пазытывы

Ля гасьцінца старога...

 

А над табою, у бездані ліпеньскага неба, нібы ветразь, старая бяроза пры белым і пыльным шляху. Край пры дарозе. Бацькаўшчына.

Тысячу гадоў нам шанцуе з дарогамі. Ня тое, што яны ў нас надта добрыя, проста нас не аб’ехаць. Ніколі й не аб’яжджалі. Спачатку, праўда, больш плавалі: Дняпром і Дзьвіной, Нёмнам і Вяльлёй, магутнай Прыпяцьцю і рудым Бугам. Потым па чыгунцы, а па вайне, у дадатак, па паралельных аўтатрасах лятуць дзень і ноч на Маскву і Бэрлін, на Пецербург і Адэсу.

Прыкладна 200 000 паездак за год рабілі праз наш край замежныя аўтаперавозчыкі. Чаму рабілі? Бо за мінулыя паўгады пільныя назіральнікі, якіх у нас, як на сабаку скочак, не далічыліся амаль 12 000 гасьцёў.

Той бяды! — скажа абыякавы да эканомікі грамадзянін і зробіць буйную памылку. Бо ў выніку антыбеларускіх паводзінаў кіроўцаў буйнагабарытнага транспарту мы страцілі 3 500 000 паўнавартых амэрыканскіх даляраў толькі на розных зборах і паборах.

Чаму? Бо суседзі нашы, Украіна і Літва з Латвіяй, дай ім Бог здароўя, бяруць у тры разы меней за нас з аднаго падарожнага.

А ў нашых аўтаперавозчыкаў яшчэ й іншая бяда. Пад бокам у нас Эўропа. Эўропа ўвяла больш жорсткія экалягічныя нормы для грузавых аўтамабіляў. Таму нашы дзьве тысячы прыватных перавозчыкаў вымушаныя інтэнсіўна абнаўляць аўтапарк. Каб захоўваць канкурэнтаздольнасьць, ім патрэбна мінімум па 100 новых машынаў з фурамі штогод. Бралі іх у лізінг (гэта арэнда з наступным выкупам), бо замежных крэдытаў Беларусі ніхто не дае. Лізінгавыя кампаніі лепшых у Эўропе аўтазаводаў паставілі ў Беларусь каля 5000 машынаў. Але дзеля таго, што падаткі на адну машыну ў краінах Эўразьвязу на 15% меншыя за нашы, нашы аўтаперавозчыкі страчваюць магчымасьць расплаціцца за тыя машыны і аказваюцца перад пагрозай іх канфіскацыі.

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0