Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў на сваёй сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі выказаў спадзяваньне, што Беларусь да канца году разьлічыцца з Расеяй за той газ, які яна сёлета пастаўляе ў Беларусь.

Ён нагадаў, што за першае паўгодзьдзе Расея пагадзілася атрымліваць ад Беларусі толькі 55 даляраў за тысячу кубоў. Але ж вядома, падкрэсьліў амбасадар, што Беларусь прадае газ сваім жа вытворцам па поўнай цане — за 100 даляраў. Таму грошы ў беларускай дзяржавы павінны быць.

Калі ж у канцы году ўзьнікнуць неплацяжы, чаго амбасадар не выключае, дык сытуацыю, на ягоную думку, можна выправіць праз расейскі крэдыт.

Дыплямат згадаў, што Беларусь сёлета просіць у Расеі крэдыт на паўтара мільярда даляраў. Але ў расейскім бюджэце на ўсе крэдыты для краінаў СНД закладзена толькі 900 мільёнаў даляраў. Выхад, сказаў амбасадар, можна знайсьці, калі даваць крэдыт траншамі: прыкладам, сёлета 300‑500 мільёнаў.

***

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску выказаў зьдзіўленьне камэнтарамі некаторых беларускіх экспэртаў, якія лічаць, што ў намеры расейцаў будаваць нафта‑ і газаправод у абыход Беларусі ёсьць палітычны падтэкст.

«Любы вытворца змагаецца за «свой» транзыт. І гэта кожнаму зразумела — навошта губляць уласныя грошы? Таму мы і хочам, каб трубаправоды ішлі па расейскай тэрыторыі. І не патрэбна ацэньваць эканоміку з пазыцыі палітыкі», — заявіў Сурыкаў журналістам. — «А калі разглядаць усё з пункту гледжаньня беларускіх экспэртаў, дык тады я хачу спытаць іх: «А навошта менскі аўтазавод мае сваю ўласную дылерскую сетку ў Расеі? А навошта тое самае імкнецца зрабіць трактарны завод?»

Уладзімер Глод, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0