Парнатаўцы
3-4 чэрвеня ў Менску адзначала дваццатыя ўгодкі выпуску самая нацыяналістычная кляса «парнату»
«Парнатам» называюць Рэспубліканскі інтэрнат па музыцы й выяўленчым мастацтве імя І.Ахрэмчыка. Дзякуючы арганізацыйным высілкам Андрэя Радзіёнава ў «Сталоўцы» непадалёк ад пэнатаў сабралася добрая частка клясы й шэсьць настаўнікаў на чале з былым дырэктарам «парнату» Ратабыльскім. Марына Безбародава на сустрэчу прыехала нават з Арэнбургу.
Многія нацыянальныя ініцыятывы 80-х паўсталі з удзелам хлапцоў і дзяўчат, што ў 70-я вучыліся разам у гэтай клясе. Напрыклад, рок-гурт «Бонда» немагчыма ўявіць без Івана Маркава й Сяргея Кныша. Гэтаксама цяжка ўявіць «Майстроўню» і «Талаку» без удзелу Генуся Лойкі, Алеся Косткі, Андрэя Радзіёнава, Янкі Медзьвядзёва, Алены Каравай, Сьвятланы Слуцкай. Палова выпускнікоў клясы ўдзельнічала ў талакоўскіх сьпеўках і «калядках» і прайшла шкаленьне Ларысы Сімаковіч. Таму сьпяваюць яны адмыслова. Што пацьвердзілі на чэрвеньскай сустрэчы. Нават стварэньне «Тутэйшых» не абышлося без «парнатаўцаў»: у першы, нонканфармісцкі склад суполкі, якая напачатку нелегальна зьбіралася ў інтэрнаце Акадэміі навук, уваходзілі Лойка й Костка.
Пэрспэктыўную клясу прыкмецілі ў свой час выкладчыкі «парнату». Менавіта ёй выпаў гонар удзельнічаць у «народным» праекце — мастацкім аздабленьні зборніка вершаў Эдзі Агняцьвет «Доктар сьмех». Кніга пабачыла сьвет у «Мастацкай літаратуры» ў 1977 годзе. У ёй было зьмешчана каля 30 малюнкаў маладых «парнатаўцаў» — Алены Каравай, Рыты Рыбачок, Алены Зуевай, Тані Храмянковай ды іншых. Тады пра маладыя таленты нават зрабілі перадачу на БТ. Так па-езуіцку хацелі падкупіць моладзь. Аднак кляса пайшла ў іншым кірунку.
На сустрэчы шмат згадвалася крамольнага, аднак самым антысавецкім учынкам аднадушна быў прызнаны «акт» Тацяны Храмянковай. Пад час творчай сустрэчы з народным мастаком Міхаілам Савіцкім у Палацы мастацтва яна задала майстру пэндзля правакацыйнае пытаньне: «Чаму беларускія мастакі малююць такіх шчасьлівых калгасьніц? Вось, напрыклад, мая бабуля жыцьцё адпрацавала ў калгасе, аддала яму ўсё здароўе, да таго ж выгадавала шасьцёра дзяцей. А ёй прызначылі пэнсію ў 12 рублёў. Дык чаму ёй радавацца?» Атрымаўся страшэнны канфуз. Савіцкі разгубіўся. Адна з выкладчыц адвяла ў бок дзяўчыну й папярэдзіла, што пасьля такіх пытаньняў яна не паступіць ні ў адзін інстытут. Дзяўчыну асабліва не напужалі, бо яна разам зь сяброўкай, Сьветай Слуцкай, у «парнаце» нават не ўступіла ў камсамол.
Гэтая кляса ўяўляе сабой шчасьлівы вынятак зь беларускага правіла, калі ў розных нацыянальных хаўрусах сваркі ўзьнікаюць часьцей, чым хмары на небе. Дзесяць гадоў таму «парнатаўцы» адзначылі першы юбілей выпуску гэтак жа мнагалюдна й сардэчна. Надалей вырашылі зьбірацца часьцей.
Алесь Аркуш