Малады фронт пераменаў

Хваля чутак і прагнозаў напярэдадні Сойму Маладога Фронту ўсьцешвае. Тое, што мы чарговы раз апынаемся ў цэнтры ўвагі, яшчэ раз сьцьвярджае ролю сёньняшняга МФ у нацыянальным руху і ўвогуле Беларусі. Невыпадкова, што спрэчкі разгарэліся менавіта перад праграмным Соймам 1 ліпеня. Гэта заканамернасьць сталеньня, якое перажывае Малады Фронт. Гэта напружаньне й боль перараджэньня. Пасьля бурнай і яркай эвалюцыі 1996—2000 г., эпохі стварэньня й станаўленьня, непазьбежна надыходзіць пакутлівы й вырашальны выбар далейшага шляху. Альбо кансэрвацыя ў сваёй ужо занятай утульнай нішы (яна зь цягам часу робіцца труной), альбо пераўтварэньне ў штосьці большае, узрастаньне й разьвіцьцё, якое патрабуе волі, высілкаў і велізарнай адказнасьці.

Ня буду ўступаць у публічную дыскусію са сваімі сябрамі й калегамі адносна таго, што нас п а д з я л я е. Лепш засяродзіцца на тых момантах, якія я д н а ю ц ь сёньня ўвесь Малады Фронт. Тут прапануем увазе чытачоў «НН» ключавыя фрагмэнты 10-старонкавага праекту «Малады Фронт пераменаў», напісанага да III Сойму МФ.

 

Сталеньне Маладога Фронту

Беларусь чакае пераўтварэньняў. Краіна прагне зьменаў, і ўсё грамадзтва спадзяецца на маладых, зьвязвае абнаўленьне й Адраджэньне зь юнымі пакаленьнямі.

Мы — Малады Фронт пераменаў, якіх чакае краіна. Мы — сьветапоглядны фронт духовага абуджэньня, які нараджае ў спустошаных маладых душах веру й любоў, адчуваньне свабоды й адказнасьці, прагу дзеяньня й нацыянальную салідарнасьць. Малады Фронт — ня лінія акопаў на мяжы з Расеяй, ня вулічны батальён у вайне з асобна ўзятым Лукашэнкам, а дабравольнае апалчэньне беларускай моладзі супраць дыктатуры й імпэрыі, усяго зла й бездухоўнасьці ў дзяржаве й грамадзтве.

Малады Фронт прайшоў заканамерны эвалюцыйны шлях ад стыхійнага выхаду на масавыя маніфэстацыі, праз вулічны радыкалізм, палітычнае шоў і сьцёб, праз культурніцтва і грамадзкае пашырэньне да цяперашняга ідэалягічнага сталеньня й шматвобразнасьці дзеяньня. На працягу апошніх гадоў Малады Фронт знаходзіўся ў эпіцэнтры змаганьня за Беларусь, у авангардзе маладзёвых настрояў, і разам зь ім мянялася ўся незалежніцкая моладзь. З штатнай фракцыі БНФ Малады Фронт ператварыўся ў найбуйнейшы рух, у якім гарманічна спалучаюцца і палітычная актыўнасьць, і культурніцкія акцыі, і вулічныя маніфэстацыі, і інфармацыйныя кампаніі.

Разам з тым сёньня Маладому Фронту самому патрэбныя ўнутраныя п е р а м е н ы. Трэба вызначаць далейшыя арыенціры ды адзіным магутным фронтам распачынаць н а ц ы я н а л ь н ы р у х м о л а д з і па ўсёй краіне.

 

Нацыянальны рух моладзі

Дванаццаць гадоў дзейнасьці БНФ заклалі пэўную грамадзкую базу ідэяў незалежнасьці, эўрапейскасьці, беларусізацыі. Такія ідэі ўспрынятыя, засвоеныя ці хаця б прысутныя сярод бальшыні моладзі. Сёньня Малады Фронт пакліканы ўжо распрацоўваць мадэлі будучых рэформаў і абуджаць краіну дзеля духовага Адраджэньня. Толькі адкрыты, моцны й папулярны Нацыянальны Рух можа стаць самім жыцьцём і вобразам дзеяньня сёньняшняе беларускае моладзі.

