пазытывы

Над Бугам і над Сьвіслаччу

 

Заходняя Беларусь. Берасьце. Аблвыканкам. 16 чэрвеня 2000 году. 8-я раніцы.

Перад уваходам аўтамабілі сялянаў і дыпляматаў, буйных чыноўнікаў і капіталістаў. На ганку вельмі прыстойныя міліцыянты (без камуфляжу). Лётаюць карэспандэнты зь мікрафонамі і тэлекамэрамі.

А дзеля чаго ўсё гэна? Ды проста на замену рамантычнаму трызьненьню наконт таго, хто ўратуе, накорміць і г.д., прыйшло прагматычнае імкненьне зарабляць грошы на вытворчасьці і продажу прадуктаў харчаваньня.

Апантаныя ідэяй даходу грамадзяне суседніх эўрапейскіх краінаў зьехаліся (за свой кошт), панапрывозілі сваёй прадукцыі і рэклямы, актыўна папрацавалі. Спонсараў і грантасосаў не назіралася. Патэнцыйныя інвэстары і партнэры па камэрцыі вялі гаворку пра канкрэтныя пытаньні. Прынялі адозву (па-польску і беларуску) да грамадзянаў, установаў і урадаў Польшчы і Беларусі, каб спрыялі добрай справе.

Потым смачна пад’елі і, адпачыўшы, паехалі сабе працаваць далей, дамовіўшыся наступны раз сустрэцца ў Белай Падляскай.

 

Тым часам над Сьвіслаччу

Міністар замежных справаў Урал Латыпаў паведаміў, што мы займаем сьціплае месца ў другой сотні сусьветнага рэйтынгу інвэстыцыйных магчымасьцяў. Агульны аб’ём замежных інвэстыцыяў у нашу эканоміку вагаецца каля 60 USD на чалавека. Меней нават у СНГ ніхто не атрымлівае.

Стала вядома, што 70 000 беларусаў працуе ў сумесных з замежнікамі (СП) альбо цалкам замежных прадпрыемствах (ЗП). На жаль, міністар не адзначыў, ці моцна пакутуюць нашыя браты, якія патрапілі ў пастку сусьветнай капіталістычнай эксплюатацыі ў параўнаньні з вольнымі калгасьнікамі.

Ува ўсякім разе, прыкутыя да калясьніцы імпэрыялістычнага Малоха землякі, колькасьць якіх складае 1,5% занятых ў нацыянальнай эканоміцы, вырабілі амаль дзясятую частку ВНП і экспартнай прадукцыі. Небаракі працуюць такім чынам у сем разоў болей за сярэдняга гегемона, а атрымліваюць яны толькі ў тры-чатыры разы болей.

Дарма, здаецца, спасылаўся міністар на палітычныя непаразуменьні і 250 блытаных законаў пра СП і ЗП, прынятых нашымі стаханаўцамі-дэпутатамі. Ёсьць глыбейшыя прычыны, зь якіх 95% замежных торбаў з грашыма баяцца сінявокай рэспублікі-партызанкі.

У інтэрвію БТ Галоўны Начальнік сп.Латыпава сказаў: «Мы свае прадпрыемствы не прадаем нават сябрам».

А як на маю думку, дык беларускую формулу супрацоўніцтва выдумляць ня трэба: «Жывіце сабе, як браты, але рахуйцеся, як жыды».

Міхал Залескі

P.S. Для супрацоўнікаў органаў па барацьбе з прэсай. Гэтая прымаўка не накіраваная на распальваньне міжнацыянальнай варожасьці, адно падкрэсьлівае схільнасьць габрэяў да матэматыкі і эканомікі, павагу беларускага народу да вялікага габрэйскага народу і непрыналежнасьць аўтара да сіянісцкіх і антысэміцкіх узброеных фармаваньняў.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0