Уладзімер Арлоў

Ніда і ваколіцы

 

Тост

Будынкі і дрэвы, кветнікі і лавачкі, людзі і чайкі — усе жывыя істоты і рэчы тут выпраменьваюць спакой і небудзённую значнасьць. Няблага атрымліваецца нават у людзей і сьметніц.

Пасьля першых келіхаў чырвоненькага ты згадваеш старажытную вэрсію, паводле якой выгнаньня з раю насамрэч не адбылося, ці, дакладней, яно зьдзейсьнілася адно ў мэтафізычным сэнсе: Бог проста пазбавіў чалавека разуменьня, дзе ён, чалавек, жыве.

Асабіста табе бліжэй меркаваньне, што наш сьвет — усяго толькі чысьцец. Але нават калі гэта і так, наведаць ягоны куток, які завецца Нідаю, відаць, усё роўна варта. Хаця б дзеля таго, каб, седзячы ў кавярні на беразе затокі і гледзячы на незварушную чаплю, неспадзявана ўзьбіцца на размову пра тое, што ў Бога, магчыма, значна меней, чым табе ўяўлялася, спагады, затое значна болей гумару ды іншых, зусім чалавечых схільнасьцяў і слабасьцяў.

А за здароўе такога Бога трэба абавязкова выпіць чырвоненькага.

 

 

Цішыня

Сюды ўжо прыйшла эўрапейская цішыня, не азмрочаная і ценем небясьпекі таго, што на вячэру табе прапануюць дзьвюх-трохгадзінны тэлевізійны амлет з нармальных чалавечаскіх яіц з вусамі, ушывымі блохамі і труднасьцямі на пасяўной.

Эўрапейская цішыня абавязкова пазбаўленая расейшчыны і ейнага найгоршага, пасьля мату, увасабленьня — расейскае папсы. Цалкам верагодна, што тут таксама ёсьць «девочки, которые хотят», але ты ніколі не даведаесься пра гэта праз дынамікі.

 

Sommerhaus von Thomas Mann

Томас Ман неабачліва заарэндаваў сабе тут на 99 гадоў кавалак зямлі і ў 1930-м збудаваў у Нідзе, на ўзгорку над затокаю, Sommerhaus на два паверхі.

Брунатны дом зь белымі вокнамі, блакітнымі аканіцамі і гэткага самага колеру вільчыкам над таўшчэзнаю чарацянай страхою з прычолкам — ужо даўно музэй, адзін з наведнікаў якога дзеліцца са спадарожніцаю ўпэўненасьцю, што аўтар «Доктара Фаўстуса» проста ня мог хоць раз не пайграць сваю Кацю на вось гэтым чорным раялі.

 

 

Выдмы

Зноў і зноў на беражок

Тонкай выдмаю пясок

Вольны вецер сьцеле... —

ня вельмі выразна напісаў неяк Анатоль Вялюгін, бо складаў свой верш, відавочна, не пра тутэйшыя выдмы-дзюны.

У Нідзе выдмы, заціснутыя паміж затокаю й морам, ня сьцелюцца, а цягнуцца ў неба, не бяз посьпеху гуляючы ў горы. Па іхных фантастычных залаціста-плятынавых рэльефах бягуць то вэлюмна-празрыстыя, то атрамантава-фіялетавыя цені аблокаў, ствараючы амаль незямную пэрспэктыву, якая магла б зрабіць паэтычнай музе А.Вялюгіна магутную ін’екцыю натхненьня. Асабліва, калі б ён пабачыў, якім безаглядна адважным мінэтам аздабляе гэты марсіянскі краявід юная жанчына са сьвежым пэрсыкавым загарам і дасканалай бялюткай папенцыяй з разраду тых, што адзін з герояў Рэмарка, памятаецца, называў цукровымі галоўкамі.

 

 

Віно

Ёсьць віны, узгадаваныя сонцам, ёсьць — узгадаваныя туманам. У нараджэньні літоўскіх натуральных — з размаітых ягадаў і садавіны — сонечны прамень і вогкі подых туману, відаць, адыгрываюць аднолькава істотную ролю. Вядома, пачатак сапраўднага віна заўсёды ў карані вінаграднае лазы. Але літоўскае чорнапарэчкавае выпісвае для сваіх лёхаў каралева Вялікай Брытаніі.

Што мае прапанаваць брытанскаму каралеўскаму дому Беларусь? «Крыжачок»? «Талачынскае»? «Водар мяты»?

У Літве сваіх грамадзянаў пояць, у Беларусі — спойваюць.

 

 

Порт

Панарама Клайпеды, як і любога порту, наводзіць цябе на думкі пра публічныя дамы і ахвяраў грамадзкага тэмпэрамэнту, а таксама пра сябра твайго юнацтва, марака савецкага рыбалоўнага флёту Мішу Гарэліка. У адным з дацкіх публічных дамоў Міша ў апагеі асалоды пачуў з-за дзьвярэй задушэўнае пытаньне: «Товарищ Горелик, вы здесь?»

