пазытывы

Лёс лесу

 

Апошнім часам ўсе нешта пра лес гамоняць. Нічога дзіўнага. Маім разуменьнем, гэта адбываецца сваечасова, бо пачалася падрыхтоўка да выбараў. Вось і лазяць па міністэрстве лясной гаспадаркі, выкрываючы карупцыю і разбазарваньне капіталістычных грантаў народныя мсьціўцы з КДК, лётаюць па кустох краёўцы, баркашоўцы і спэцназаўцы, а ўсе мэдыі таксама пра лес, пра лес гавораць з усялякай нагоды. Нават зьявіўся Найвышэйшы Загад, каб бярвеньні з краіны не вывозіць. Расьпілуй спачатку, а потым вязі.

Гэткія дыскусіі, здарэньні, выкрыцьцё ворагаў лесу і народу не пакідаюць раўнадушнымі ніводнага з жыхароў Краю. Надта ж любяць беларусы жыць і быць ў лесе. Менскія двары за якіх дваццаць гадоў пасьля завяршэньня новабудоўлі ператвараюцца ў найвыдатнейшыя зарасьці, дзе падшыванцамі вядзецца няспынная гульня ў вайну, а простыя людзі займаюцца п’янкамі, бойкамі і сэксам. Партызаняць, адным словам.

А што ўяўляюць сабой нашыя лясы ў эканамічным аспэкце? Няйначай зачараваны скарб, панове. Бачым, ведаем, дзе ляжыць, а ўхапіць ня можам. Таму й бедныя. Дзівіцеся.

За апошнія дзесяць гадоў запас драўніны ў беларускіх лясах павялічыўся на 210 млн.м3 і дасягнуў 1,1 млрд.м3, альбо 7% ад агульнаэўрапейскага. Доля сьпелых лясоў складае амаль 5%. Лясістасьць дасягнула оптымуму — 36% ад агульнае плошчы краіны супраць вартых жалю 20% у Францыі. Але пры штогадовым прыросьце сьпелага лесу 25 млн.м3 беларусы пасьпяваюць скарыстацца толькі 10 млн.м3. Хоць пры гэтым нават прадаем драўніну ў Фінляндыю, дзе лесам пакрытыя ледзьве не 2/3 краіны. Але мы фінаў па лясістасьці хутка дагонім, бо ў 60-я гады мелі лесу 27% тэрыторыі, а цяпер вунь колькі ўжо. Зь іншага боку, румыны і чэхі пры іхным шчыльным расьсяленьні нарыхтоўваюць лесу напалову болей за нас у разьліку на душу.

Дарэчы, наяўнасьць добрага лесу дазваляе вялікаму беларускаму народу ўмацоўваць талерантнасьць і ня надта хвалявацца з прычыны перабудовы, рэфэрэндумаў і іншых бязьлітасных катаклізмаў.

За часоў незалежнасьці беларусы, на думку спэцыялістаў, забілі і зьелі 4000 ласёў, 6000 дзікоў і 200 аленяў. Нацерабілі і таксама зьелі альбо прадалі капіталюгам 47000 т чарніцаў, 3700 тонаў суніцаў, 40000 тонаў журавінаў, 4500 тонаў брусьніцаў, а грыбоў дык ня менш за 100 тыс.т. Экспартавалі, праўда, меней за 1%.

А бярозавіку выпілі — не зьлічыць. Сьпяцы лічаць, што бярозавіку ў нас 150 тыс.т. у год можна назьбіраць. Цэнтралізавана зьбіраюць цяпер, праўда, толькі сёмую частку ад таго.

Тымчасам нашыя багатыя землякі душацца сярод плястыку і лямінаваных ДВП, п’юць і ядуць насычаныя кансэрвантамі групы «Е» прадукты замежнай вытворчасьці і ў такі спосаб падрываюць генэтычны патэнцыял нацыі.

Мае ўсё ж рацыю сп.Лукашэнка, калі ганяе ў хвост і грыву камандзёраў лясной гаспадаркі. Няхай зарабляюць болей грошай, патрэбных на пабудову рынкавага сацыялізму. Але злуюць на Лукашэнку лесанарыхтоўшчыкі і лесаперапрацоўшчыкі: неканкурэнтаздольныя нашыя вырабы. І зусім не таму, што дрэнныя вырабы, проста на перашкодзе стаіць стратны мэханізм гаспадараньня. Вось і атрымліваецца лясная гаспадарка, як ў вершы Ф.Багушэвіча, дзе мужык наш «дурны як варона» — пушчу высячэ, а каб сабе стравы зварыць, лаву ў хаце пашчэпле. Мабыць адным загадам сытуацыі ня зьменіш.

Але вы, паважаныя, не хвалюйцеся, зьбірайце грыбкі-ягадкі і беражыце лясы. Яны нам яшчэ спатрэбяцца.

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0