пазытывы

 

Цэзаравы грошы

Непазьбежнасьць выплаты падаткаў адпаведнаму цэзару была ўсьвядомленая яшчэ за часамі эвангелістаў. Закон Беларусі "Аб падаходным падатку з грамадзянаў" прыняты значна пазьней – 21.12.1991, а потым перацярпеў істотныя зьмены і трансфармаваўся ў "Закон Рэспублікі Беларусь аб падаходным падатку з фізычных асобаў".

Без адмысловай падрыхтоўкі фізычная асоба ў ім разабрацца ня ў стане. Таму Дзяржпадаткам зрабіў тлумачэньні і тлумачэньні да тлумачэньняў. Апошняе зь іх датаванае 11.05.2000 і выкліканае падвышэньнем мінімальнага заробку.

У дзяржаўным друку быў зьмешчаны адмысловы пункцік з яго. Каб ня надта блытацца ў няпэўных мінімальных заробках і шматлікіх курсах рубля, будзем рахавацца ў далярах. Уявім таксама, што мы не патрапілі пад дзеяньне адной з 45 льготаў, якія прадугледжвае закон.

Калі лёс адвярнуўся ад нас, і гадавы заробак атрымаўся меншы за 600 даляраў, дык мы мусім заплаціць 9% падатку. Калі ж прыбыткі склалі ад 600 да 1500 даляраў, мы аддамо 60 і 15% ад сумы, большай за 600. У выпадку плённай працы, што прынесла ад 1500 да 2200 у.а., заплоцім 200 і 20% ад сумы, большай за 1500. Зарабіўшы ад 2200 да 2700, мусім аддаць адпаведна 320 баксаў і 25%. Ну, а калі вы надта круты беларус і маеце больш за 20 амэрыканскіх даляраў за працоўны дзень, дык ганеце 500 і 30% з кожнага грыну, заробленага звыш штодзённай дваццаткі.

Але, мабыць, крутых у нас ня надта багата, бо месячны заробак аднаго сярэдняга гаротніка на ніве народнай гаспадаркі склаў за першы квартал 2000 г., паводле Мінстату, блізка 50 даляраў ЗША, а доля падаходнага падатку ў фондзе аплаты працы вагаецца між 9 і 10%.

Тымчасам мінімальны спажывецкі бюджэт сярэднестатыстычнага беларусачалавека вагаўся каля 40 USD, а пражыцьцёвы мінімум дзеля падтрыманьня электаральных здольнасьцяў гэтай істоты крыху перавышаў 25.

Пытаньне пра тое, чым жа кормяць сваіх нешматлікіх дзяцей загадкавыя тубыльцы, не хвалюе ідэолягаў беларускага экспэрымэнту. Бо інакш іх бы зьдзівілі г.зв. калгасьнікі. Напрыклад, 62% калгасьнікаў не атрымалі сваіх грошай своечасова, а запазычанасьць па зарплаце дасягнула 66% ад яе месячнага фонду. А зарплата тая на цэлы цэнт большая за пражыцьцёвы мінімум.

Але й гэта не рэкорд. У асобаў, якія мусяць розным небаракам дапамагаць (г.зн. у службе сацыяльнага забесьпячэньня) сярэдні заробак меншы за мінімум.

Таму, мабыць, славянскі народ, зь якім мы стагодзьдзямі жылі ў аднэй дзяржаве і маем шмат падобнага ў культуры і рэлігіі (г.зн. палякі) чамусьці зьбірае ў выглядзе падатку з даходаў фізычных асобаў прыкладна чвэрць прыбыткаў бюджэту і ўлез у NATO. А мы ледзьве на дзясятую частку бюджэту наскрабаем.

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0