Лукашэнка падмане

Старшыня БНФ Вінцук Вячорка на просьбу карэспандэнта «НН» камэнтуе рашэньне Кангрэсу Дэмакратычных Сілаў ня йсьці на восеньскія выбары на ўмовах Лукашэнкі

 

— Ісьці ці ня йсьці... Само абмеркаваньне гэтае праблемы ў друку паказвае, што ня ўсе людзі, якія адназначна стаяць за незалежнасьць Беларусі, перакананыя ў тым, што апазыцыя робіць слушны крок. Некаторыя кажуць: усё адно палітыка — брудная рэч, трэба ў яе ўлезьці, каб хоць нейкім чынам у ёй прысутнічаць. Ці існуюць неабвержныя доказы таго, што ісьці ні ў якім разе нельга?

— На Кангрэсе былі прысутныя сем партыяў з сваімі паўнамоцнымі дэлегацыямі, а таксама прадстаўніцтвы многіх дзясяткаў няўрадавых арганізацыяў, прафсаюзаў, нашыя выдатныя інтэлектуалы, прэса. І практычна ўсе: і людзі з дэмакратычным радаводам, і з больш намэнклятурным, і рамантыкі, і цынікі-прагматыкі, — згаджаліся з тым, што ў Лукашэнкаву гульню гэтым разам увязвацца нельга. Усё роўна падмане. Памятаеце, як калісьці сам Лукашэнка казаў, заклікаючы людзей не ісьці на выбары Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня? Не хадзіце, усё раўно абмануць. Дык вось, мы цяпер пераадрасоўваем гэты пас яму. Падмане.

Будзе так, як было ў глухія гады камунізму, калі, спрабуй ты вылучаць альтэрнатыўных кандыдатаў, спрабуй ты даведацца нешта аб працы выбарчых камісіяў, спрабуй ты забясьпечыць міжнароднае назіраньне, — толку ня будзе. Падмануць. Напісаны такі выбарчы закон, з такой сыстэмай падліку галасоў, у якую, як кажуць, мыш не праскочыць. Усё зроблена паводле запавету таварыша Сталіна: перамагае ня той, хто набірае найболей галасоў, а той, хто лічыць галасы. Гэта па-першае.

Па-другое, восеньскія выбары паводле лукашэнкаўскага сцэнара і гэтага жудаснага закону — каму яны найперш патрэбныя? Самому Лукашэнку. Бо нават калі ўявіць, што будуць справядліва галасы падлічаныя, што міжнародныя назіральнікі ўгледзяць там яўную хлусьню і гэтага будуць баяцца Лукашэнкавыя стаўленікі на месцах, усё роўна, калі ні ў кога: ні ў сацыялістаў, ні ў аб’яднаных грамадзянаў, ні ў БНФ, ні проста ў сумленных беспартыйных кандыдатаў, — няма і хвілінкі тэлевізійнага эфіру, а іхныя супернікі на чале з самым галоўным запалоняць увесь гэты эфір (ды яны і так яго запаланілі зараз) — як данесьці слова праўды да людзей? Як не дапусьціць той хвалі паклёпу, якая і цяпер ужо, зрэшты, выліваецца на галовы апанэнтаў Лукашэнкі, а будзе яшчэ мацнейшая?

І — самае галоўнае. Менш відавочнае, але галоўнае пытаньне ў тым, куды выбірацца? Так, для тых, хто хоча цёплай кармушкі, утульных калідораў для інтрыжак каля дыктатарскай улады, гэтыя выбары — прамая дарожка да раю. Таму яны й шчэмяцца цяпер на гэтыя выбары, таму яны й спрабуюць цяпер размыць нашыя мазгі і пераканаць — хлопцы, вы ідзіце туды, вам там гарантаваныя акругі, вы пераможаце, у вас будзе свая апазыцыя, вы будзеце з гэтай апазыцыяй там нешта абвяшчаць. Дык вось, нам ня трэба цёплыя калідорчыкі прадажнай улады. Гэтая структура, якая толькі называецца парлямэнтам, ня мае ніякіх рэальных магчымасьцяў зьмяніць сытуацыю.

