Вялейская турма

 

Згодна з дамовамі Молатава-Рыбэнтропа пра падзел Польшчы паміж Савецкім Саюзам і Нямеччынай, 17 верасьня 1939 г. войскі Чырвонай Арміі пераступілі савецка-польскую мяжу і пачалі «вызваляць» заходнебеларускія землі.

Ужо праз тры тыдні літоўцам аддалі Вільню. Распачалі калектывізацыю зямлі, праўда, пакуль не такую маштабную, як у 1949 г. Напаўняліся турмы, куды садзілі тых, хто лічыўся сацыяльна небясьпечным для камуністаў. Пачаліся арышты заможных сялянаў, паноў, асаднікаў, чыноўнікаў, службоўцаў, інтэлігенцыі.

Савецкія турмы ў Заходняй Беларусі былі ў Баранавічах, Валожыне, Лідзе, Нясьвіжы, Наваградку, Слоніме, Стоўпцах, Беластоку, Маладэчне, Горадні, Ваўкавыску, Ломжы, Берасьці, Кобрыні, Пружанах, Ашмяне, Глыбокім, Пінску, Драгічыне, Століне, Вялейцы. Згодна з савецкімі дакумэнтамі, у турмах Заходняй Беларусі ўтрымлівалася на чэрвень 1941 г. ня меней за 16357 чалавек (менавіта столькі вязьняў належала эвакуяваць ува ўсходнія рэгіёны Савецкага Саюзу, але ж былі яшчэ й тыя, каго належала расстраляць на месцы). Паколькі сьледзтва звычайна доўжылася пару месяцаў, а пасьля зьняволенага або расстрэльвалі, або вывозілі ў глыбіню Расеі ці Казахстану, можна ўявіць, колькі людзей прайшло праз заходнебеларускія турмы ў 1939-41 гадах.

Вялейка раскінулася на берагох Вяльлі ў 100 км на паўночны захад ад Менску. За польскімі часамі Вялейка была цэнтрам павету ў складзе Віленскага ваяводзтва. Тут дзейнічалі суполкі Сялянска-Работніцкай Грамады, Таварыства Беларускай Школы, КПЗБ. У 30-я гады ў горадзе налічвалася 7,5 тыс. жыхароў. Адной са славутасьцяў места была турма, пабудаваная некалі, адразу па далучэньні Вялейкі да Расейскай імпэрыі. За палякамі турма была лімітаваная, г.зн., што ў ёй не павінна было ўтрымлівацца больш за 350 чалавек.

Пасьля прыходу саветаў вялейская турма пачала выконваць новыя функцыі. Цяпер у яе кідалі тых, хто ўяўляў небясьпеку для новых гаспадароў. Першыя тры месяцы вялейскі астрог быў павятовай турмою, калі ж пасьля прыняцьця Заходняй Беларусі ў склад БССР 4 сьнежня была ўтвораная Вялейская вобласьць, вязьніца пачала выконваць функцыі абласной турмы. Як вынікае з савецкіх афіцыйных дакумэнтаў, на 10 чэрвеня 1941 г. у вялейскай турме налічвалася каля 1023 вязьняў*, г.зн. у тры разы больш за польскі ліміт. У турму звозілі вязьняў з усяе Вялейскае вобласьці — з Маладачанскага, Смургоньскага, Ашмянскага, Радашкавіцкага, Пастаўскага, Докшыцкага, Глыбоцкага, Мядзельскага, Дзісенскага, Браслаўскага, Друйскага раёнаў. Пры гэтым працавалі й раённыя турмы. Так, у чэрвені 1941 г. з Маладачанскай турмы мусілі быць эвакуяваныя 575 чалавек, з Глыбокага (Беразьвечча) – 678, з Ашмяны — 265 чалавек. Трэба падкрэсьліць слова «эвакуяваныя», бо значную колькасьць вязьняў, «найбольш небясьпечных для савецкай улады», меркавалася расстраляць на месцы. Для параўнаньня, у Беластоку ў чэрвені 1941 г. утрымлівалася мінімум 2126 чалавек, у Берасьці — 3850 чалавек, у Горадні –1796 чалавек. Лёсы вязьняў Горадні, Берасьця (у тым ліку й Берасьцейскай крэпасьці), Беластоку, Ашмяны, Пінску яшчэ чакаюць дасьледаваньня.

