Юры Хадыка: «У партыях сядзяць не лапухі»

 

Кангрэсы Дэмакратычных Сілаў Беларусі традыцыйна вырашаюць прыватныя, але важныя праблемы. У выніку першага Кангрэсу (кастрычнік, 1996) была распачатая працэдура імпічмэнту, якая хоць і не ўкаранавалася посьпехам, але была першай супольнай акцыяй шырокай апазыцыі. Другі Кангрэс (люты, 1997) дазволіў апазыцыі выступіць адзіным фронтам на перамовах з Эўрасаюзам, што не дало Лукашэнку легітымізаваць вынікі дзяржаўнага перавароту. Трэці Кангрэс (студзень, 1999) падтрымаў інцыятыву Вярхоўнага Савету аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў у 1999 годзе і заклікаў да байкоту выбараў у мясцовыя органы ўлады.

2 ліпеня палітычныя партыі, незалежныя прафсаюзы і іншыя прадстаўнікі незалежнага беларускага грамадзтва зьбяруцца ў Менску, каб выпрацаваць адзіную пазыцыю адносна восеньскіх парлямэнцкіх выбараў. Напярэдадні Кангрэсу мы зьвярнуліся з шэрагам пытаньняў да старшыні ягонага аргкамітэту, вэтэрана беларускай дэмакратычнай апазыцыі Юр’я Хадыкі.

 

— Якія аргумэнты за і супраць удзелу ў выбарах мае апазыцыя?

— Ёсьць сэнс удзельнічаць толькі ў такіх выбарах, якія сапраўды даюць права выбару. Падобна, што Лукашэнка плянуе на восень фарс, а ня выбары. Ёсьць зьвесткі, што беларускай апазыцыі прадугледжана адвесьці ў новым парлямэнце 10 месцаў, і тыя не сапраўднай апазыцыі, а той, якую Лукашэнка называе «прывязанай». Такая кішэнная апазыцыя дазволіла б легітымізаваць вынікі дзяржаўнага перавароту і атрымаць шанцы на фінансавую падтрымку Захаду. Яму вельмі патрэбная заходняя падтрымка. Толькі гэтая патрэба прымушае яго ісьці на шырокія дыялёгі, на прыём дэлегацыяў АБСЭ. Але мы бачым, што такая падтрымка зусім немэтазгодная, што яна не прынесла б ніякай карысьці краіне, яна была б папросту змарнаваная рэжымам, які праядае беларускія рэсурсы ўжо шосты год без усякіх станоўчых вынікаў.

Я думаю, што вынікам Кангрэсу стане заклік ня ўдзельнічаць у выбарах на ўмовах сёньняшняга рэжыму. Гэта вельмі важнае рашэньне, бо літаральна праз пару дзён эўрапейскія структуры маюць разглядаць пытаньне пра накіраваньне на выбары назіральнікаў.

 

— Зьяўленьне легітымнага парлямэнту павялічыла б ці паменшыла б пагрозу беларускай незалежнасьці?

— Апытаньні сьведчаць, што дэмакратычныя сілы Беларусі выйгралі б сёньня свабодныя выбары. Падкрэсьліваю — свабодныя выбары. Гэта асабліва выразна праявілася б пры правядзеньні выбараў па прапарцыйнай ці зьмяшанай сыстэме, значна больш справядлівай, асабліва ў пэрыяд зьменаў у грамадзтве.

Свабодныя выбары дазволілі б стварыць парлямэнт, які б скасаваў усе нераўнапраўныя дамовы з Масквою і пацьвердзіў бы сувэрэнітэт Беларусі, бо ўся апазыцыя цяпер — дзяржаўніцкая.

 

— Некаторыя аналітыкі сьцьвярджаюць, што пры нелегітымным парлямэнце Расеі прасьцей будзе маніпуляваць Лукашэнкам.

— Гэта дзіўнае меркаваньне. Няўжо цяпер Расеі нешта перашкаджае маніпуляваць Лукашэнкам? Нішто ня можа памяняць таго факту, што Лукашэнка зьяўляецца палітычным марыянэткам Масквы. Легітымнасьць парлямэнту нічога не мяняе. Пакуль будзе Лукашэнка, урад будзе марыянэткавым. Таму галоўная задача апазыцыі — перамога на прэзыдэнцкіх выбарах, якія пройдуць у 2001 годзе, а мо й раней, калі эканамічная сытуацыя будзе пагаршацца.

 

— У апазыцыі ўжо ёсьць нейкі кандыдат, які можа скласьці рэальную канкурэнцыю «бацьку»?

— Гэта пытаньне да ўсёй апазыцыі. Апазыцыя сёньня мае два ўзроўні адзінства. З аднаго боку, ёсьць Кансультацыйная рада пры прадстаўніцтве АБСЭ, у якой бярэ ўдзел ня толькі дэмакратычная, але і антылукашэнкаўская апазыцыя — партыі Гайдукевіча і камуністаў. З другога боку, ёсьць Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў Беларусі. Вось ад гэтай другой Рады і можна будзе вылучыць адзінага кандыдата. Я ня думаю, што мы зможам вылучыць адзінага кандыдата разам з камуністамі ці разам зь лібэрал-дэмакратамі.

 

— Ці гатовая апазыцыя мяняць сваю праграму, зважаючы на грамадзкія настроі і зважаючы на неабходнасьць прыцягненьня шырокай падтрымкі на прэзыдэнцкіх выбарах?

— Вы маеце на ўвазе, ці будзе кандыдат апазыцыі папулістам? Я б не хацеў. Якраз папулізму мусіць быць найменей. Краіна стаіць на мяжы эканамічнага каляпсу. У такой сытуацыі патрэбныя не абяцаньні, патрэбная праўда. Каб людзі ведалі, што за 10 гадоў нявыкарыстаных магчымасьцяў Беларусь істотна адстала ад суседзяў у рэфармаваньні гаспадаркі і дабіла асноўныя фонды. У гэтай сытуацыі абяцаць істотнае паляпшэньне на пасьлязаўтра было б найгоршым папулізмам.

