Рагнеда АЛЯХНОВІЧ

Самы балючы мой успамін

 

У Вялейскай турме ў 1940 г. быў зьняволены мой бацька, а ў 1944-45 г. – маці. Абое былі сьведамымі беларусамі, жылі й працавалі дзеля Бацькаўшчыны. Такога бальшавікі не прабачылі.

Мой бацька Вінцук Грышкевіч (на эміграцыі Вінцэнт Жук-Грышкевіч) быў арыштаваны ў Вільні восеняй 1939 г. Вязьніца ў Вялейцы – толькі частка яго турэмнай Галгофы. Бо прайшоў ён Лукішкі ў Вільні, турмы ў Беластоку, Менску, Полацку ды Воршы, «трудовые» лягеры на Пячоры. А потым – армія генэрала Андэрса, удзел у бітве пры Монтэ-Касіна (Італія), доўгія гады эміграцыі, стварэньне беларускіх асяродкаў у Вялікабрытаніі й Канадзе, праца на радыё «Вызваленьне», блізу 12 гадоў на пасадзе Старшыні Рады БНР. Памёр ён у 1989 г., пражыў 86 гадоў.

А маці пражыла няпоўныя 40 гадоў. Жыцьцё яе, як мне перадалі празь дзясятак гадоў, абарвалася ў Вялейскай турме. Пра яе – мой самы балючы ўспамін.

Маю маму Ксеню Грышкевіч, з дому Лапіцкую, арыштавалі ў канцы жніўня 1944 г. Было мне тады 13 гадоў. І стала я насіць маме ў Вялейскую турму перадачы, як тады казалі – «падаянкі». Пад час наступу савецкіх войскаў турма гарэла. Таму вязьняў трымалі ў шэрым аднапавярховым будынку з маленькімі закратаванымі вокнамі, які быў побач. Людзі зь перадачамі станавіліся ў чаргу каля агароджы й чакалі, пакуль падыдзе дзяжурны энкавэдыст і возьме запіскі ды торбачкі з прадуктамі і бялізнай. Дзяжурнымі былі тутэйшыя вясковыя хлопцы, якія вярнуліся з партызанаў. У чарзе найбольш былі сяляне – у хустах, сьвітках, а калі захаладала – у кажушках, чуйках, валёнках.

Аднойчы, стоячы ля агароджы, я пабачыла маму. Яна ішла ў сваім сінім зімовым паліто, але зь непакрытай галавой, косы складзены «кошычкам», рукі за сьпінай. Яе вялі два энкавэдысты. Праходзячы каля мяне, яна ціха сказала: «Ня плач. Ідзі дамоў. Я скора вярнуся».

Позьняй восеняй міма таго ж плоту правялі майго стрыечнага дзядзьку Кастуся Касяка. Я скамянела ад нечаканасьці, жаху й зьдзіўленьня: быў ён у чырвонаармейскім шынялі й пілётцы і гаварыў па-расейску: «Так это и есть Вилейка?» Мусіць такім чынам хацеў мне паказаць, каб я яго не прызнавала. Дзядзьку Кастуся прысудзілі да сьмерці цераз павешаньне. Прысуд выканалі ў Вялейцы. Маму я бачыла яшчэ адзін раз на пачатку зімы. Арыштаваных ужо трымалі ў будынку турмы. Каб пабачыць блізкага чалавека, калі ён знаходзіўся ў адной з камэраў на другім паверсе, трэ было перайсьці на процілеглы бок вуліцы й паглядзець уверх, на вокны вязьніцы. Я так і зрабіла. Праз колькі часу я пабачыла маму. Яна ўзьнімала ў руках клуначак, які я перадала. Потым адклала яго, згарнула рукі так, нібы мяне абнімала. Але турэмныя вокны закрылі шчытамі, і нават такой уцехі я больш ня мела.

У лютым мае перадачы сталі вяртаць са словамі: «Выбыла в этап». Пэўны час я ўсё яшчэ хадзіла да турмы. А потым стала чакаць вестачак ад мамы. Не дачакалася. Пасьля сьмерці Сталіна, недзе ў канцы 50-х, мне перадалі, што ў Вялейскай турме, калі там была зьняволеная мая мама, усчалася эпідэмія тыфу. Яна захварэла і памерла. Але ці так гэта насамрэч было – ня ведаю.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0