 

 

Дэльфіны

Дэльфіны — жывёліны, якіх ты ненавідзіш мацней за любых іншых, найпачварнейшых і найагіднейшых прадстаўнікоў фаўны. Бо да пітонаў, алігатараў або гіенаў ты неляяльны абстрактна, а вось з дэльфінам сустрэўся аднойчы ў цалкам натуральных умовах, заплыўшы ў Кактэбелі мэтраў на васемсот у мора.

Тваёй мэтаю быў адзін зь вялізных буёў, за якія не дазвалялася заходзіць цеплаходам. Калі паміж табою і пляскатым памаранчавым балёнам засталася хвіліна шляху, тады і зьявілася, усьцешана падскочыўшы над вадою, гэтая незаслужана апетая ў літаратуры «разумная жывёліна». Праз колькі сэкундаў ты ўжо быў амаль бездапаможны ад жаху, а яшчэ болей ад невыказнае агіды пасьля імгненнага дотыку жывое сьлізкае тарпэды. Дзякаваць Богу, табе хапіла змогі на роспачны лямант і на тое, каб, захлынаючыся вадой, адолець пару дзясяткаў мэтраў да буя. Ужо лежачы на ягонай шырокай, цёплай, як чарэнь, сьпіне, ты ўзгадаў, што ў хвалях брыдка лаяўся, пасылаў дэльфіна на, клікаў маму і проста прасіўся: «Пусьці!»

Чалавека заўсёды цягне перажыць утульнае бясьпечнае водгульле колішняга жаху. Таму наведаеш клайпедзкі дэльфінары і на спэктаклі будзеш нават зрэдку пляскаць у ладкі, асабліва калі «разумная жывёліна» ў нейкім нумары дасьць пудла.

 

 

Могілкі

Калі хочаш глыбей спасьцігнуць душу гораду, мястэчка ці вёскі, непазьбежна апынаесься на могілках. Вядома, пакуль яшчэ сам, без пахавальнае працэсіі, якая пакрысе фармуецца ў асмужанай далечы пражытых і непражытых гадоў.

Могілкі каля Нідзкае кірхі, нягледзячы на перадзел Эўропы, засталіся пераважна ўва Ўсходняй Прусіі. Нямецкая мова. Нямецкія імёны і прозьвішчы. Часам нямецкая мова, нямецкія імёны, але літоўскія прозьвішчы.

Напрыканцы 50-х, калі апошнія немцы зьехалі ў Vaterland, распачалася пасьпяховая летувізацыя цьвінтару. Табе трапіцца і адзін, здаецца, рэцыдыў — апошні зямны прыстанак чалавека, народжанага ў Нідзе, памерлага ў Мюнхене і пахаванага ў зямлі дзяцінства.

Трывогаю адгукнецца ў табе надмагільле нейкага Міхаіла Максімавіча Сабакіна. Які вецер закінуў расейца Сабакіна пасьля 2-й сусьветнай на Курскую касу? Можа, каб гэтага ня здарылася, помнікаў пры кірсе было б меней?

Нядаўна ты ўжо адчуваў падобную трывогу. Дзе гэта было? У міністэрстве замежных справаў Літвы, калі цябе не заўважылі ў глыбокім фатэлі і ты стаў сьведкам таго, як шафападобныя ахоўнікі, што нязьменна зьвярталіся да цябе і ўсіх астатніх па-літоўску, застаўшыся сам-насам, раптам дружна загаварылі на «великом и могучем».

 

 

Паланга

Вялікая параўнаўча зь мініятурнай Нідаю Паланга ў параўнаньні зь ёю ж выглядае досыць правінцыйна.

Сытуацыю ратуе маляўнічы парк з палацам графаў Тышкевічаў. У палацы — музэй бурштыну, відаць, сапраўды найбагацейшы ў сьвеце. Ты пашыраеш свой кругагляд, чытаючы подпісы да экспанатаў, адкуль, у прыватнасьці, даведваесься, што навечна закутымі ў бурштын знойдзеныя 683 віды камароў, 396 відаў мух, 36 — прусакоў, адна яшчарка і аніводнага, нават самага дробнага чалавека.

 

 

Вяртаньне

Калі ты кахаў жанчыну, але яна ўжо належыць іншаму і тваёй аніколі ня будзе, дык лічыш ніжэй свайго гонару захоўваць да яе ранейшыя пачуцьці і выхоўваеш у сабе новае стаўленьне. У ім два асноўныя кампанэнты: незабыўныя ўспаміны і сёньняшняя ветлівая адстароненасьць.

Тое самае — зь Вільняй.

Зь Нідаю — іначай.

Чэрвень, 2000


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0