Нацыянальны Рух Моладзі — гэта суполкі й актывісты ў кожнай школе, вучэльні, факультэце; эфэкт прысутнасьці МФ у кожным двары й мястэчку; пранікненьне ўва ўсе маладзёвыя асяродкі й сфэры, паўсюль, дзе толькі можна.

Нацыянальны Рух Моладзі — гэта заўсёдная каардынацыя агульных дзеяньняў паміж усімі беларускімі незалежніцкімі маладзёвымі арганізацыямі, найшырэйшае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога дзеля Беларусі.

Задача Нацыянальнага Руху Моладзі ў пэрспэктыве дэмакратычных рэформаў — ператварэньне ў найбуйнейшую, разьлічаную на некалькі соцень тысячаў чалавек сыстэму нацыянальных праграмаў і ініцыятываў ад адукацыі да занятасьці, ад шоў-бізнэсу да экалёгіі.

Сёньня асноўны цяжар аб’яднаўчае працы мусіць браць на сябе менавіта Малады Фронт — прызнаны арганізацыйны й ідэалягічны лідэр беларускае незалежніцкае моладзі, фронт плыняў, структураў і ініцыятываў з максымальным геаграфічным, сацыяльным і ідэалягічным дыяпазонам, аб’яднаны нацыянальнай ідэяй, хрысьціянскімі каштоўнасьцямі ды імкненьнем да поўнамаштабных пераменаў.

 

Нацыянальная ідэя

Нацыянальная ідэя — гэта місія, наканаваньне, сэнс існаваньня народу. Спазнаньне гэтага найвышэйшага, Богам дадзенага наканаваньня, усьведамленьне сваёй унікальнасьці й непаўторнасьці, свайго прызначэньня менавіта на гэтай зямлі, у гэты час і ёсьць нацыянальнай ідэяй. З пачуцьця нацыянальнае саматоеснасьці вынікаюць і любоў да роднае краіны, і павага да іншых народаў, і разуменьне сваёй адказнасьці перад тымі, хто быў, за тых, хто будзе пасьля.

Адміністрацыйнай беларусізацыі 1992-94 г. аказалася для вяртаньня нацыянальнае сьвядомасьці недастаткова. Сёньняшні час вымагае ад нас нашмат больш глыбокае й шматвобразнае сьветапогляднае дзейнасьці, ажыцьцяўленьня сапраўднага Д у х о в а г а А д р а д ж э н ь н я. Задача новага, нашага пакаленьня незалежніцкага руху — абудзіць самае сьвятое ў душах і сэрцах моладзі, дайсьці да першакрыніцаў нацыянальнага пачуцьця.

Беларускі нацыянальны рух унікальна хрысьціянскі ў сваёй сутнасьці. Гэта яскрава выражана і ў нашых сьвятых сымбалях — бел-чырвона-белым сьцягу Хрыста, белай палатніне з крывёю ўкрыжаванага Ісуса, у духовым гімне «Магутны Божа», у «Пагоні» з крыжом Эўфрасіньні на шчыце — і ў перамозе беларускага духу над злом усіх акупацыяў, войнаў, імпэрыяў і дыктатураў. Гэтае найвышэйшае вымярэньне нацыянальнае ідэі вядзе нас і ў ахвярным змаганьні за нашу краіну, і ў штодзённай працы сярод людзей, надае нам трываласьці, чысьціні й веры там, дзе для іншых балюча, брудна ці страшна. Вось чаму для нас БЕЛАРУСЬ — ГЭТА СЬВЯТОЕ.

