Яня Ждановіч

Курс маладога байца

Містычнае апавяданьне

 

Горад мёрз пад ветрам, у якім чуліся прэтэнзіі на сапраўдную зіму. На зямлю паціху апускаліся прыцемкі з усходу. Пад зямлёй было яшчэ лепш. Цягнікі мэтро не хадзілі. Наверсе на праспэкце валіў натоўп, як на стыхійнай дэманстрацыі ў якім-небудзь Бялградзе. Тралейбусы на прыпынках здаваліся бездапаможнымі й цацачнымі...

Выдатна, чорт бы іх пабраў! Ва Ўстанову цяпер давядзецца ляцець пехам! А гэта, між іншым, пад гадзіну ісьці. У яе няма ні хвіліны. Установа будзе злаваць...

Адкуль, аднак, незразумелы азарт, як пры гульні ў рулетку?

«У дурня пры гульні!» — са злосьцю абарвала сябе Сьветка.

— Ну, не расстраляюць жа яны мяне там! — супакоіла кагось услых, выцягваючы цыгарэту.

Прыяцель Сярожка шчыра засьмяяўся. Гэта было ўжо нешта. У іхнай тусоўцы цяпер сьмяяліся мала, жартавалі па-чорнаму. Толькі што літаральна на іхных вачах адбыўся чарговы злом эпохі. Цяпер тыя абломкі луналі недзе побач, у паветры, і — трэ было рыхтавацца! — вось-вось мелі абрынуцца. Напэўна, на галовы.

Усё нармалёва! Першая на чарзе — ейная галава. Чаму яна першая? Якая розьніца! Трэба прычына?

— Мо лепш не хадзі? — запытаўся Сярожка. — Што за дзялы? Хай запрашэньне шлюць! Паводле ўсіх формаў этыкету.

Сярожка меў рацыю. Чалавек з Установы парушыў «этыкет». Але розум Сьветцы сёньня захліснула глупства. Гэта была проста злосьць. І хваравітая цікаўнасьць таксама.

— А ведаеш што!..

Яна разрагаталася.

— Н-ну?! — нясьмела (дэпрэсьняк) засьвяціўся прыяцель. — Для сьмеласьці па сто грам?

— Ня выпусьцяць — буду кідацца талеркамі зь ежай. Жалезнымі! У галаву!..

— Су-у-упэр!— замілавана выдыхнуў прыяцель.

Але чым тады будуць кідацца ў яе? Штосьці тады ёй паб’ецца-паламаецца. Цьфу, халера, і думкі!

Прэч, неадкладна прэч!

Горад запальваў агні. Яны ўсё цягнуліся людным праспэктам — ад прыпынку да прыпынку, ад тралейбуса да тралейбуса.

— Спазьняцца на дзьве гадзіны ня добра нават для жанчыны, — сказаў Сярожка весела.

— А дзе тут які тэлефон?

Ну, і голас з Установы! Ён сказаў: «Чаму тэлефануеце зь нечай кватэры? Хаваецеся?»

Голас з Установы — знаёмы голас. Ён можа нават заявіць, што гэта яны з Сярожкам уласнаручна спынілі транспарт. І мэтро, і ўсё што хоч, хоць самалёт прэзыдэнта.

— Праз паўгадзіны буду. Працоўны дзень у вас, здаецца, ненармаваны!

Сьветка баялася мышэй. Яна ня ўмела таксама размаўляць з карнікамі.

— Зайздрошчу табе! — сказаў Сярожка.

— Рэмба сраны! — кіўнула Сьветка на слухаўку.

Было так шкода чагосьці, як каго забіла. Ай, навошта яна йдзе?..

— У мянта нябось закахалася? Паспрабуй, паспрабуй!

І паехаў дахаты, ужо безь ніякага дэпрэсьняку. Цяпер лезьці ў транспарт не было настрою. Нашто там стаяць, калі так і так сядзець. Чорт яго ведае, праўда, за што. За нешта...

Згадваўся студэнцкі інтэрнат, і не хацелася задумвацца, чаму, навошта й каму гэта патрэбна.

***

Шпалеры мышына-маркоўнага колеру. Зь іх усьміхаюцца карцінкі са «Шпігеля».

Прыгажуны й прыгажуні, рэклямныя прынцы й прынцэсы... Аднак гэта лухта. Нешта турбуе. Мабыць, колькі хвілінаў таму яна ў чарговы раз павялася нешляхетна.

