Навіны

 

Настаўнікі гуляюць бяз грошай

Магілёўскія настаўнікі пайшлі на лета ў адпачынак без заробку або толькі з часткай адпускных. У бюджэце няма грошай. Агульная сума запазычанасьці па зарплатах на Магiлёўшчыне пе-равысiла 2,5 мiльярды рублёў.

Сымон Глазштэйн, Магілёў

 

Лекараў бракуе

На Cмаргоншчыне бракуе 26 дактароў і 33 сярэдніх мэдычных работнікаў. З прычыны іх адсутнасьці ў вёсках раёну не працуюць 4 ФАПы. У структуры выдаткаў мэдыцыны мізэрная зарплата лекараў складае 50%, 15% ідзе на закупку мэдыкамэнтаў, 11% — на харчаваньне для хворых. Кошт аднаго ложка-дня сёньня складае 1057 рублёў. Каб нейкім чынам паправіць матэрыяльны стан, штогод на месяц закрываюцца чатыры ўчастковыя лякарні раёну, а пэрсанал адпраўляецца ў адпачынак.

 

Палова мужыкоў паліць

Паводле інфармацыі айчыннага Міністэрства аховы здароўя паліць амаль палова мужчынаў Беларусі, прычым у веку ад 23 да 34 гэтая лічба дасягае 52%, ад 35 да 44 — 40%, далей пад сівую сталасьць — яшчэ крыху менш. Мэдыкі мяркуюць, што ў моладзевых асяродках больш-менш рэгулярна спажываюць тытунь каля 70% юнакоў і мужчынаў у веку ад 15 да 23. Сярод жаночай паловы паліць недзе 5—7%.

Паводле БАРС

 

Яшчэ два не асьцерагліся

Студэнтаў Гомельскага ўнівэрсытэту Зьмітра Карпенку і Зьмітра Кумічова злавіла міліцыя пад час расклейкі ў горадзе ўлётак, якія выкрывалі мясцовае чынавенстава, што гаціць велізарныя грошы ў лядовы палац тады, калі ў тым жа мікрараёне няма лякарні і не дабудаваная школа. Маладых даставілі ў РАУС, на іх склалі пратакол, а пасьля ім доўга чыталі натацыі.

 

Ален апраўданы

Наваполацкага сьпевака Алена затрымалі, абвінаваціўшы ў продажу фальшывых даляраў. Сьпявак спрабаваў здаць у абменны пункт сто даляраў — з тых якраз, якія ён зарабіў у сваёй нядаўняй паездцы ў Амэрыку. Дзяўчыне-банкірцы даляры падаліся фальшывымі. Міліцыя ж разабралася і прызнала грошы сапраўднымі.

 

Сьвята Божага Цела

Можа быць, што сёлетняе шэсьце на сьвята Божага Цела, якое каталікі ладзяць штогод з 1992 году, не адбудзецца. Звычайна працэсія ішла ад касьцёла Сьвятога Роха да Чырвонага касьцёла праспэктам Скарыны, прычым рух транспарту ў апошнія гады не перакрывалі. Сёлета каталікі далі заяўку ў гарвыканкам загадзя, але пакуль адміністрацыя згоды не дае. Чыноўнікі спасылаюцца на Лукашэнкаў дэкрэт і накіроўваюць у адміністрацыю Лукашэнкі. Шэсьце сёлета мусіць адбыцца ў нядзелю 25 чэрвеня, але пакуль пробашчы касьцёлаў ня робяць у парафіях аніякіх аб’яваў.

 

2,7 чалавекі на месца

Сёлета конкурс пры паступленьні ў ВНУ складзе прыблізна 2,7 чалавекі на месца, летась было 2,5. Бо цяпер адзінаццатыя клясы сканчаюць на сем тысячаў падлеткаў больш, чым год таму. Ува ўсіх ВНУ уводзіцца практыка ацэнкі абітурыентаў па шасьцібальнай сыстэме (2; 3; 3,5; 4; 4,5; 5). У найбольш прэстыжных унівэрсытэтах мэдалісты ня мецьмуць ранейшых ільготаў.

 

Рост цэнаў

Цана электраэнэргіі вырасла ўдвая. Гарадзкія жыхары, а таксама ўладальнікі дачаў і гаражоў будуць плаціць 7,2 рублі за кіляватгадзіну, сельскім жыхарам тарыф складае 5,2 рублі за кіляватгадзіну.

 

Фэст у Наваградку

Падрыхтоўка да фэстывалю сярэднявечнай культуры, што адбудзецца 24—25 чэрвеня ў Наваградку, у разгары. На яго маюць прыехаць 529 удзельнікаў з Латвіі, Літвы, Расеі, Польшчы. Сёньня маюць пачаць будаваць замкавую сьцяну, якую будуць браць штурмам пад час спаборніцтваў рыцары з розных рыцарскіх клюбаў. На фэстываль таксама запрошаныя і музычныя гурты з Эстоніі, Расеі, Польшчы, Швэцыі, што граюць сярэднявечную музыку. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на Інтэрнэт-сайце www.festival.ot.infonet.by.

 

Помнік Агінскаму

У Маладэчне каля музычнай вучэльні хочуць паставіць помнік Міхалу Клеафасу Агінскаму, аўтару слыннага палянэзу. Гатовы ўжо макет, яго аўтарам — Валяр’ян Янушкевіч. Скульптура мусіць быць зробленая з паліраванай бронзы. Пытаньне застаецца пра грошы, на праект агулам патрэбныя блізу 40 тыс. даляраў. Адміністрацыя вучэльні спадзяецца, што большую частку прафінансуе выканкам, а частку складуць прыватныя ахвяраваньні.

 

Ягораў балятуецца ў Чэрыкаве

Генэрал-палкоўнік У.Ягораў, былы кіраўнік МУС і КГБ, адзін зь лідэраў незалежніцкага крыла ў акружэньні Лукашэнкі, распачаў перадвыбарчую кампанію. Выбраў ён сабе Чэрыкаўскі раён. Ён выступае і прысутнічае на зборах, паседжаньнях, нарадах на розных прадпрыемствах і ў арганізацыях, ладзіць асабістыя прыёмы гараджанаў, сустракаецца з народам, нават езьдзіць па вёсках! Пад час візыту ў Верамейскае лясьніцтва, якое славіцца фантастычным узроўнем радыяцыі, высокі госьць застаўся задаволены работамі па стварэньні тутака спэцыяльных месцаў для адпачынку людзей.

Андрэй Кузьмін, Крычаў

 

Нямецкія атэстаты — беларусам

5 чэрвеня рэфэрэнт у пытаньнях культуры пасольства Нямеччыны ўручыў дыплёмы веданьня нямецкай мовы сусьветна прызнанага ўзору 34 выпускнікам Менскага лінгвістычнага каледжу № 24 і школы № 73. Каб атрымаць іх, вучні мусілі вытрымаць спэцыяльны складаны іспыт. Дыплём пацьвярджае веданьне нямецкай мовы і прызнаецца ва ўсім сьвеце. Моўны дыплём другога ўзроўню дае магчымасьць навучаньня ў нямецкіх ВНУ.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0