Навіны

 

Малады Фронт пераабраў Севярынца

МФ усё ж аказаўся пад пагрозай расколу: на Сойме старшынём пераабралі Паўла Севярынца (106 галасоў проці 45 за Аляксея Шыдлоўскага). Севярынец прапанаваў сабе ў намесьнікі Яўгена Скочку (спорт), Аляксея Чарняева (сувязь з грамадзкімі арганізацыямі), Аляксея Шэіна (прэса), Натальлю Маковік (замежжа), рэгіянальных лідэраў Сержука Бахуна (Берасьце), Андрэя Мялешку (Горадня) і Андруся Кавалёва (Магілёў), а таксама прапанаваў «апазыцыі» вылучыць аднаго з намесьнікаў са сваіх шэрагаў. Тая не пагадзілася з такой мізэрнай квотай, маўляў, Шыдлоўскі сабраў 30% галасоў, і выйшла з залі — што было хутчэй рэакцыяй на крыўдную паразу.

Павал Севярынец абяцае зрабіць усё, каб расколу не адбылося, але пакуль са сп.Шыдлоўскім не сустракаўся. Кіраўніцтва БНФ, каб не згубіць частку моладзі, прапанавала дысыдэнтам утварыць моцную маладзёвую фракцыю ў складзе непасрэдна БНФ.

Тады як Малады Фронт стае больш самастойным і, як можна меркаваць па дэлегатах, ператвараецца з камсамольскай у піянэрскую арганізацыю, а старэйшыя сябры МФ відавочна абыякавыя да яе лёсу — толькі 151 з 189 дэлегатаў далі сабе клопату прагаласаваць, нягледзячы на ўсе дыскусіі, што разгарэліся на зьезьдзе.

Б.Т.

Камуністы ў дабрачынных сталоўках

Барысаўскае габрэйскае таварыства «Сьвятло Мэноры» ад чэрвеня пачало арганiзоўваць бясплатныя штодзённыя абеды пры сталоўцы, што на цэнтральным праспэкце Рэвалюцыi, дзе харчуюцца з паўсотнi галодных барысаўцаў. Сталымі спажыў-цамi дармовага харчу зьяўляюцца ня толькi людзi, што начуюць у каналiзацыях i сутарэньнях, але й звычайныя вэтэраны вайны й працы. Некаторыя зь iх дагэтуль носяць значкi кшталту «Ударнiк камунiстычнае працы». Гады ўдарнае камунiстыч-нае працы прывялi да аднога вынiку — поўнае галечы й занядбанасьцi.

Вiталь Краўцэвiч, Барысаў

 

Краёўцы сышлі ў лес

25 чэрвеня ў Чэрвені (Ігумене) адбылося ўшанаваньне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Асобнай калёнай прыйшлі на цырымонію каля 10 чалавек з арганізацыі «Край», якіх можна было пазнаць па бел-чырвона-белых сьцягах зь дзьвюма чорнымі стужкамі. Мясцовая міліцыя і КГБ ня здолелі іх затрымаць, выклікалі яшчэ амонаўцаў зь Менску, але краёўцы пасьпелі схавацца ў лесе і зьніклі. Краёўцы ўдзельнічалі таксама ў нядаўнім ушанаваньні памяці расстраляных саветамі вязьняў мядзельскай турмы.

Чорны Война

Грыб патрабуе беларускага суду

Ян Грыб, які быў затрыманы 19 траўня каля гарсуду ў Менску пад час абвяшчэньня прысуду М.Чыгіру, ад судзьдзі Вікторыі Сьцяпанавай запатрабаваў, каб яна вяла суд па-беларуску. Судзьдзя падумала-падумала і сапраўды перанесла працэс на 4 ліпеня і паабяцала забясьпечыць перакладчыка. Сёньня суд пакажа, ці паўплывае гэта на вынік.

Б.Т.

Праяжджае Філарэт

Яшчэ адным фарпостам расейскага праваслаўя паболела на Барысаўшчыне. 24 чэрвеня была асьвечаная Спаса-Праабражэнская царква ў вёсцы Вяляцiчы. Асьвяцiў бажнiцу сам Фiларэт, якога, не раўнуючы Лукашэнку, з кветкамi сустракалi старшыня Барысаўскага райвыканкаму з намесьнiцай, дырэктары мясцовага саўгасу й сярэдняй школы. Апрача таго, экзарх падараваў царкве абраз i агалосiў свой наказ з даручэньнем бацюшку Хведару Чарнякову «абкармляць» яшчэ й прыхаджанаў Сьвята-Ўсьпенскае царквы суседняй вёскi Зорычы, што да камунiстаў называлася Сморкi. Прашпацыраваўшы па алеі герояў i ганаровых грамадзянаў вёскi, зазiрнуўшы ў тутэйшы музэй i пажадаўшы многiя лета люду, Фiларэт зьехаў у Менск.

Лявон Iгнатовiч, Барысаў

 

На Полаччыне — шасьцізначныя нумары

З 1 ліпеня ў нумарох тэлефонаў у Полацку й Наваполацку будзе 6 лічбаў. Перад наваполацкімі нумарамі трэба набіраць дадатковую «пяцёрку», а перад полацкімі — «чацьверку». Зьмяніліся й міжгароднія тэлефонныя коды гэтых гарадоў. Каб датэлефанавацца, пасьля «васьмёркі» трэ будзе набіраць 0214 і дадаваць 6-значны нумар.

 

Мэдалістаў шмат, беларусаў вобмаль

811 наваполацкіх юнакоў і дзяўчат скончылі сёлета сярэднюю школу. Сярод выпускнікоў аж 62 мэдалісты (летась было 75). Больш за палову мэдалёў па традыцыі «адхапілі» навучэнцы ліцэю пры Полацкім дзяржаўным унівэрсытэце — 7 залатых і 25 срэбных.

Апошнія гады 60% выхаванцаў наваполацкіх сярэдніх школ паступаюць ува ўнівэрсытэты Беларусі ці замежжа (сярэдняя ж лічба на Віцебшчыне — толькі 35%).

А ў верасьні ў 15 школ гораду прыйдуць каля тысячы шасьцігодкаў. З 50 першых клясаў у наступным навучальным годзе толькі адзін будзе беларускамоўны. І тое, калі дастатковая колькасьць бацькоў наважыцца падаць адпаведныя заявы. Нагадаем, што паводле апошняга перапісу 23% жыхароў Наваполацку лічаць сябе расейцамі па нацыянальнасьці. Гэта населены пункт з самай вялікай у вобласьці адноснай колькасьцю расейцаў.

Андрэй Аляксандраў, Полацак 

 

Затрымалі на фэсьце за нацыянальны сьцяг

24 чэрвеня на гістарычным фэстывалі ў Наваградку мясцовая міліцыя затрымала трох гасьцей зь Берасьця, што размахвалі бел-чырвона-белым сьцягам — Сержука Бахуна, Базыля Андрасюка і Юрася Шульгана. Супрацоўнікі міліцыі сьцьвярджалі, што бел-чырвона-белы сьцяг забаронены. Але хлопцы міліцыянтаў пераканалі, што нікім наш штандар не забаронены.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0