У 96-м годзе Лукашэнка забраў усё, што толькі можна, у так званай палаты прадстаўнікоў і ўпісаў гэта ў сваю канстытуцыю. Яна ня мае права нават толкам ухваляць бюджэт, яна ня мае права зацьвярджаць бальшыню асноўных міністраў, яна ня можа пераадолець прэзыдэнцкае вэта ці прэзыдэнцкі дэкрэт. Гэта значыць, калі Лукашэнка выдае распараджэньне ў форме ўказу або дэкрэту, зьвязанае са стратай нашай незалежнасьці, гэты псэўдапарлямэнт ня можа нічога супрацьпаставіць такому распараджэньню.

І я прагназую, што будзе так: калі мы альбо хтосьці з нас пашчэміцца ў гэты, напісаны ў Крамлі сцэнар, так званая апазыцыя здабудзе пяць з паловай месцаў у гэтым лукашэнкаўскім ручным парлямэнце, у тэатры марыянэтак. З-за таго, што хтосьці з нас пагаджаецца туды ісьці, Захад, Эўропа прызнае такі парлямэнт. Ну, калі ўжо мы пагадзіліся, дык што ж ужо Эўропа будзе ўпірацца? Таксама прызнае. І найпершыя рашэньні, пастановы, законапраекты, якія лягуць на стол ручнога сьпікера гэтага ручнога парлямэнту — будуць рашэньні, пастановы, дамовы аб так званым саюзе з Расеяй, антынезалежніцкія пастановы і дамовы.

Пуцін — спрактыкаваны кагэбіст, палкоўнік як-ніяк, шпіён са шматгадовым досьведам, і ён разумее, што для таго, каб ня мець міжнароднага супраціву ціхай паўзучай інкарпарацыі Беларусі, трэба, каб тут усе інкарпарацыйныя крокі штампаваў прызнаны міжнароднай супольнасьцю, але, у той жа час, ручны парлямэнт. Вось куды нас зацягваюць.

Цяпер што да палемікі, якая ідзе ў прэсе. Ня можна казаць, што мы (я кажу за БНФ, але пасьля ўчорашняй пастановы напэўна можна казаць і за кааліцыю дэмакратычных сілаў) баімся. Мы ня толькі не баімся выбараў, мы прагнем і дамагаемся сапраўдных дэмакратычных выбараў (Божа мой, нават напалову дэмакратычных!), якія былі б тым стадыёнам, на якім можна ўчыніць спаборніцтва. Мы ішлі на выбары 90-га году, але тады былі рэальныя магчымасьці агітацыі і контрагітацыі, распаўсюду ўлётак, можна было спатыкацца зь людзьмі на вуліцах і дварах, не рызыкуючы, што твае давераныя асобы будуць пабітыя міліцыяй. Цяпер гэтага нічога няма, магчымасьцяў такіх няма.

То бок, мы не баімся выбараў, мы дамагаемся выбараў, мы патрабуем выбараў. Шлях да новай дэмакратычнай Беларусі ляжыць праз выбары. Але дайсьці да гэтых дэмакратычных выбараў нам трэба ня той дарожкай, якую нам намаляваў Лукашэнка, бо гэта аблудная дарожка. Мы іх даможамся іншым шляхам.