Зьвернемся таксама да кнігі Натальлі Івановай і Ўладзімера Адамушкі «Зьлітуйцеся», напісанай на матар’ялах, што датычаць Вялейскай турмы. У кнізе прыводзіцца дакладная запіска на імя намесьніка пракурора БССР па спэцыяльных справах «Аб працы спэцыяльнага аддзелу Вялейскай вобласьці Пракуратуры за 1940 год». Працытуем гэты дакумэнт:

«За справаздачны пэрыяд працы прайшло сьледчых справаў па стане на 1 студзеня 1941 г. 4705 справаў, з колькасьцю асобаў 5051 чалавек, скончана 4376 зь іх; накіравана па падсуднасьці на разгляд Асобай Нарады НКВД СССР 4255 справаў, у Абласны суд 17, у Вайсковы Трыбунал 3 справы, спынена папярэднім сьледзтвам 101 справа.

Асуджана 3035 чалавек, вернута афіцыйна на дасьледаваньне Асобай Нарадай НКВД СССР з канкрэтнай спасылкай 35 справаў. Спынена на стадыі папярэдняга сьледзтва, пачынаючы з 17 верасьня 1939 году па 1/1 1941 году па лініі УНКВД, уключаючы і 101 справу на 346 чалавек.

Тэрміны разбораў справаў:

Да 1 месяца – 672 справы

Ад 1 да 2 месяцаў – 848 справаў

Звыш 2 месяцаў — 2856.

Па артыкулах Крымінальнага Кодэксу БССР справы разьмеркаваныя наступным чынам:

па арт. 74 КК БССР – 1888,

па арт. 70 КК БССР – 14,

па арт. 120 КК БССР –1710,

па арт. 64 КК БССР – 452,

па арт. 72 КК БССР – 275,

па арт. 75 КК БССР –17,

па арт. 71 КК БССР –3,

па арт. 63 КК БССР –62,

па арт. 118 КК БССР –12,

па арт. 145 КК БССР –22".

Кажучы пра размах рэпрэсіяў, нельга не згадаць і тых людзей, якіх проста арыштоўвалі і без заключэньня ў турму накіроўвалі ў Сібір і Казахстан. Менавіта так зрабілі і з жонкай польскага афіцэра Франца Кушаля Натальляй Арсеньневай, якая на той час працавала ў вялейскай «Сялянскай праўдзе»: «…Аднае прыгожае раніцы, калі я толькі ўставала з ложку, каб ісьці зноў у рэдакцыю пасьля недаспанае ночы, у нашыя дзьверы пастукалі ўзброеныя энкавэдыстыя. Яны зь мейсца абшукалі мяне, дарма што я была без сукенкі, і загадалі мне зараз жа зьбірацца з хлапцамі, куды не сказалі…Пасьля перагляду рэчы і пасьцель абы-як зьвязалі ў клумак, і неўзабаве мы ўжо стаялі ў машыне, якая імчала вуліцамі Вялейкі. Шмат такіх машынаў можна было пабачыць у гэты сьцюдзёны золкі дзень 13-га красавіка ў горадзе! Усіх высланых звозілі на станцыю й ладавалі ў даўжэзны таваровы цягнік. Уся станцыя была поўная людзей. Вартаўнікі грубыя, брутальныя; сплаканыя, напалоханыя жанчыны (іх ды дзяцей было 99%); сваякі й знаёмыя, якія, дарма што бальшавіцкія запалохваньні, прыбеглі праводзіць сваіх блізкіх у далёкую нязнаную дарогу, усё гэта мітусілася, пхалася, крычэла й плакала. Энкавэдоўцы шчыльна абкружылі цягнік, але ўсё-той і гэты з натоўпу прарываўся, падбягаў да дзьвярэй вагонаў, падаваў тую ці іншую забытую рэч, бутэльку малака, яшчэ раз разьвітваўся. Нас — ніхто не праводзіў, хоць мы і ехалі ў вялікую дарогу, ня маючы пры сабе нават кавалка хлеба. Ды ці да хлеба тады было?»

Такіх дэпартаваных з Заходняй Беларусі было, паводле зьвестак беларускага гісторыка Хацкевіча, каля 120 тысячаў (10 лютага 1940 г. за адну раніцу з усіх куткоў Заходняй Беларусі было вывезена 50 тысячаў чалавек, 13 красавіка — 24 тыс., 29 чэрвеня — 23 тыс., 19 чэрвеня 1941 г. — 22 тыс.). Гэта — без уліку жаўнераў Войска Польскага, што апынуліся ў савецкім палоне, а тады — пад Катыньню, у Асташкаве, у Сібіры. Наступная дэпартацыя — «кулакоў», багатых вясковых гаспадароў — была заплянаваная на 20-я дні чэрвеня, але яе сарвала вайна.

