Згублены ў акіяне архіпэляг прагне незалежнасьці

 

Амаль штогод на палітычнай мапе сьвету зьяўляюцца новыя дзяржавы, а на флягштоку каля ААН — новыя сьцягі. Па першай сусьветнай вайне у сьвеце налічвалася каля 50-ці гаспадарстваў, цяпер іх колькасьць павялічылася да 200. Сярод новых дзяржаўных утварэньняў колькасна пераважаюць невялікія, і нават мікрагаспадарствы. Асабліва шмат іх у Ціхім акіяне, на выспах з раскошным кліматам. Але ня ўсім так пашчасьціла. Некаторым лёс наканаваў жыць паблізу Паўночнага Лёдавага акіяну. Дык жа і гэтым таксама карціць стаць сябрамі ААН. Вось чаму фарэрцы накіравалі ў Капэнгаген дэлегацыю для перамоваў са старэйшым братам аб рэалізацыі права Фарэрскіх абтокаў на самавызначэньне.

Што мы ведаем пра Фарэры? На мапе цяжка адшукаць невялікі архіпэляг, які складаецца з 18 выспаў і знаходзіцца між Ісьляндыяй ды Шатляндыяй. З 1035 году архіпэляг быў інкарпараваны ў склад нарвэскага каралеўства. У 1350 годзе выспы разам з Нарвэгіяй задзіночыліся з Даніяй. У 1814-м Нарвэгія стала падуладнай Швэцыі, а статус абтокаў заставаўся нявызначаным да 1850 году, калі Данія канчаткова ўключыла іх у склад свайго каралеўства. У 1946 годзе на Фарэрскіх выспах быў наладжаны плебісцыт па пытаньнях узаемадачыненьняў паміж абтокамі й Даніяй, які ня даў пэўных вынікаў. У 1948-м архіпэляг атрымаў права мясцовага самаўраду. Фарэрскія выспы, як і Грэнляндыя, упарта не жадаюць уваходзіць у Эўрапейскі Хаўрус. Мясцовыя жыхары баяцца ўбачыць гішпанскія й францускія рыбалоўскія вадаплавы ў сваіх тэрытарыяльных водах.

Ужо на працягу стагодзьдзя фарэрцы, якіх цяпер налічваецца аж 45.000, мрояць выйсьці ў адкрытае мора пасьля 600-гадовага дацкага ўладарства. Ім ужо належыць вялікі кавалак сувэрэнітэту: уласны штандар, месца ў Паўночнай радзе і, нават, самастойная нацыянальная футбольная дружына. Але для тутэйшых жыхароў гэтага недастаткова. Яны страцілі давер да дацкай «маці-айчыны» пасьля банкаўскага скандалу, які адбыўся ў 90-я гады. Лягічным вынікам гэтае фінансавае крызы стала перамога ў 1998 г. на мясцовых выбарах незалежніцкай кааліцыі, што складаецца як з буржуазных, так і зь левых партыяў.

Варта зазначыць, што не пашанцавала Даніі з калёніямі. Вось Бэльгія ў свой час захапіла Конга, Галяндыя — Сурынам ды Яву. Як ні круці, а прыбытак зь іх нейкі быў: кава, бананы, тытунь. Які зыск можна мець зь Ісьляндыі, што перакладаецца як «ледзяная зямля», ці з Грэнляндыі, якая на 90% пакрытая ільдом? Фарэрскія абтокі таксама не Багамы.

Незалежнасьць — гэта добра, але экспарт Фарэрскіх абтокаў на 95 адсоткаў складаецца з рыбы й рыбапрадуктаў. Гэтага не дастаткова для пакрыцьця ўсіх выдаткаў. Таму штогод «мэтраполія» выдатковае 950 мільёнаў крон (128 мільёнаў эўра) на ўтрыманьне інфраструктуры «калёніі».

У верасні 1999 году ў Торсхаўне, сталіцы архіпэлягу, адбылася прэзэнтацыя «белай кнігі», у якую, разам з гістарычным экскурсам Фарэраў, уваходзіць плян паступовага пераходу да незалежнасьці на працягу 15-ці гадоў. На думку распрацоўнікаў праграмы, за гэты час Фарэрскія выспы мусяць патроіць свой валавы нацыянальны прадукт. Вялікае спадзяваньне фарэрцы ўскладаюць на нафту, радовішча якой было знойдзена каля іх берагоў. Засмучае іх толькі той факт, што здабыча чорнага золата распачнецца не раней за 2005 год.

