Навіны

 

Быкава не выпускаюць зь Нямеччыны

Васіль Быкаў, які прыехаў у Нямеччыну на запрашэньне тамтэйшага ПЭН-цэнтру, цяпер пазбаўлены магчымасьці зь Нямеччыны выяжджаць.

Гэтымі днямі ў Варшаве меркавалі наладзіць прэзэнтацыю польскага перакладу быкаўскай "Сьцяны", што выйшла ў беластоцкім выдавецтве Аляксандра Максымюка і была вельмі прыхільна сустрэтая польскай прэсай і крытыкай. Пётра Кэмпіньскі ў газэце "Жэчпасполіта" напісаў, што гэтую кнігу мусіць прачытаць кожны паляк, каб беларускае сёньня нагадала яму пра нядаўнюю мінуўшчыну Польшчы. Цёпла адгукнуўся на кнігу Быкава і Адам Міхнік у "Газэце Выборчай".

Быкаў, аднак, ня можа прыехаць на прэзэнтацыю кнігі ў Варшаве 5 чэрвеня, якую ладзіць Інстытут Беларускай Культуры. Рэч у тым, што нямецкія ўлады падоўжылі яму візу на перабываньне ў краіне на паўгады толькі як аднаразовую. Цяпер ён ня мае магчымасьці выехаць зь Нямеччыны, бо ня змог бы вярнуцца назад.

Польскія беларусы ў кулюарах гавораць, што ідзецца пра фактычнае інтэрнаваньне беларускага пісьменьніка, "каб ня езьдзіў і не настройваў сусьветнай грамадзкай думкі супраць рэжыму Лукашэнкі". Прыкры факт абмежаваньня свабоды перамяшчэньня Васіля Быкава, лічаць яны, – гэта яшчэ адзін штрых у двухсэнсоўнай нямецкай стратэгіі да Беларусі, перадусім скіраванай на забесьпячэньне бясплатнага транзыту зь Нямеччыны ў Расею без залішняй увагі на інтарэсы беларускай незалежнасьці.

Нават калі абмежаваньне мае чыста бюракратычныя прычыны, яно сьведчыць пра абыякавае стаўленьня Нямеччыны да беларускіх інтарэсаў.

Барыс Тумар

 

Зьезд Народнай Грамады

Народная Грамада была вымушаная ў апошнi момант зьмянiць месца правядзеньня свайго зьезду, якi пачаўся ў Менску пазаўчора. Прадстаўнiкi кампанii "Белiнтурыст", чыё памяшканьне каля гатэлю "Юбiлейны" БСДП-НГ брала ў арэнду на час зьезду, наведалi офiс партыi 2 чэрвеня i вярнулi грошы за арэнду, не растлумачыўшы прычынаў адмовы. Як ні шукалі сацыял-дэмакраты новага памяшканьня, усюды ім адмаўлялі. Таму ад месца збору каля "Юбiлейнага" дэлегаты накiравалiся ў сядзiбу БНФ "Адраджэньне" на Варвашэні, 8, дзе й пачаўся зьезд. Па дарозе дэлегатаў здымалi на вiдэакамэру супрацоўнiкi мiлiцыi.

Адно з найважнейшых пытаньняў зьезду – пра магчымы ўдзел партыi ў парлямэнцкiх выбарах гэтай восеньню. Паводле словаў старшыні партыі, сп.Статкевiча, БСДП-НГ спрабавала быць больш гнуткай у гэтым пытаньнi, спадзеючыся, што Аляксандар Лукашэнка, страціўшы надзеi атрымаць рэальную ўладу ў Маскве, пойдзе на кампрамiсы з апазыцыяй дзеля захаваньня незалежнасьцi Беларусi. "Але, на жаль, улады ўспрымаюць любыя спробы кампрамiсу як слабасьць, – заявiў кiраўнiк БСДП (НГ). – Мы можам заявіць аб сваёй гатоўнасьцi ўдзельнiчаць у выбарах толькi калi мы ўбачым рэальныя зрухi з боку ўлады. У адказ на ўцiск трэба дэманстраваць жорсткасьць".

Зьвяртаючыся да зьезду ад iмя Партыi БНФ, Юры Хадыка прапанаваў, каб асобным пунктам на зьезьдзе было прынята рашэньне пра ўдзел БСДП-НГ гэтым летам у Кангрэсе дэмакратычных сiлаў, дзе б узгоднена прымалася рашэньне пра ўдзел цi няўдзел апазыцыйных партыяў у парлямэнцкiх выбарах. Ю.Хадыка адзначыў, што на парлямэнцкiя выбары ўвосені можна iсьцi толькi ў тым выпадку, калi ўлады пагодзяцца як мiнiмум на дзьве ўмовы – удзел прадстаўнiкоў апазыцыйных партыяў у выбарчых камiсiях i выбары часткi дэпутатаў па партыйных сьпiсах. Прыняцьце гэтых дзьвюх умоваў гарантавала б апазыцыi сур'ёзнае прадстаўнiцтва ў парлямэнце i магчымасьць рэальна ўплываць на сытуацыю ў краiне. Калi гэтыя ўмовы ня будуць выкананыя, апазыцыi трэба байкатаваць выбары, лiчыць кiраўнiцтва Партыi БНФ.