Учора ранкам, калі насельніцтва блёку зьбіралася хто на працу, хто на іспыт, яны не заўважылі варожага дэсанту. Трубны голас прыбіральшчыцы Тамары, нядаўна падвышанай у пасадзе да «выхавальніцы», чуўся блізка, і гэтая звыкласьць падманвала. Тамара жыла непадалёк, на тым канцы калідору, каля Волечкі з Хусамам, зь якімі Сьветчын блёк сябраваў сем’ямі.

Пад вечар Сьветка спахапілася. Выявілася, што адным узмахам пяшчотнай жаночай ручкі прыбіральшчыца Тамара ўчыніла выхаваўчы жэст. Драты Сьветчынай электрапліткі — перарэзаныя. А трэба варыць вячэру.

Заставалася пайсьці падзяліцца пачуцьцямі з Тамарай.

Тамара не разумела словаў і пачала вішчэць на Сьветку нема. Ейны мужык, расьліннае стварэньне з бародкай пад жалезнага Фэлікса, зашыўся за фіранку.

— На трынаццатым паверсе быў пажар! — крычала «выхавальніца».

— У нас ня можа быць пажару! Гэта ў вас можа ён быць!

Сьветка схапіла нажніцы са стала.

— А нельга было бяз шуму? — спыталася, прыляцеўшы з рэдакцыі, Леначка.

Леначка дыпляматычна ўладкоўвала праблемы, спароджаныя сяброўкай. Цяпер яны бінтавалі плітчын дрот ізастужкай. Галовы сямействаў сёньня бавіліся на працы.

— Бедненькі-няшчасьненькі!

Леначка пацалавала рэклямнага прынца са «Шпігеля», які рэклямаваў віскі. Ізастужка згрызла белазубую ўсьмешку, быццам прынцу бразнулі па зубах люмпэны з Чыжоўкі.

Ленка сьпяшалася на выходныя да сваякоў.

— Прывітаньне майму мужу, — сказала яна. — Підмануў, підвёў!

І Волечка таксама на цягнік сьпяшалася. Дамоў, да сына, у сваё блізкае замежжа.

Эх, самота самотай! Жыцьцё маё — жысьцянка!..

Сьветка захутала ў ручнік рондаль зь ежаю. У тэлевізары паўзла крымінальная кроніка. Стралялі і ў тэлевізары за сьценкай.

Трэба пайсьці ў інтэрнацкі хол ды патэлефанаваць свайму здабытчыку! Ежа халоне.

Прыйшоў сусед Шурык. Той самы, які толькі што «підвёў» сваю Леначку. «Гэта ўсё ты!» — павярнуўся ён да свайго спадарожніка.

-- Вядомы беларускі журналіст Г.! — прадставіўся той, хто вінаваты ў спазьненьні.

Сьветка паціснула руку. Чула. Апошні раз чула сёньня ўдзень. Шукала яна яго якраз па дробнай справе. І не знайшла. І вось — сам прыйшоў.

— Лёс, Сьвецік-Сяміцьвецік! — пракамэнтаваў госьць яе скаргу.

Замочваць знаёмства з майстром пяра й паперы яна адмовілася. Трэ было рыхтавацца да здачы крытыкі. Рыхтавацца да экзамэну лепей у ваннай. Замачыць белыя джынсы. Каб у іх пайсьці здаваць... І гэта ўся крытыка на сёньня.

Потым можна выйсьці прагуляцца.

Калі яна вярнулася, Шурык стаяў у коле разявакаў у інтэрнацкім холе. Мільгала нешта плямістае. Шурык вырываўся. Ён не жадаў выконваць загад «гражданін, прайдзёмце».

«Блі-ін!» — перапужалася Сьветка.

— Ён гэта першы раз, хлопцы! Ад радасьці, што іспыты здаў, — схлусіла яна.

Старажылы інтэрнату засьмяяліся. Незнаёмыя маладыя мянты ўтаропіліся ў Сьветку зь непрыхаванай зацікаўленасьцю.

— Хадзем, сонейка нашае, — паспрабавала яна адвесьці Шурыка пад руку.

— Куды? А дзе я жыву? — лыпаў ён вачыма. — Вядомы журналіст Г., вось гаўнюк, пайшоў на двор, ты яго ня бачыла?

— Дзяўчына! Мы шчасьліваму каханьню ня ворагі! — падвялі рысу міліцыянты.

***

— Дзе гэты ваш Г.? — перапытала Волечка Іванова.

Нібыта гэта было галоўнаю праблемаю, а не трапляньне Ленчынага мужа ў мянтоўку.

Гаспадары пакою пакавалі валізы, каб ехаць у Крым, і мала ўяжджалі ў сэнс яе расказу. На экране тэліка імкліва ляцелі нейкія галы, ачкі ды сэкунды. Сьветка нэрвова рушыла на выхад.