 

— Адной з умоваў згоды апазыцыі на выбары ёсьць стварэньне «клімату даверу». Адстаўка каго з чыноўнікаў з лукашэнкаўскага атачэньня магла б стаць для краіны сыгналам гатоўнасьці ўстанавіць такі «клімат даверу»?

— Тэхналёгія ўстанаўленьня клімату даверу шырэйшая. Яна прадугледжвае найперш вызваленьне палітвязьняў, гарантыі бясьпекі для палітэмігрантаў, каб яны маглі вярнуцца ў краіну.

Вядома, што ў атачэньні Лукашэнкі ёсьць каршукі і галубы. Да каршукоў належыць найперш група палкоўнікаў — Посахаў, Замяталін. Для посьпеху кампрамісу яны мусілі б быць выдаленыя з прэзыдэнцкага апарату. Пабачыць там здаровыя сілы цяжэй, цяжка і зразумець, лабістамі якіх сілаў выступалі там Сініцын, Сазонаў, Русакевіч, што былі прыхільнікамі палітыкі кампрамісу, а цяпер аказаліся адстаўленыя.

 

— У выпадку няўдзелу ў выбарах які сцэнар на восень мае апазыцыя?

— Добра, што мы дамовіліся правесьці Ўсебеларускі зьезд у два этапы. І ёсьць працэдура вылучэньня кандыдатаў на другі этап Усебеларускага зьезду шляхам народных сходаў, мітынгаў. Гэта можа стаць вельмі актыўнай кампаніяй па растлумачэньні грамадзтву пазыцыяў дэмакратычных сілаў Беларусі напярэдадні тых фальшывых выбараў, якія, магчыма, плянуе Лукашэнка. У нас ёсьць таксама патрабаваньне адкладаньня выбараў да тых часоў, пакуль ня будуць створаныя ўмовы для выкананьня Пецярбурскай і Стамбульскай дэклярацыяў па Беларусі. У нас вось такі ясны плян палітычных дзеяньняў, і, я думаю, Эўропа яго падтрымае.

Апроч таго, у нас ёсьць тэхналёгія вулічнага супраціву, які дае апазыцыі адчуваньне ўзрастаючай падтрымкі.

 

— Нявыхад апазыцыі на выбары не нагадвае Вам невяртаньне Пазьняка? Мо апазыцыя таму й ня йдзе на выбары, што ёй звыкла й зручна сядзець у завугольлі, выглядаць пакутнікамі на ўвесь сьвет?

— Якія рэлікты савецкай сьвядомасьці маюць тыя, хто выказвае такое меркаваньне! Быццам бы ў партыях сядзяць лапухі, якія нічога ня хочуць, якім толькі трэба выглядаць пакрыўджанымі... Гэта ж прапаганда лукашэнкаўскага кшталту, вядомая шчэ з савецкіх часоў, калі дысыдэнтаў выстаўлялі вар’ятамі і пакрыўджанымі. Гэта ж дзіцячыя размовы! Дэмакратычная апазыцыя існуе ўжо 10 гадоў, і палітыкі, якія яе прадстаўляюць, адчуваюць адказнасьць перад краінай. Партыі вельмі ўзважана прадумваюць кожны свой крок. Рашэньні не прымаюцца з бадуна! Вядома, усе мы хочам удзелу ў выбарах, хочам доступу да СМІ. Але не любым коштам. Ня коштам незалежнасьці, ня коштам легалізацыі наступстваў дзяржаўнага перавароту. Прычына крызы — у тым перавароце. Тады партыі пасьлядоўна выступалі супраць перавароту. Што, па-Вашаму, гэта таксама было памылкай, што мы не падтрымалі тое «народавыяўленьне», тую абразьлівую фальсыфікацыю?

 

— Разлом у беларускім грамадзтве цяжка пераадолець шырокімі грамадзкімі дыялёгамі і перамовамі пад эгідай АБСЭ. Прычыны разлому — у супрацьлеглых поглядах на падставовыя накірункі разьвіцьця краіны: арыентацыя на прыватную або дзяржаўную форму ўласнасьці, на Маскву ці эўраатлянтычны блёк, на беларусізацыю ці пабудову другой расейскамоўнай дзяржавы, прэзыдэнцкая ці парлямэнцкая форма кіраваньня. Кансэнсусу можна дасягчы толькі шляхам узаемных саступак. На якія стратэгічныя саступкі можа пайсьці апазыцыя, каб грамадзтва дасягнула такога дзяржаватворчага кансэнсусу?

— Факт расколу грамадзтва ня ёсьць асаблівасьцю Беларусі. Тое адбываецца ўва ўсіх постсавецкіх краінах. Кансэнсусу лягчэй будзе дасягнуць пры незалежных прадстаўнічых органах улады, незалежнай прэсе і тэлебачаньні. Ясна, што яго не дасягнеш на тэлешоў з удзелам спадара былога прэзыдэнта. Гэта — тупіковы для грамадзтва шлях. Калі б Лукашэнка пайшоў на свабодныя выбары на ўмовах аб’яднанай апазыцыі, дык апазыцыя дала б яму, як «Салідарнасьць» генэралу Ярузэльскаму, гарантыі асабістай бясьпекі, нягледзячы на больш за 400 момантаў злачынства, склад якіх знайшлі ў ягоных дзеяньнях незалежныя юрысты. Вось вам — шлях да кампрамісу. Свабодныя выбары — у абмен на гарантыі бясьпекі.

Гутарыў Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0