Аляксей Знаткевіч, БелаПАН

 

Касіць "дапаможа" пракуратура

Напрыканцы мінулага тыдня каля трох соцень кіраўнікоў прадпрыемстваў розных формаў уласнасьці ў працоўны час былі выкліканыя ў Пінскі выканкам. Намесьнік старшыні Алесь Гордзіч зачытаў тэлеграму старшыні аблвыканкаму Васіля Даўгалёва пра незадавальняльныя тэмпы нарыхтоўкі кармоў і пра неабходнасьць тэрмінова паскорыць тэмпы сенакосу. Да ўжо існуючых нормаў Даўгалёў загадаў дадаць яшчэ 20%. Такім чынам, заданьні, якія на сённяшні дзень выкананыя прадпрыемствамі, толькі на 0,3% па нарыхтоўцы сена і на 35% па фінансавай дапамозе, вырашана падвялічыць яшчэ напалову.

Кіраўнікам прадпрыемстваў паведамілі, што калі неабходная колькасьць сена ня будзе нарыхтаваная, дапамагаць выконваць норму будзе пракуратура.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

 

Дні і ночы сельскіх саветаў

Апошні тыдзень нешта дзіўнае тварылася ў Маляціцкім сельсавеце Крычаўскага рёну. Калгасьнікі дзелавіта снавалі туды-сюды, нешта пераносілі, нешта перакатвалі, фарбавалі платы ўздоўж цэнтральных вуліц Маляцічаў ды іншых вёсак сельсавету. Прадаўцы ў крамах тэрмінова падпраўлялі справаздачную дакумэнтацыю і малявалі цэньнікі на тавары.

Рэч у тым, што Крычаўскі райвыканкам пастанавіў на працягу гэтага году пэрыядычна праводзіць так званыя Дні сельскіх саветаў. Вось і падыйшла чарга Маляціцкага. На мерапрыемства зьехаліся ўсе начальнікі аддзелаў райвыканкаму, старшыні калгасаў, запрасілі нават людзей з аблвыканкаму (але яны не прыехалі). В/а старшыні сельсавету В.Кавалёў расказваў пра посьпехі гаспадаркі, частаваў хлебам-сольлю. Паводле неафіцыйнай інфармацыі з Крычаўскага райвыканкаму, на арганізацыю Дня сельсавету выдаткаваны 1 мільён рублёў. Грошы не такія ўжо вялікія, але, калі ўлічыць, што заробкі калгасьнікаў вагаюцца ў межах 5-7 тысяч…

Дарэчы, у Маляціцкай сярэдняй школе з-за безграшоўя вось ужо месяц няма вады – ідзе рамонт вадаправоду, вучняў з аддаленых вёсак ня кормяць, адменены летні лягер для школьнікаў. А лягер – гэта адзіная магчымасьць для многіх вясковых дзяцей проста паесьці. З-за жабрацтва і пітучасці бацькоў вялікая колькасць дзетак Маляціцкага сельсавету галадае. Тымчасам шаноўныя госьці знаёмяцца з посьпехамі калгаснага ладу...

Андрэй Кузьмін, Крычаў

 

КГБ і Сонца Маладзіковае

Пры ТБМ Жодзіна і Смалявіцага раёну існуе Асацыяцыя Дэмакратычных Настаўнікаў "Сонца Маладзіковае", якая выдае інфармацыйны бюлетэнь "Школьны весьнік". У № 1 ад 2000 г. была зьмешчаная інфармацыя пра мэты асацыяцыі, пра прыватны беларускамоўны садок Смалявічаў, пра вандроўкі, сьвяты, школы, пра традыцыі беларусаў.

Пасьля выхаду бюлетэня супрацоўнік КГБ званіў на месцы працы аўтараў матэрыялаў, зьдзіўлена пытаючыся ў кіраўніцтва: "Яны ў вас працуюць?"

Пасьля такога тэлефанаваньня ў СШ № 4, дзе працуе адна аўтарка, калегі старанна перачытвалі яе артыкул, але ніяк не знаходзілі крамолы. Тая проста апісала вандроўку зь дзецьмі ў адну вёсачку, ні больш, ні менш.

Дзіўныя людзі! КГБ трэба ж таксама нешта пісаць у дакладных аб працы.

С.Германовіч, Жодзіна

 

Ад сухотаў будуць лячыць прымусова

У магілёўскім дыспансэры для хворых на сухоты пачалі прымусовае лячэньне тых, хто сам ня хоча пазбывацца жахлівай хваробы. Нават вызвалілі для такіх 30 адмысловых ложкаў. Пры гэтых ложках будзе дыжураваць міліцыянт, каб не зьбягалі з дыспансэру. Падобную жорсткасьць мэдычныя ўлады тлумачаць пагаршэньнем агульнай сытуацыі з захворваньнямі на сухоты. Мэдыкі спрабуюць такім чынам спыніць бяду. І ўсё ж законнасьць падобнага прымусу выклікае вялікія сумневы.

Сымон Глазштэйн, Магілёў

  

Замест турмы – 1000 даляраў

Крычаўлянка Марыя Ярковіч выйграла судовы працэс у мясцовай міліцыі. Год таму яе арыштавалі, абвінаваціўшы ў крадзяжы маёмасьці. Пратрымалі тры месяцы за кратамі, а потым суд з-за недаказанай віны вызваліў яе адразу ў залі паседжаньня. І вырашыла Марыя Ярковіч, што міліцыя мусіць кампэнсаваць нанесеную ёй шкоду, і падала позву ў суд. Судзьдзя знайшла, што міліцыя сапраўды парушыла правы грамадзянкі і прызначыла 950 тысяч рублёў кампэнсацыі, што ў пераліку складае амаль 1000 даляраў. Во багацьце на цётку звалілася!

Сымон Глазштэйн, Магілёў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0