— Мы з Івановай зойдзем разьвітацца! — суцешыў усьлед Хусам.

Насустрач плыў маўклівы цень прыбіральшчыцы Тамары. На твары змагаркі з пліткамі Сьветка раптам убачыла спачуваньне. Яна спужалася.

З суседзкага пакою ляцелі выцьцё, рогат і грукат. Па блёку шныпарыў п’яны Вядомы журналіст Г. Зь ягонай курткі зьляталі камякі бруду.

Урэшце за сьценкаю завыла так страшна, што давялося кінуцца туды. Карціна прадстала фантастычная.

На ручаях вады дрэйфавалі рэшткі паліцы для абутку. Валіла пара. Сярод лужыны мок уверх кілем Ленчын выходны чаравічак. З-пад перавернутага тазіка тырчэлі экзамэнацыйныя штаны, бел-чырвона-чорныя, са сьлядамі абутку і крыві.

Цела Шурыка валялася на былым сэрванце, сярод аскепкаў Ленчынага посуду. Сэрвант ляжаў пад ім, як труна, прысыпаная кавалачкамі шкла й парцаляны.

Вядомага журналіста Г. не было.

З рукі ў Шурыка сачылася кроў. Сьветка прынесла ёд. Шурык вырываўся й роў. Прыйшлі Хусам з Волечкай. Маштаб падзеяў іх зьдзівіў. Волеччына торба аж упала побач. Яе нехта тут жа падхапіў і галянтна ўручыў аслупянелай Івановай.

Гэта зноў быў Вядомы журналіст Г.

— Уга! — зьдзівіўся Г. — Што, засынае?

Іванова з Хусамам зьніклі. Асьмялелы Г. гучным шэптам дадаў:

— Хлоп-цы! У яго мусіць яшчэ водка быць. Як чэсныя яўрэі... Падзелім...

Скончыць ён не пасьпеў. У блёк з грукатам уварваліся міліцыянты.

Тыя самыя. Цяпер ужо незадаволеныя. Так-так, ручаі, акрываўленае шкло, сэрвант, замочаныя джынсы. Мянты змаўкаюць і суперажываюць момант. Каб у інтэрнаце магчымая была б некалі цішыня, яна б зазьвінела.

— Як цябе зваць? Я — Вядомы журналіст Г.! — апэратыўна падскочыў да мянта дасьведчаны ў разборках госьць. — Гэта ж сэнсацыя без крыміналу! Пацыент хутчэй жывы!.. Таварышу сэржанце, ён мірна сьпіць!

«Пацыент» пры гэтых словах узьняўся й зароў на мянтоў мацюкамі.

Сьветка ўзяла нататнік з нумарам тэлефона Шурыкавага сваяка. Сваяка звалі Вялікі Чалавек. Нават міліцыянты не пасьмелі б крануць ягоную вялікасьць...

***

Супэргерой замежнага баевіка ліха мачыў мафію.

Пальцы кальнула іголка. Цыраваньне не супакойвала. Ейны мужык таксама «мачыў мафію», толькі бяскроўна: разам з Вядомым журналістам Г. высьвятляў, хто вінаваты.

Антураж баевіка быў родны, як мышына-маркоўныя шпалеры.

— Бах-бах-бах-бах! — а гэта ўжо не ў тэлевізары, а ў дзьверы пакою бесцырымонна грукаюць.

Напэўна, Вялікі Чалавек.

Але на парозе стаяў ня Шурыкаў сваяк. На парозе стаяў Нехта А. Сьветка чула ад Леначкі, што Нехта А. вельмі разумны, летась скончыў суседні юрфак і цяпер ва ўсю мочыць злачыннасьць.

— Ня рухацца! — выгукнуў Нехта А. Кардоннае пасьведчаньне тыцнулася ў твар. «Нехта А. і ёсьць супэргероем. А я — мафія!»

— Пракуратура Партызанскага раёну! — працягваў Нехта А. — Будзем пісаць пратаколы?!

-- Якія пратаколы! Тут твой Шурык здыхае!

— Не аскарбляць!... Пры іспалненіі!

— А па мордзе табе не напісаць артыкулу?

Нехта А. ледзь утрымаўся на нагах. Нешта цяжкае ляснула яго па плячы і прараўло:

— Сьвіньня!

Вялікі Чалавек разам з А. пагрузілі Шурыка ў легкавік і зьвезьлі лячыцца. Сьветка й ейны муж паўночы елі халодную вячэру, запіваючы гарэлкай Вядомага журналіста Г.

Пахла крывёй і алькагольным смуродам.

Праз год у краіне пачалася дыктатура.

