Тут Беларусь, тут Русьсю пахне

 

Так, словамі вядомага беларускага барда, будзе добра сказаць пра фэст старажытнай культуры, што адбыўся ў мінулыя выходныя ў Наваградку. Ідэя вельмі файная — рыцары на вуліцах старое сталіцы, сярэднявечная музыка, двубоі, штурм на Замкавай Гары....

Яшчэ ў першы дзень фэсту раніцай у лягеры на возеры Ліцьвінка рыцараў падзялілі на тры часткі — ліцьвіны, крыжакі і рускія. Паводле сцэнару — г.зн. уяўленьняў арганізатараў аб гісторыі, пад час інсцэнізаванага штурму Замкавай Гары крыжакамі (1314 год), у вырашальны момант на дапамогу ліцьвінам прыходзяць рускія, і разам братнія народы перамагаюць крыжакоў! Вядучы, а за ім і галоўны камандзір фэсту расеец Сакалоў увесь час гучна, празь мікрафон называлі прысутных няйначай як «господа», а краіну, куды гэтым разам прыехалі пабіцца на мячах, — «Белоруссія». Няўжо ў Беларусі бракуе сваіх знаўцаў сярэднявечча? І ці не абраза гэта — у нашай старажытнай сталіцы, ды хоць бы адно слова па-беларуску?.. Хоць усе фундатары, здаецца, айчынныя...

Адзін з рыцараў у прыватнай размове сказаў мне, што правядзеньне такога фэсту ў Наваградку наступным разам будзе праблематычным з-за таго, што «зараз арганізатары пабачылі пад час мерапрыемстваў шмат бел-чырвона-белых сьцягоў ды пачулі шмат беларускамоўных». Вось так, калі хочаш фэсту — хадзі з анучай ды гавары па-расейску.

Але дух старога Наваградку, падсьвядома дзейнічаючы на прысутных, ўсё адно перамог. Ён вечны, а расейскія «камандзіры» прыяжджаюць і ад’яжджаюць.

Аляксей Дзікавіцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0