 

«ПТАХИ». Група «Скрябін». (р) 1996.

З трох касэтаў групы, што трапіліся мне, гэтая — найбольш даўняя. Проці пазьнейшых альбомаў тут музыка яшчэ досыць простая, без электронных выкрунтасаў і мудрагелістых гукавых эфэктаў. Украінскі варыянт Depeche Modе. З той розьніцай, што з часоў «новых рамантыкаў» у Эўропе мінула значна больш гадоў, чым, здаецца, ва Ўкраіне. Звыклая прыкмета «Скрабіна» — наяўнасьць у адной праграме некалькіх міксаў адных песень. З тых, што маюцца тут, найбольш прывабіў мікс песьні «Змучений» пад назваю «Пиво як вода». Дый то, бадай, дзеля тэмы.

 

 

«ТАНЕЦЬ ПІНГВІНА». Група «Скрябін». (р) 1998.

З часоў праграмы «Птахи» склад групы паменшыўся на чвэрць: «Скрябіна» пакінуў Саня «Скряба» Скрябін — мусі быць, яе заснавальнік. Але на зьмену ў гучаньні групы паўплываў, безумоўна, ня толькі гэты факт, але й час. На гэтым альбоме зноў шмат міксаў (той жа песьні «Змучений», напрыклад), але музыкі засталіся верныя абранай некалі стылістыцы: гукавыя эфэкты ўсё больш заступаюць сабой мэлядычную аснову песень. Тут зьвяртаюць увагу кампазыцыя «Най будэ дощ» (piano remix) і ўласна загалоўная песьня, зробленая і, галоўнае, напісаная проста ўдала. Разам з тым ня думаю, што яна стваралася ў разьліку на найбольш пінгвіннае радыё Менску: каб тое радыё заўсёды было на ўзроўні тае песьні...

 

 

«ХРОБАК». Група «Скрябін». (р) 1999.

Дызайн альбомаў групы «Скрябін» нашмат больш арыгінальны, чым уласна музыка. Тут часам праз гукавыя эфэкты асновы песень наагул не чутно, тэксты, як і раней, можна адначасова ахрысьціць і як філязофію, і як прафанацыю. Выдатна разумею, што прыхільнікаў у такіх групаў ніколі не бракуе, і тое натуральна. Я ж належу да тых, хто лепш любіць слухаць музыку, якую робяць музыканты, а не кампутары, у аснове якой мэлёдыя, а ня голы, хоць і расквечаны, рытм. Такую прадукцыю мне асабіста слухаць сумна. Адно што трэба нязлым словам згадаць песеньку «Ня трэба».

 

 

«ЗНОВУ ЛЮБЛЮ». Марія Бурмака. (р) 1998.

Марыя — такая маладзенькая, прыгожанькая дзяўчына, якая шчэ й сьпявае. Відаць, мала ёй усяго таго, што яна й так мае. На першым баку касэты песьні збольшага нейкія такія... ня надта запамінальныя. Мо таму, што тут была пастаўленая мэта дасягнуць нейкага там... расейскага... можа, эўрапейскага ўзроўню — ня ведаю. Другі бок значна цікавейшы: тут проста Марыя выразна ўзяла бок стылісткі а ля фольк, што пайшло ёй на карысьць. Удалыя песьні «Тиха вода, рання роса», «Пролітала стрілою». От каб увесь альбом быў зроблены так, як ягоны другі бок! Тут бы Марыя Бурмака тады і Расею... і Эўропу... ззаду пакінула б.

 

 

«ПІКАРДІЙСЬКА ТЕРЦІЯ». (р) 1996.

Мяркуючы па тым, як неахайна выдадзены альбом, і па адсутнасьці назвы, гэта, калі не пірацкая копія, дык дэбют «Тэрцыі» ў гуказапісу. Напісаць тут можна шмат. Найперш я доўга ламаў галаву, што азначае скарачэньне УНП. Здагадаўся: украінская народная песьня. Але абурыўся: «Туман ярам» («За туманам») ці «Горіла сосна» («Гарэла сосна») — гэта ня толькі УНП, прабачце, але яшчэ й БНП! Дарэчы, аранжаваньне другой УНП вельмі ўдалае. Але на фоне таго, як сьпяваюць УНП хлопцы з кіеўскага «Мэн саўнд»-у, «Тэрцыя», на жаль, блякне. Адзін бок касэты — пераважна папуляр, не без знаходак. Так, у песьні «Богдан» вынаходліва ўжываюцца цытаты з Queen. Другі бок — амаль адны тыя самыя УНП. Запіс няроўны, здаецца, зроблены на канцэрце, а, каб пачысьціць яго ў студыі, грыўняў, відаць, забракла.

