Валянціну Акудовічу — 50
Кнульп
Валянцін Акудовіч не падобны да звычайнага беларускага пісьменьніка.
Доўгі час для мяне гэты арыгінальны творца быў загадкаю. Мне падавалася, што ён іграе ў нейкую штучную філязофскую гульню пад назваю «Мяне няма». Часам ягоныя выказваньні раздражнялі, падаваліся несур’ёзнымі ці нават блюзьнерскімі. І толькі нядаўна я зразумеў, што Акудовіч— клясычны беларускі пострамантык. Заўважце, ён шукае адказы на традыцыйныя пытаньні: пра наканаваньне і прызначэньне чалавека, пра гуманізм, пра лёс нацыянальнай культуры, пра жыцьцё і сьмерць, пра грэх. Новыя адказы, адпаведныя новаму часу.
Ягоны пэсымізм — ад пачуцьця адзіноты, якое абвастрылася напрыканцы стагодзьдзя і новым выпрабаваньнем завярэдзіла душу чалавеку. «Кожны побач — прыкрая недарэчнасьць». Пра гэта добра пісаў Герман Гесэ ў аповесьці «Кнульп» яшчэ ў 1915 годзе: «У кожнага чалавека свая душа, ёй немагчыма зьліцца ні зь якой іншай. Двое могуць сустрэць адзін аднаго, сказаць адзін аднаму і быць побач. Але душы іх, як дзьве кветкі, што вырасьлі паасобна, кожная са свайго кораня; яны ня здольныя зблізіцца...» Кнульп — чалавек, які «ўпарта адмаўляецца заняць сваё месца ў разважлівым сьвеце ашчадных гаспадароў» (С.Аверынцаў). Ён складаў цудоўныя вершы, але ніколі іх не занатоўваў, меў сотні сяброў, але не жадаў іх абцяжарваць, меў безьліч шанцаў зрабіць кар’еру і ўладкавацца ў жыцьці, але ўпарта выбіраў дарогу. Вандраваў ад гарадка да гарадка, сьпяваў песьні, жартаваў, разважаў пра жыцьцё і чалавечае прызначэньне. Перад сьмерцю Госпад паведаміў Кнульпу (прынамсі, так таму прытрызьнілася), што «ў імя маё ты вандраваў і абуджаў у аселых людзях трывожную тугу па свабодзе».
Акудовіч ня верыць у Бога (пра што неаднойчы пісьмова прызнаваўся). Але ён усё адно трошкі Кнульп. Ён імкнецца выбавіць чалавека з путаў «агульных месцаў» і «аблуды традыцыі».
Пэсымізм Валянціна Акудовіча роднасны пэсымізму Васіля Быкава.
Чамусьці ніхто не заўважыў, што Акудовіч у сваёй праграмнай рэчы «Хто я? альбо Мяне няма, не было, ня будзе» руйнуе эўрапейскі экзыстэнцыялізм. Ад гэтага нядаўна моднага ў Беларусі філязофскага вучэньня Акудовіч не пакідае каменя на камені. Пастуляты Гайдэгера, Сартра, Камю яму падаюцца бясплоднымі. Бо каму яны адрасаваныя? «...Недарэчна пытацца пра таго, каго няма — хто ён?. Трэба пакінуць гэтую вярэду назаўсёды і болей ня думаць пра адказ на пытаньне хто я?, а думаць пра іншае пытаньне?» І ячшэ — рэфрэн, як прысуд:
«Я-чалавек ня можа сам зь сябе аб’явіцца.
Я-чалавек ня можа існаваць сам у сабе.
Я-чалавек ня можа быць сам сабой.
Я-чалавека няма».
Што гэта за новыя пытаньні, пра якія мы мусілі б сёньня думаць? Акудовіч пакуль пра іх маўчыць.
Кнульп — гэта эўрапейскі гіпі ХІХ ст. Гэта пратэст (бунт) супраць сьвету. Гэта бясконцая дарога да недасяжнага. Таму так любяць Акудовіча «непрычасаныя» маладыя.
Кнульп — гэта эўрапейскі Сідгарта. Герман Гесэ добра ведаў Азію, вывучаў будызм. Уся творчасьць аўтара «Гульні шкляных пэрлаў» (узгадаем, што гэты раман прысьвечаны «Пілігрымам у краіну Ўсходу») мела на сабе вялікі ўплыў усходняй філязофіі.
Адмаўляючы я-чалавека, ці не прадбачыць Акудовіч набліжэньне Вялікай Эры Ўсходу?
Герман Гесэ з-за сваёй творчасьці меў вялікія праблемы на радзіме, быў вымушаны эміграваць у Швэйцарыю. Акудовічу эміграваць няма куды.
Алесь Аркуш