Дазволю сабе кароткі адыход ад тэмы, каб паразважаць над роляй нафты як чыньніка, які ўмацоўвае сувэрэнітэт шмат якіх дзяржаваў. Нафта прынесла росквіт арабскім краінам, незалежнасьць якіх гарантуецца вайсковымі фармаваньнямі заходніх краін-спажыўцоў гэтага стратэгічнага прадукту. Расея вельмі ўважліва сочыць за ваганьнямі коштаў на нафту, бо ад гэтага залежыць, ці будзе бюджэт краіны дэфіцытным. Пэўныя субнацыі, якія змагаюцца за пабудову ўласнай дзяржаўнасьці, выкарыстоўваюць наяўнасьць нафты ў якасьці дадатковага аргумэнту на карысьць змаганьня за палітычную самастойнасьць. Напрыклад, калі на шэльфах паблізу Шатляндыі пачалася здабыча чорнага золата, дык Шатляндзкая нацыянальная партыя абвясьціла лёзунг «Do you wish to be rich Scotts or poor British?» (Жадаеце быць заможнымі шкотамі ці беднымі брытанцамі?).

Але вернемся да канфлікту паміж каралеўствам і архіпэлягам. Якой была рэакцыя «каляніяльнай дзяржавы» на патрабаваньні сэпаратыстаў? «Гарачыя» дацкія хлопцы паводзяць сябе вельмі трывуча ды памяркоўна. Яны не пасылаюць аддзелы камандас для аднаўленьня «канстытуцыйнага парадку» на «спрадвеку» дацкай тэрыторыі. Данія згодная даць волю Фарэрскім выспам, але на іншых умовах. Паводле афіцыйнага Капэнгагену пераходны да незалежнасьці пэрыяд мусіць скласьці да 3-4 гадоў, на працягу якіх абтокі не атрымаюць ані шэлегу. Дацкі ўрад не жадае заставацца «дойнай каровай» для правінцыі, якая зьбіраецца выйсьці са складу краіны. Згодна з апытаньнямі грамадзкае думкі, 68 адсоткаў данійцаў прыхільна ставяцца да незалежнасьці выспаў. 18% выказваюцца ў гэтай справе адмоўна. Цікава зазначыць, што ў 1995 годзе колькасьць супраціўнікаў наданьня Фарэрскім выспам статусу незалежнай дзяржавы дасягала 34%.

Такая рэакцыя зьявілася для фарэрскага ўраду непрыемнай неспадзеўкай. Ён меўся атрымліваць дацкую фінансавую «манну» сама менш гадоў дзесяць. Зь іншага боку, такі паварот лёсу не скарыў іх ды не пакінуў у роспачы. Ведаючы, што бяз дацкай дапамогі фарэрцам будзе цяжка, рашучыя й моцныя духам паўночнікі ўсё ж вырашылі наладзіць увосень рэфэрэндум аб незалежнасьці.

Каб пераканаць амаль палову насельнікаў архіпэлягу, якія яшчэ ня вызначыліся, ці варта ім ісьці на такі рызыкоўны крок, сэпаратысты прапанавалі формулу, якая нагадвае статус краінаў-сяброў Брытанскае Садружнасьці: дацкая каралева застанецца намінальным ачольнікам Фарэрскіх выспаў, а дацкая крона —грашовай адзінкай абтокаў, пакуль Данія не далучыцца да зоны эўра.

Калі фарэрцы выберуць волю, дык іх будуць чакаць цяжкія выпрабаваньні. Каб зразумець іх памкненьні, працытуем урывак зь белай кнігі: «Сувэрэнітэт дазваляе мікрадзяржавам мець простыя дачыненьні з замежнымі гаспадарствамі ды міжнароднымі арганізацыямі, якія зьяўляюцца вельмі важнымі дзеля абароны інтарэсаў краіны».

У нашым стагодзьдзі цяжка адшукаць прыклад, калі дзяржава ці народ дабраахвотна адмовіліся б ад незалежнасьці. Наадварот, у апошнія гады ў Заходняй Эўропе назіраецца ўздым сэпаратызму. Ня ўсё так добра з Эўрапейскім Зьвязам, які часьцяком прыгадваецца нам у якасьці ўзору інтэграцыі. Пабудова Эўрапейскай Фэдэрацыі, на якую ускладаюць надзеі эўрааптымісты — гэта справа далёкай будучыні. На гэты ж момант назіраецца нават пэўны рэгрэс у развіцьці Хаўрусу, выкліканы нестабільным курсам эўра ды ўзмацненьнем у многіх краінах палітычных плыняў эўраскептыкаў, якія выступаюць супраць пашырэньня паўнамоцтваў наднацыянальных структураў. Яны лічаць, што далейшае аб’яднаньне выклікае поўную страту сувэрэнітэту дзяржаваў-нацыяў, што ўтвараюць Эўрапейскі Хаўрус. Можа й беларусам ня трэба сьпяшацца страціць тое, што маюць, бо другога 1991-га году дакладна ўжо ня будзе.

Зьміцер Хадакоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0