Шабаш ведзьмаў на Лысай гары

Пабочны прадукт камуністычнай прапаганды

Калі верыць даведцы часопіса "Вожык", ананімная паэма пра Лысую гару зьявілася на сьвет і пачала перадавацца з рук у рукі 25 гадоў таму. Унікальны твор позьняга савецкага часу дагэтуль ахутаны цэлай хмараю таямніцаў. Няхай сабе мы ня ведаем і ніколі не дазнаемся імя аўтара. Верагодна, ён быў калектыўны, верагодна таксама, што іх было некалькі. Але ёсьць яшчэ й таямніца паходжаньня і фэномэн літаратурнага лёсу. Паэма, у якой няма ані кроплі антысавеччыны ці хоць бы нонканфармізму, перадавалася з рук у рукі нароўні з машынапісным "Майстрам і Маргарытай" ці фотакопіямі філязофскага эсэ Ігната Абдзіраловіча "Адвечным шляхам" – творамі, якія за савецкім часам зусім не ўхваляліся, дзякуючы іхнаму зьместу. Бяскрыўдны "Сказ пра Лысую гару" патрапіў у гэтую самвыдавецкую плынь.

Зрэшты, за тымі наіўнымі жарцікамі хавалася нешта зусім не бяскрыўднае – сымболіка вядзьмарскага шабашу, на які зьлятаюцца лысыя чарты. Зьвярніце ўвагу на тое, чым звычайна займаліся нячысьцікі падчас свайго шабашу і ў чым уласна іхны шабаш заключаўся, дзеля чаго ўласна яны зьбіраліся на тую Лысую гару. А зьбіраліся яны – рагатаць. Яны рагаталі, гагаталі, якаталі, дохлі са сьмеху – беспрычыннага, дурнаватага і, трэба думаць, па-свойму выверанага.

Пасьля таго, як побач з Лысай гарой у Беларусі перастала існаваць гара Сьвятая, якую пераназвалі ў гару Дзяржынскага, зьнік у краіне балянс дабра і зла. Чартаўшчына разьлілася навокал. Верагодна, гэта была савецкая ідэалёгія, дзе элемэнтарныя чалавечыя каштоўнасьці ставіліся з ног на галаву. І ў полі гэтае ідэалёгіі, зусім не насуперак ёй, учынялася рагатуха – пісьменьніцкія жарты на Лысай гары, адлюстраваныя ў ананімнай паэме.

Між іншым, і імя аўтара – Вядзьмак Лысагорскі – лішні раз сьведчыць пра тое, што стваральнікі ананімнай паэмы разумелі той кантэкст, у якім стваралі свой капусьнік. Менавіта пісьменьніцкую брацію яны параўновалі з кагортай вадзянікоў, лесавікоў ды ўсялякіх іншых чартоў, што сабраліся на свой шабаш. Але вынік бяскрыўднага рагатаньня аказаўся іншы, ня той, на які маглі разьлічваць аўтары.

Памятаю, у 1975 годзе я пераздымаў на гаўбцы машынапіс "Сказу пра Лысую гару", які літаральна на гадзіну прынес мне сябра. Трэба было тэрмінова зрабіць копіі. Тады мы шмат чаго пераздымалі, і пра гэта можна было б ня згадваць, калі б не адна дэталь. Той машынапіс калега ўзяў у сваёй маці, якая, у сваю чаргу, прынесла яго адтуль, дзе працавала – з ЦК КПБ. Верагодна, з нэтраў менавіта гэтай арганізацыі Лысагорскі шабаш атрымаў пашырэньне. Менавіта цэкоўскія машыністкі пладзілі дзясяткі копіяў "Лысае гары".

Калі ўлічыць сутнасьць савецкае ідэалягічнае ўстановы і тое, што ў ананімнай паэме няма ані слова праўды пра савецкую ідэалёгію, тады можна пачуць гэты беспрычынны і ідэалягічна вывераны рогат падчас шабашу на Лысай гары. Пісьменьніцкі капусьнік ня быў выдадзены тады, калі быў напісаны, таму што прыдаўся для службовага карыстаньня ведзьмакоў ды вядзьмарак з ідэалягічных аддзелаў камуністычнага ЦК. Гэта, натуральна, не касуе ягонае вартасьці, як дакумэнту свайго часу.

Сяргей Паўлоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0