***

— ...Расейскай мовай валодаеце вольна?

— Так.

Установу Партызанскага раёну цікавіла, з кім яна жыве па названым адрасе.

— З сынам і хамячком, — бесклапотна сказала Сьветка.

Яна зразумела, што Нехта А. яе пазнаў.

— «Не судзімыя», — ужо добразычліва за яе адказаў сьледчы.

— Адзін раз, — сьціпла запярэчыла яна. — Суд Партызанскага раёну. Развод.

Нехта А. шчыра засьмяяўся. Усьмешка была такая самая, як раней, на дні народзінаў, задоўга да...

Якая розьніца! Яна яго ня памятае. Яна яго першы раз бачыць!

На вайне, як на вайне...

Ці ня тое крэсла, на якім яна сядзіць цяпер, былі зламалі аб ейную сяброўку Зіну? Зіна пасьля сустрэчы зь Некім А. выйшла з Установы ў гістэрыцы. Сьледчы сем разоў друкаваў Зінцы адну й тую паперку — падпіску аб нявыезьдзе. Толькі яна ўставала ісьці — ён ірваў падпіску на шматкі. І друкаваў, забаўляючыся, наступную.

І ўсьміхаўся, мабыць, як цяпер.

Яны зь Зінкай ведалі: пару гадоў таму Нехта А. закрыў справу аб забойстве. Пара мянтоў выкінула хлопца з вакна пятага паверху. Доказы меліся. Мянты павінны былі сесьці. А таму Нехта А. мог строіць зь сябе хоць караля на мянінах, хоць Рэмба-Хрэмба. На вайне, як на вайне. Усё дакумэнтальна пацьверджана, дзякуй абаяльнай Зіначцы.

Але пакуль ня А. атрымае кухталя аб Вялікага Чалавека-бацькі. Спачатку яны. Ад «бацькі нацыі».

— Вы такі малады. Чаму вам даручылі такую складаную справу, як наша? — мякка спыталася Сьветка.

Шукае сваяк былога суседа нейкіх тэрарыстаў, якія хацелі «бацьку» падстрэліць! А не інтэрвію ёй дае: Сьветка цяпер ня Сьветка, а — сьведка! Ды яшчэ — на тры гадзіны спазьняецца на допыт.

— Я ўнясу ў ваш «твор» праўкі, можна?

Складзены на яе пратакол успрымаўся як любы нармальны тэкст.

— Ня крэсьліце! Прыпішыце ў канцы, — неяк невясёла сказаў А., працягнуўшы ёй асадку.

І зірк на ейную руку.

А рука — здрада якая — задрыжэла...

А хацелася, каб такіх, як яны, Нехта А. лічыў нахабнымі. Хацелася, каб не шкадавалі, а баяліся.

Не, сонейка, ня ўмееш ты пісаць свае пратаколы. Вось! Усе мы харошыя. Вось... Калі ласка.

А біць, відаць, яе цяпер ня будуць.

— Прабач, А., раней ня змог — мэтро не працавала! — чарнявы малады чалавек з газэтай «Свабода» ў руцэ ўсьміхаўся ля дзьвярэй. — Што адбылося, чуў?

А. маўчаў, асэнсоўваючы. А ён не паверыў, што Сьветка казала праўду пра транспарт.

— Нехта кінуўся ад такога жыцьця на рэйкі, — «патлумачыла» Сьветка таму, што прыйшоў.

— Кінуўся, — нечакана пацьвердзіў чарнявы. — Адзін рабочы, якому не плацілі заробку... А скуль ты ведаеш?! Мо хто бомбу падклаў, га? — жартаўліва запытаў ён.

— Гэта я, — са сьціпласьцю ісьціннага баевіка працягвала Сьвятлана.

Чарнявы зразумеў гэта па-свойму, таму тут жа ўпікнуў, але не яе:

— Бач ты, А., трэба справу рабіць, а да цябе тут дзяўчыны!.. Прыгожыя!..

— Гэта не дзяўчына!!! — выбухнуў Нехта А. — Гэта... Сьві-дзе-цельніца!..

***

— Ну, ты даеш! — аж падскочыла ў крэсьле сяброўка.

Яны пілі каву ў кавярні «Дому Смутку», то бо Друку.

— Сымпатычны чарнявы — гэта сьледчы з гэ-бэ, зваць яго Бэ... Аб цябе ён не ламаў прадметаў абіходку?

У Зінкі яшчэ пабольвала сьпіна.

— Ён, між іншым, з Каўказу. Зь ім можна гутарыць пра раку Церак.

