Вяртаньне зрасейшчаных беларусаў

 

«Мы идём без цепей, но не чувствуем воли», -- пачаў сьпявак сваю новую песьню і заля заціхла, зьдзіўлена прыслухоўваючыся. Вельмі нечаканым быў гэткі паварот у творчасьці любімца.

... А на шкловской земле, в огуречной столице
Постаревшая мать, повышая надой,
На дорогу глядит: ну когда ж возвратится
Мой сынок непутёвый домой?

Гэта не былі традыцыйныя бурныя воплескі, якімі маладая магілёўская публіка два разы на год шчодра адорвае Аляксандра Баля, гэта была авацыя, якая перабівалася настойлівымі крыкамі «Біс!» Але сьпявак, крыху нават разгублены ад такой рэакцыі, ня стаў сьпяваць песьню наноў.

Не сказаць, каб песьня, якая так спадабалася слухачам, была нейкай знаходкай у творчасьці хлопца, хутчэй наадварот: у творчым пляне яна шмат саступала ранейшым творам. Новай жа была толькі тэматыка. Гэта і ўхвалілі слухачы такой бурнай авацыяй.

Баля ў Магілёве любяць. Ягоны талент праявіў сябе яшчэ пад час вучобы ў вучэльні культуры. Ад увагі і пахвалы, мабыць, затачылася маладая галава, і хлопцу захацелася шырокай славы, для якой на радзіме, на ягонае меркаваньне, не было ўмоваў. І паехаў ён шукаць шчасьця за мяжой. Але замежжа сустрэла яго няветла. «Довольно метко, но крайне редко железный доллар в шляпу упадёт». І праз колькі дзён паўгалоднага існаваньня ён змушаны быў вярнуцца назад, не адмаўляючыся ад мары знайсьці багацейшую і ласкавейшую маці-радзіму. Эміграцыйная няўдача натхніла яго ўсё ж на песенны цыкль («паэму»), прысьвечаны гэтай вылазцы ў багаты і жорсткі сьвет, якім ён найперш і цешыў магілёўскі люд.

Тыя, хто наведвае канцэрты Баля, ужо заўважылі, што новыя песьні зь яго лезуць ня так шчодра, як раней. Паспрабую выказаць сваё тлумачэньне гэтаму.

Гэты чалавек з тыпова беларускім прозьвішчам чамусьці лічыць сябе расейцам. І ў сваёй творчасьці арыентуецца і абапіраецца на расейскія паэтычныя і музычныя формы, на расейскія традыцыі і культуру, нарэшце, на расейскую мову. Гэткія тыпова расейскія тэксты песень («добрый молодец», «ой, головушка ты моя»), і пяецца там пра «русскую» душу, пра «русских» людзей. Можна зразумець: багацьце расейскай паэзіі прыцягвае творчыя душы, схіляе да перайманьня. Акрамя таго, ёсьць спажыўцы такой творчасьці, а поўная заля на сольным канцэрце так цешыць душу сьпевака! Але, зь іншага боку, узворваць узараную глебу — няўдзячная справа.

Расея далёка. Яна жыве сваім жыцьцём, ня тым, якім жывем мы. Цяжка сёньня адчуваць праблемы Расеі і творча рэагаваць на іх, жывучы за яе межамі. І з гэтай прычыны Расея ня вельмі дадае натхненьня свайму прыблуднаму кандыдату ў сыны.

А Беларусь ціха чакае, калі ейны сын урэшце павернецца да яе.

Напачатку я расказаў пра фрагмэнт восеньскага канцэрту сьпевака. І вось я пайшоў на новы канцэрт у траўні.

Гэты раз, акрамя сваіх твораў, Аляксандар сьпяваў Акуджаву, Галіча («Прамаўчы»), Высоцкага. І падбор песень шмат аб чым гаварыў. Але я чакаў, калі ён запяе сваё — дзе ня толькі пра каханьне ды вайну, дзе будзе адчувацца беларускае, хай сабе пакуль і на звыклай для яго расейскай мове. Мае спадзяваньні спраўдзіліся, і я з затоенай радасьцю адзначыў, што юнак павольна ды няўхільна вяртаецца з духоўнай эміграцыі да Беларусі.

Я захацеў выказаць такое сваё меркаваньне аб творчасьці А.Баля ў Магілёве. Аказалася, што я гэтага нідзе не магу зрабіць. Падуладныя газэты, якія выходзяць з баязьлівай аглядкай, не надрукуюць з-за зьместу. А рэдактар адзінага незалежнага «Тыднёвіка Магілёўскага» адмовіўся, бо «ня наш гэта чалавек».

Ясна, што Баль праграшыў тым, што пачуваўся ў Беларусі, як чарвяк з гнойнай кучы, што зайздросьціць чарвяку зь яблыка (гэты анэкдот быў папулярным на яго ранейшых канцэртах), што пра мову выказваўся зьдзекліва. Але ж, здараецца, што й немаўля кусае мацярынскія грудзі замест таго, каб смактаць зь іх малако.

Не падабаецца мне падзел «наш — ня наш». Калі шапялявым голасам, у якім губляецца палова словаў, нехта пяе па-беларуску, дык гэта «наш»? А калі пра нашае хораша сьпявае, але па-расейску, дык — «ня наш»? Вось і ствараем рэзэрвацыю самі для сябе!

Перад маці-Беларусяй хто толькі не зграшыў! Калі ўсіх такіх лічыць «ня нашымі», якая застанецца купка «нашых»? Усе, хто ў нас у Беларусі прытуліўся, нашы. Нават Аляксандар Рыгоравіч наш, бо каму ж мы яго аддамо? Не, трэба разам змагацца за ягоную душу. І за душы ўсіх іншых.

«Ня наш» — пачапілі шыльду — і ўсё падганяецца пад яе: і таленту паэтычнага няма, і густу бракуе, і фанабэрыі зашмат, і на ягоныя канцэрты ходзяць толькі закаханыя дзяўчынкі, і арыентуецца на нізкапробную папсу, і... Што ж, і праўда. Голас — падарунак Божы — патрабуе добрага настаўніка; ды дзе ж яго ўзяць? Тэксты песень добра гучаць у выкананьні, на паперы ж імгненна праяўляюць недасканаласьць. Але дзе знайсьці паэтычнае асяродзьдзе, крытыка, які б дапамог вырасьці паэту? Фанабэрыя — так. Але ж хто другі чалавек у Магілёве, які б два разы на год мог сабраць поўную залю і ўтрымліваў яе ўвагу тры гадзіны запар?

Нам патрэбнае новае разуменьне Беларусі, новае адчуваньне нацыянальнага адзінства. Той, хто сёньня ня з намі, праз пэўны час стане з намі, — дзьверы заўсёды трэба трымаць адчыненымі. Біблейныя сюжэты вучаць дараваць нават больш цяжкія грахі.

А Баль ідзе да нас, гэта ясна ўсім, хто цяпер паслухае яго. І бурныя воплескі, якімі сустракаюць новыя песьні А.Баля, даволі паказальныя, бо на канцэрты Баля ходзяць не нацыянал-патрыёты. Значыць, мы недалёкія ад нацыянальнага адзінства.

Міхась Булавацкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0