 

Наш вобраз Беларусі

Малады Фронт бачыць нашую краіну ня проста сярэднеэўрапейскай і дэмакратычнай. Нам патрэбная В я л і  к а я Б е л а р у с ь. Малады Фронт — ЗА БЕЛАРУСЬ як стратэгічны мост паміж Захадам і Расеяй, між Эўропай і Ўсходам, навуковы, тэхналягічны, сэрвісны й інфармацыйны цэнтар сусьветнага ўзроўню, такі, як Бэльгія, Сынгапур ці Каліфорнія; найбуйнейшы фінансавы рынак між Азіяй і Эўропай. ЗА БЕЛАРУСЬ — агмень культуры, уплывы якога сягаюць на палову кантынэнту, за д у х о в а е с э р ц а Ўсходняй Эўропы, прастору сьвятла, веры й любові ў месцы сустрэчы хрысьціянскіх канфэсіяў.

Маладафронтаўцы ўжо сёньня пакліканыя прапаноўваць грамадзтву вобраз пераменаў у саміх сабе, агітаваць уласным прыкладам. Заўтрашняя Беларусь — гэта мы самі. Таму мы пачынаем перамены тут і цяпер, кожны зь сябе самога: будзьма шчырымі й адкрытымі, моцнымі й рашучымі, упэўненымі й сумленнымі, і толькі тады стане рэальнасьцю наш МАЛАДЫ ФРОНТ ПЕРАМЕНАЎ.

 

Пагрозы

НЯНАВІСЬЦЬ. Нянавісьць да Лукашэнкі, Расеі, амонаўцаў ці сваіх «несьвядомых» суайчыньнікаў не павінна рабіцца асноўным рухачом маладзёвага супраціву. Сутнасьць нацыянальнага руху моладзі — у свабодзе й праўдзе, веры й любові, і менавіта гэтыя сілы вядуць нас у змаганьні за нацыянальную ідэю. Мы змагаемся ня супраць кагосьці, а ЗА Беларусь.

АБМЕЖАВАНАСЬЦЬ. Абмежаванае разуменьне ролі МФ у сёньняшнім нацыянальным руху можа прывесьці да імкненьня ўладкавацца ў «сваёй» утульнай нішы (напрыклад, «мы кансэрватары», «мы культурнікі» або «мы радыкалы»). Адсюль, ад абмежаванасьці, і нецярпімасьць асобных групаў моладзі ўнутры руху, якой неабходна пазьбягаць. Сэнс агульнабеларускага нацыянальнага руху ў тым, каб арганізацыйна й духова аб’яднаць усе магчымыя маладзёвыя плыні й групы на аснове нацыянальнае ідэі. МФ займаецца і грамадзкай дзейнасьцю, і палітычнымі пытаньнямі; у МФ ёсьць месца ўсім, але пры гэтым у цэнтры ўвагі, у стрыжні ідэалёгіі павінна стаяць выразная сыстэма каардынатаў: імкненьне ў Эўропу, незалежная дзяржава, перамены ў грамадзтве, хрысьціянскія прынцыпы. Ніякая з маладзёвых арганізацыяў, апроч МФ, сёньня ня ў стане задзіночыць беларускую моладзь у нацыянальны рух. Калі ня мы, дык хто?

АБЫЯКАВАСЬЦЬ. Многія, сьпярша юныя ды гарачыя, расчароўваюцца ў адсутнасьці хуткага эфэкту, робяцца абыякавымі ды спустошанымі, адыходзяць ад справаў альбо працягваюць квола варушыцца «па інэрцыі» ці «па звычцы»: «усё роўна нічога не мяняецца». Тым часам Беларусь мяняецца — паволі, але ўпэўнена. Трэба сталець і разумець, што сапраўдная незалежнасьць і духовае Адраджэньне ніколі не даюцца лёгка, за пару гадоў. Мы маладыя, поўныя сілаў, за намі будучыня, і менавіта на нас ляжыць адказнасьць за перамены ў грамадзтве. Кожная хвіліна, кожны дзень нашага змаганьня мусяць набліжаць нас да перамогі. У такі час недапушчальна расслабляцца, драмаць ці спадзявацца на іншых. Будзьма ж заўжды бадзёрымі, чуйнымі, моцнымі аптымістамі — і моладзь за намі пойдзе!

Малады Фронт — наперад!

Павал Севярынец, старшыня Маладога Фронту


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0