Фіджы

Папіўшы кавы

З 19 траўня ў гэтай краіне, што ў самым сэрцы Палінэзіі, пасярод Ціхаха акіяну, няма спакою. Буйны фіджыйскі бізнэсмэн, палінэзійскі нацыяналіст Джорж Спэйт разам з сябрамі захапілі прэм'ер-міністра краіны й тузін міністраў ды драбнейшае чынавенства. Ён запатрабаваў увядзеньня новае канстытуцыі, якая павінна адлюстраваць "прынцып нацыянальнае справядлівасьці". Пакуль Спэйт утрымліваў буйное чынавенства ў закладніках, улада ў краіне перайшла да вайскоўцаў. Вайсковы пераварот ачоліў гэнэрал Фрэнк Байнімарама. Ён, у сваю чаргу, заявіў, што хоча кіраваць краінаю сам гады тры, пакуль ня будзе прынятая справядлівая канстытуцыя. Вайскоўцы прыбралі да рук усё жыцьцё на Фіджы...

Сутнасьць канфлікту трэба шукаць у далёкім мінулым, калі выспы Фіджы былі заваяваныя ангельскімі калянізатарамі. Ваяўнічыя фіджыйцы не паддаваліся прыгону. Для працы на багатыя выспы ангельцы пачалі завозіць індусаў з далёкай паўгалоднай Індыі. Зь цягам часу колькасьць нашчадкаў прыгонных індусаў, што ўраблялі шыкоўныя тутэйшыя плянтацыі, моцна павялічылася. Сёньня яны складаюць блізу 40 працэнтаў насельніцтва краіны. Сытуацыя ўскладняецца яшчэ й тым , што індусы па-ранейшаму трымаюцца сваіх рэлігіяў, а пераважная большасьць абарыгенаў-фіджыйцаў цяпер – хрысьціяне-пратэстанты. Ёсьць і яшчэ адна акалічнасьць – у часы змаганьня за незалежнасьць Фіджы індусы былі на баку калянізатараў. Тутэйшыя індусы меркавалі, што тут толькі ангельцы могуць забясьпечыць ім бясьпеку. І яны не памыляліся. Як толькі палінэзійцы, пасьля двухсотгадовае вайны за свабоду дамагліся свайго, індусы, якіх яны вінавацілі ў згодніцтве, сталі на Фіджы людзьмі другога гатунку. А эўрапейцы тым часам пакрысе паразьехаліся. Узаемная нелюбоў дзьвюх фіджыйскіх супольнасьцяў то затухала, то йзноў выплывала на паверхню. У недалёкай гісторыі краіны ўжо быў пэрыяд, цягам 13 гадоў, калі за палінэзійцамі было замацаванае выключнае права на палітычнае жыцьцё. Аднак пад націскам сусьветнае супольнасьці, палінэзійскія нацыяналісты вымушаныя былі саступіць. І вось вынік – прэм'ер-міністрам стаў індус Махендру Чодры, які панабіраў міністрамі ды чыноўнікамі сваіх супляменьнікаў. Ці маглі гэта сьцярпець гарачыя фіджыйскія патрыёты?

Цяпер з умовамі лідэра нацыяналістаў пагадзіліся й прэзыдэнт, які ўжо зьняў зь сябе паўнамоцтвы, і Вярхоўны Савет (правадыроў тутэйшых карэнных плямёнаў). Адно, нечакана ўзьнікла фігура генэрала Байнімарама (таксама палінэзійца), які таксама захацеў для сябе кавалак уладнага пірага. Але крумкач крумкачу вока ня выдзяўбе. Спэйт з Байнімарамам абмяркоўваюць цяпер будучыню краіны... за чарачкай кавы. Каваю на Фіджы называюць гарэлку з карэньняў дзікага перцу. Закладнікі, якія нікога больш не цікавяць, адпушчаныя. Усё б нічога сабе, але... Па выспах пракацілася хваля антыіндыйскіх пагромаў. Калі нейкі журналіст дазволіў сабе заявіць на тэлебачаньні, што "індусы таксама людзі", натоўп палінэзійцаў разграміў тую студыю і ў запале забіў двух паліцыянтаў, якія стаялі на варце.

У выніку Фіджы пагражаюць шматлікімі эканамічнымі санкцыямі. Адмыслова былі зробленыя жорсткія заявы ад кіраўнікоў ЗША, Англіі, Індыі й Аўстраліі. Невялікая краіна пасярод акіяну апынулася ў цэнтры увагі ўсяго сьвету. Нездарма. Плошча Фіджы – 18 з паловаю тысячаў кв. км. і тутака здабываюць і плавяць золата, срэбра, марганец, медзь і нікель. Апроч таго, гэтая надзвычай урадлівая зямля, дзе круглы год лета, дорыць амаль усе плады, якія ведае чалавек – ад рысу й пшаніцы да какавы й манга. А тэрытарыяльныя фіджыйскія воды лічацца аднымі з самых рыбных у цэлым Ціхім акіяне. Лішне казаць, што большасьць работнікаў на тутэйшых капальнях ды заводах... індусы.

Горкі прыклад Фіджы сьведчыць пра дзьве рэчы – ніколі ня будзе спакою тым, хто быў на баку акупантаў. І няма большага глупства, як сьведама саджаць у кіраўніцтва краіны прадстаўнікоў меншасьці. Каляніялізм насамрэч пакідае па сабе багата шнараў, больш, чым гэта нам часамі здаецца.

Ну, а фіджыйцы, яны, бадай, супакояцца. Жыцьцё неўзабаве вернецца ў нармальнае рэчышча. Пап'юць сваёй, фіджыйскае кавы, ды памірацца. Бо, перадусім, і палінэзійцы, і індусы хочуць жыць заможна ў сваёй, амаль райскай краіне.

S.H.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0