 

 

«ВУЛКАНІЗАЦІЯ». Група «Іжак». (р) 1998.

Не, і ў беларускай (так званай — агаваруся!) папулярнай музыцы я час ад часу сустракаў нешта такое — амёбнае па стылістыцы і зробленае невядома зь якой мэтай. Слухаў-слухаў, паліў-паліў шэрае рэчыва, а так і не зразумеў, што да чаго. Мо мая прыроджаная неадукаванасьць вінаватая. Бо на касэце горда напісана: Best Music. Застаецца толькі спадзявацца, што я да татальнай «вулканізацыі» не дажыву. Музычны «Бум-Бам-літ», толькі заміж тазіка — інструмэнты. Збольшага ўдарныя.

 

 

«ЛЬВІВСЬКИЙ СТЬОБ». Віка. (р) ?

Люблю такое. Нічога надуманага, а ўсё так, як і адчуваеш у гэты момант. Вясёлы альбом, выдадзены, як падказвае інтуіцыя, недзе гады два-тры таму. Віка мае моцны голас і добра ўмее ім карыстацца. Што да сьцёбу, дык ён сапраўды прысутнічае як у музыцы, так і ў тэкстах. Нешта такое рок-н-рольна-агульнае з братамі Гадзюкінымі, толькі што тут на першым пляне — жаночы голас. У песьнях часам панамяшана шмат (элемэнты панку, рэпу і г.д.), але яны ўспрымаюцца лёгка і прыносяць часам нават шчырае задавальненьне. На другім баку касэты запісана колькі рок-н-рольных стандартаў, аўтарамі музыкі якіх сьціпла названыя нейкія Golden Oldest. Гэта, зразумела, каб сьвет капіталу бяз аўтарскіх застаўся...

 

 

«ТИША І ГРІМ». Сестри Тельнюк. (р) 1998.

Пры ўсім жаданьні, нават зважаючы на прывабны выгляд сястрычак Лесі ды Галіны, не магу аднесьці гэты альбом да этапных. Тут запісаны лірычныя ды філязофскія творы пра радзіму, пра родную прыроду, месца чалавека ў ёй. Затое плюс: сьпяваюць пра радзіму сёстры без таго ілжэпатрыятычнага надрыву, на які пакутуюць многія нашы ды ўкраінскія змагары за сьветлую нацыянальную будучыню. Яны, адчуваецца, артысткі, а не агітатаркі. Тут табе можа быць, як у песьні «Мінае час», і аранжаваньне ў джазавай стылістыцы са «смачным» сола на флюгельгорне.

 

 

«КЛУБ ШАНУВАЛЬНИКІВ ЧАЮ». (р) 1996.

Гарбату люблю. А вось лячыцца музыкай з клюбу аматараў гарбаты... Месцамі гэта дастаткова цікавая творчасьць, што грунтуецца, без сумневу, на дасягненьнях сусьветнага нью-эйджу. Што само сабою цешыць: хто ў нашай Беларусі такой музыкай займаецца? Не згадаеш! А тут цэлы клюб! Уся музыка пабудаваная на спакойных, засяроджана-мэлядычных тэмах з ужываньнем шматлікіх, як і належыць жанру, гукавых эфэктаў натуральнага паходжаньня — грымотаў навальніцы, шэпту дажджу, пошуму ветру. Трымаючыся ў асноўным такой вось лагоды, музыканты КШЧ часам выходзяць і на рокавую стылістыку. Галоўны недахоп праграмы — палкае жаданьне аматараў гарбаты сказаць усё адразу: часам кампазыцыі проста перасычаныя тым, чаго магло і ня быць.

Хахлянуты слухач


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0