Сьветка думала паехаць на раку Церак, калі не пасадзяць. Карцела аднавіць свае ўменьні ў стральбе.

— Гэй, дзіця гор, прывітаньне!

За суседнім столікам сядзеў Вядомы журналіст Г. Ён піў гарэлку з калегамі. Сьветка і Г. ужо працавалі разам. Чамусьці згадаўся ягоны апошні матэрыял — пра згвалтаваньне. Паўматэрыялу апісвалася, хто, каго, куды...

— Сяміцьвецік! Праўда, што ты тэрарыстка? — Вядомаму журналісту Г. было весела. — Ну, проста сэнсацыя без крыміналу! А ты ведаеш, што я браў інтэрвію ў самога Дудаева?

На жаль, яна ня ведала.

Кампаніі ссунулі сталы ды кульнулі па пары чарак.

— Слухай курс маладога байца! Едзеш туды, але далей ад Чачэніі. У якую Назрань-Цьмутаракань. Купляеш мясцовую правінцыйную замежную прэсу. Там усё напісана. Вось і ўвесь Дудаеў! І стварай сабе шэдэўр! — зарагатаў ён.

Сам ён так, вядома, не рабіў ніколі, дадаў ён, ён жа Вядомы журналіст Г., мэтар...

— Г., а што такое «тры багатыры»?

— Во-ой! Зелень! Гэта крама на плошчы «Мінутка»!

Г. маніў. «Трыма багатырамі» называлі скульптуру Маркса, Энгельса ды Леніна на ўезьдзе ў Грозны з боку нафтакамбінату...

***

Прайшла пара гадоў. З ранейшай працы Сьветку даўно вытурылі — ці то за тэрарызм, ці то з прычыны няведаньня курсу маладога байца ад Вядомага журналіста Г.

Вакол іх зь Зінкай бурлілі ва ўсю інфармацыйныя войны. А ім хацелася інфармацыйнага міру.

Затое аб іх не ламалі крэслаў. Ні змагара з тэрарыстамі сьледчага А., ні чарнявага сымпатычнага «дзіця гор» з Установы, ні Вядомага журналіста Г. Сьветка даўно ня бачыла.

Старой cтудэнцкай кампаніі таксама не было. У госьці са старых кадраў заходзіла выключна Леначка.

***

Такім жа ветраным надвячоркам, як некалі да сьледчага А., Сьветка ішла на культурніцкую тусоўку. Хопіць дома хварэць грыпамі рознымі. Пятніца, вечар. Сумна перад выходнымі.

— Сьвецік-сяміцьвецік! — узрадаваўся голас паблізу.

Вельмі ўзрадаваўся.

Вядомы журналіст Г. доўга ўпікаў, што «зазналася». Г. даўно сядзеў за ейным былым сталом у ейным былым кабінэце.

— «У Беларусі няма правінцыі...». Памятаеш? — запытаўся Г.

На жаль, не.

— Ды тваё ж! — уразіўся Г. — Я цябе цяпер часта цытую. Я цяпер увогуле хачу музэй твой зрабіць на месцы былой тваёй працы!

Ён доўга глядзеў ёй усьлед.

Сьветка хутка сышла з культурніцкай тусоўкі. Яна ня грэла. Хацелася сьпяшацца на цягнік і кудысьці адсюль зваліць назаўсёды, што, у прынцыпе, не было праблемай.

Толькі спачатку трэ было прыдумаць, куды.

***

Некаторыя людзі даходзілі да мэтро шмат разоў, яны нават маглі дайсьці да цягніка. Але аднойчы не маглі ўзгадаць, куды ім трэба. Нехта падаў пад колы, нехта падаў на прыступкі...

Самагубствы ў мэтро кожнага разу чамусьці адбываліся пры ёй. І яна ніколі не шкадавала ахвяры. Вольнаму воля. Яна зноўку спазьнялася. І так увесь час. Калісьці так не было.

Людзі ў мэтро азірнуліся, не зразумеўшы ейнага сьмеху. Колькі яго ўвогуле, таго жыцьця?..

Сьветка думала паехаць дахаты, але выйшла на вакзале, каб пачытаць расклады цягнікоў за мяжу. Больш за ўсё хацелася на поўдзень, да імклівых горных рэчак.

Было адчуваньне абсалютнай свабоды, калі ніхто ня ведае, дзе ты, што робіш і калі вернесься.

Потым яна павярнулася ісьці ў мэтро, але ногі падкасіліся. Зьдзівіўшыся, Сьветка села адпачыць проста на цёплы асфальт.

У гэты момант у мэтро ля прыпынку тралейбуса перакрывалі рух, каб маглі прайсьці лекары «Хуткай».


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0