У нас ёсьць моцная кааліцыя. У нас ёсьць аб’яднаньне палітычных партыяў, прафсаюзаў, няўрадавых арганізацыяў, аб’яднаньне агульнабеларускае, паразуменьне Менску і рэгіёнаў. Рэжым не стабільны, у яго няма (як і не было) міжнароднай падтрымкі, асабістыя дачыненьні Лукашэнкі з Пуціным таксама даволі няпростыя: Пуцін ня супраць быў бы памяняць Лукашэнку на некага роўнага, або болей ручнога, але больш прымальнага праз Захад. З гэтай прычыны кіроўную кліку разьдзіраюць інтрыгі, эканамічнае становішча фатальнае. І таму сапраўды моцны агульнабеларускі рух, хай хоць крыху аналягічны таму, які быў у Польшчы напрыканцы 80-х альбо ў Чэхіі напярэдадні Аксамітных дзён, можа прывесьці да ўзнаўленьня канстытуцыйнай законнасьці.

У кожным разе, існуе варыянт нумар адзін. (Тое, што я апісаў, — гэта варынт нумар два.) Гэта — ціснуць на рэжым зь сярэдзіны і, у спалучэньні зь цьвёрдай пазыцыяй звонку, разьлічваць, што рэжым сапраўды пойдзе на выкананьне ведамых чатырох умоваў:

1) паўнамоцны парлямэнт;

2) дэмакратычны выбарчы закон;

3) рэальны доступ апазыцыі да тэлевізіі;

4) зьмена палітычнай атмасфэры (звальненьне палітычных вязьняў і так далей).

— Няўдзел апазыцыі ў гэтых выбарах можа азначаць далейшую маргіналізацыю дэмакратычных сілаў. Што вы прадпрымаеце, каб кампэнсаваць сваю адсутнасьць на гэтым афіцыйным лукашэнкаўскім палітычным полі, каб вас бачыў народ?

— З гледзішча маральнага, для мяне асабіста маргіналізацыя — гэтак якраз пераход у лукашэнкаўскае палітычнае поле. Што, усе гэтыя Красуцкія, Жушмы, Кулакоўскія — яны што, палітычныя постаці, палітычныя фігуры? Што толку з таго, што іх паказвае лукашэнкаўская тэлевізія? Яны ж ня сталі з-за гэтага ніякімі рэальна прысутнымі ў сьведамасьці нашых людзей. То ня трэба мець ілюзіяў, што калі хтосьці з нас улезе ў лукашэнкаўскае палітычнае поле, стане так званай сыстэмнай апазыцыяй, што яго раптам пачне паказваць БТ альбо ён здолее вольна разьяжджаць па краіне, мець дэпутацкі імунітэт, ладзіць апазыцыйныя мітынгі... Няпраўда ўсё гэта. Такая шырма патрэбная Лукашэнку толькі на сам момант выбараў, каб іх прызналі, а далей будзе тое самае, што было пасьля 96-га году: пасадкі, як здарылася з Клімавым, Кудзінавым і з тым жа Лявонавым.

А для таго, каб ісьці да людзей, для таго, каб мець моцны голас, не абавязкова ісьці ў «палатку». Для гэтага проста трэба ісьці да гэтых самых людзей. І мне здаецца, за апошні год, калі мы многае ўразумелі (ва ўсякім разе, мы — у Фронце), пераадолелі нашу ранейшую ізаляванасьць, перасталі баяцца кааліцыяў, калі пачалі нарэшце рэалістычныя палітычныя сцэнары выпрацоўваць, мы ведаем — у нас ёсьць сіла ладзіць і масавыя акцыі, і страйкі, і хадзіць ад парога да парога — да людзей, і змагацца, як гэта робяць многія фронтаўскія структуры ў Бабруйску, Баранавічах, Мар’інай Горцы. Змагацца за штодзённыя пабытовыя патрэбы людзей — будзь то гарачая вада, сьвежы хлеб або маршрут тралейбуса, і ў гэтым сэнсе мы здолеем, дзякуючы таму, што ў нас ёсьць структуры і ідэя, супрацьпаставіць лукашэнкаўскай выбарчай кампаніі ня менш эфэктыўную кампанію за сапраўды дэмакратычную незалежную Беларусь — у тыя ж тэрміны.

Гаварыў БКЗ


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0