Абвінавачваньні для вязьняў турмы былі збольшага надуманыя. Многа людзей арыштоўвалі за пераход дзяржаўнай мяжы — савецка-літоўскай ці савецка-нямецкай. Савецка-літоўская была надуманай мяжой. У выніку прыхамаці Сталіна Вільню з краем перадалі Літве, і край аказаўся падзеленым напалам, сваякі, што жылі ў суседніх вёсках, аказаліся па розныя бакі мяжы. Яшчэ больш трагічнай была сытуацыя з новай савецка-нямецкай мяжой. Некалькі дзясяткаў тысяч жаўнераў Войска Польскага ці апынуліся ў нямецкім палоне, ці прабіваліся з акружэньня. Тыя, каму пашчасьціла зьбегчы з палону ці мінуць нямецкія блёк-пасты, вярталіся на Бацькаўшчыну, у тым ліку і Вялейшчыну. Але тут іх чакала жорсткае расчараваньне, усе яны былі арыштаваныя саветчыкамі і абвінавачаныя ў шпіянажы на карысьць замежных выведак.

Бараноўскую Гертруду, жыхарку вёскі Пенцялі Ашмянскага раёну, арыштавалі за тое, што яна «ведала пра існаваньне паўстанцкай арганізацыі, што існавала на тэрыторыі Ашмянскага раёну і ставіла задачы зьвяржэньня ўзброеным шляхам савецкай улады і ўзнаўленьня польскай дзяржаўнасьці на тэрыторыі Заходняй Беларусі, і не паведаміла пра гэта».

Арыштаваных у турме катавалі. Зьвернемся да ўспамінаў Эдварда Колпака: «У тым часе ўсе павыходзілі з пакою, застаўся толькі я і мой сьледчы Кацо. У цэлым будынку панавала суцэльная ціша, бо была ўжо глыбокая ноч. Кацо адчыніў шуфляду бюро і выняў пісталет і гумовую палку. Дула пісталета скіраваў на мяне і зароў: «Калі не падпішаш, то заб’ю цябе як сабаку» — але я паўторна адказваю, што ніякай паперы не падпішу, можна мяне нават забіць. Зараз раззлаваны Кацо падскочыў да мяне і пачаў страшна зьбіваць палкай, пакуль не стаміўся, потым ударыў мяне ў патыліцу так, што я зваліўся ніц, а ён далей біў мяне ляжачага ботамі, біў па жываце, твары, усім целе, біў так, што зламаў насавую перагародку, потым усеўся на мяне і біў палкай, урэшце калі я згубіў прытомнасьць, ён вывалак мяне да прыбіральні, што знаходзілася насупраць па левы бок калідора, там абліў мяне халоднай вадой, я апрытомнеў. Калі я расплюшчыў вочы, дык пабачыў, што ляжу ў прыбіральні, а Кацо палівае мяне вадой. Потым Кацо дапамог мне ўстаць і правёў мяне да свайго кабінэту, загадаў мне сядаць у тое самае крэсла і зноў пачаў мучыць мяне, каб я падпісаў той няшчасны пратакол, на што я адказваў, што я не падпішу, і што ён можа мяне забіць, але я не падпішу. Раззлаваўшыся на маю станоўчую адповедзь, падбег да мяне і пачаў біць гумовай палкай па галаве, твары, а найчасьцей па нагах, вышэй каленяў…»

Эдвард Колпак не адзінкавы, такіх былі сотні ў Вялейскай турме. Толькі што, у адрозьненьне ад іншых, ён выжыў і пасьля занатаваў свае ўспаміны, якія пазьней былі выдадзеныя кнігай.

Здавалася, нішто ня спыніць сталінскую мясарубку. Але спыніла вайна.

Алег Раявец

*Усе гэтыя зьвесткі прыводзяцца паводле кнігі Кшыштафа Папіньскага, Аляксандра Какурына і Аляксандра Гур’янава «Дарога сьмерці. Эвакуацыя савецкіх вязьніцаў з Крэсаў Усходніх ІІ Рэчы Паспалітай у чэрвені й ліпені 1941 году» (на польскай мове). Варшава. Karta, 1995.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0