ВОДГУКІ

 

Калябарацыя — не злачынства

Калі некаторыя савецкія патрыёты ганьбяць беларускіх нацыяналістаў, што тыя супрацоўнічалі з фашыстамі, дык узьнікае пытаньне, няўжо было б лепей, калі б пад час акупацыі былі школы не на беларускай мове, а на нямецкай? Няўжо лепей было б, каб вісеў не беларускі сьцяг, а нямецкі? Можа лепей было б, каб у адміністрацыі сядзелі не свае людзі, а немцы? Але пры ўсім гэтым супрацоўніцтве зь немцамі ці ёсьць хоць адзін прыклад, каб ідэйны беларускі нацыяналіст запляміў сябе ў злачынствах супраць чалавецтва?

Было б добра, каб «Наша Ніва» прысьвяціла нумар судовым справам па абвінавачаньнях у саўдзеле ў генацыдзе — каб паказаць, што сярод іх ніводнае злачынства не было зроблена на глебе беларускага нацыяналізму.

Яшчэ адно дурное сьцьверджаньне, якое не вытрымлівае крытыкі, — «каты хаваюцца за акіянам ад правасудзьдзя». Усім вядома, што за мяжой ваенныя злачынствы ня маюць тэрміну даўнасьці, і калі б беларускія эмігранты сапраўды былі катамі, іх бы даўно там засудзілі б.

Віталь Станішэўскі, Менск

 

Высоцкі застаецца лідэрам БПС

Тыдзень таму газэта адгукнулася на чуткі пра раскол у Беларускай Партыі Свабоды. Аказалася, што гэтыя зьвесткі, мякка кажучы, перабольшаныя. Кіраўніцтва партыі ня толькі абвергла такую інфармацыю, але й выказала меркаваньне, што гэтая «качка» запушчаная наўмысна пэўнымі спэцслужбамі з мэтай дыскрэдытацыі БПС, якая ў апошні час дасягнула, як пішацца ў заяве партыі, «росту папулярнасьці» і «бясспрэчных перамог у барацьбе з расейскім фашызмам». Гэтак, менавіта сябры БПС разграмілі штаб-кватэру берасьцейскага РНЕ. У сваёй заяве БПС падкрэсьлівае, што «БПС была й застаецца адзінай і непадзельнай арганізацыяй беларускага народу на чале са сп.Высоцкім».

 

Нямецкае пасольства абвяргае

У газэце «Наша Ніва» ад 05.06.2000 пад назвай «Быкава не выпускаюць зь Нямеччыны» паведамляецца пра тое, што вядомы беларускі пісьменьнік Васіль Быкаў ня змог паехаць у Варшаву на прэзэнтацыю свайго твору «Сьцяна», бо нямецкія ўлады падоўжылі яму візу на знаходжаньне толькі як аднаразовую. Гаворыцца таксама, што спадар Быкаў ня мае болей магчымасьці зьехаць зь Нямеччыны, бо ён ня можа вярнуцца назад.

Гэта насамрэч не адпавядае рэчаіснасьці. Паводле зьвестак Бэрлінскага зямельнага ведамства па пытаньнях рэгістрацыі жыхароў, спадар Быкаў з 30 траўня 2000 г. мае права на пражываньне, якое і пры выезьдзе зь Нямеччыны не губляе моцы. Па ім спадар Быкаў можа шматкроць уязжаць у Нямеччыну.

Часовы Павераны ў Справах Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччыны ў Рэспубліцы Беларусь Штэфан Дэльфс

(пераклад з расейскае наш)

 

Не ад Амэрыга

Удакладненьне да вашай рубрыкі пра гістарычныя міты.

Няпраўда, што «Амэрыка» называецца паводле нейкага Амэрыга Вэспучы, штурмана італьянскага паходжаньня.

Гішпанскае напісаньне ягонага імя Albrico Vespuccio, лацінскі варыянт, найбольш пашыраны ў ХVІ ст. — Albericus Vespuccius. Таму ператварэньне Albericus у America патрабуе філялягічных нацяжак. Найбольш верагодна, што імя «Амэрыка» мае індзейскае паходжаньне і бярэ свой пачатак у Цэнтральнай Амэрыцы ў Нікарагуа, дзе ў правінцыі Чонталес існуе горны ланцуг з той самай назваю. Канчатак -ік (у гішпанізаванай хворме — -іка, -ікэ) пашыраны ў назовах мясьцін у мовах індзейцаў Цэнтральнай Амэрыкі і Карыбскага басэйну. Літаральна назоў «Амэрыка» азначае «вялікі, узвышаны, які выступае» і тычыцца горных вяршыняў невульканічнага паходжаньня.

Назоў «Амэрыка» быў вядомы і ўжываўся ў вуснай форме тагачаснымі падарожнікамі. Блытаніну зрабіў выдавец Вальдзэемюлер, выдаўшы ў 1508 годзе карту Новага сьвету з некарэктнымі надпісамі на ёй.

Мікола Бусел, Дуброва

 

ЗА ШТО ЛЮБЯЦЬ БЕЛАРУСА

Ваша газэта любіць даваць беларусам характарыстыкі, а таксама пісаць, які беларус — добры або дрэнны — у вачах іншых народаў.

Гледзячы з-за мяжы, скажу: беларуса любілі заўсёды. Асабліва расейцы, расейскія вайскоўцы, якія цанілі ў беларусе «хорошего солдата», а месцам уласнага пасяленьня на пэнсіі нязьменна выбіралі Беларусь. Не цягнула таварышаў Барабанавых і Тараканавых у родную Тамбоўшчыну, таму і спыняліся яны на Берасьці, Горадні, Віцебску. Беларус сустракаў іх гасьціннасьцю і адразу ставіў госьця на галаву вышэй за сябе.

Беларускі чалавек на расейскага чалавека заўсёды глядзеў як на начальства. Зрэшты, для гэтага былі падставы. Калі нават не кранацца царскіх часоў, дык у часы савецкія, пасьляваенныя, да прыкладу, старшынямі калгасаў у Беларусі і парторгамі прызначаліся як правіла расейцы, таварышы Івановы. Гэта на нізавым узроўні, але тое самае было і на сярэднім — сярод дырэктараў заводаў, і на найвышэйшым — другі сакратар ЦК кампартыі мусіў абавязкова быць прадстаўніком вялікага ўсходняга брата. Калі дадаць да гэтага, што ўсе найвышэйшыя інстанцыі для Беларусі доўгі час разьмяшчаліся ў Маскве, куды трэба было езьдзіць на паклон, дык стане зразумела, чаму ў сьвядомасьці беларуса словы «расеец» і «начальнік» былі сынонімамі. Ну, а як не любіць чалавека, які гатовы прыніжацца перад табою толькі дзеля твае нацыянальнасьці.

Любяць беларуса і палякі. Любяць за тое, што знаходзяць у беларускай душы нібы самых сябе, але нейкіх яшчэ незашорганых, не перамучаных тэорыямі нацыянальнага разьвіцьця, неперакручаных, чыстых. Беларус для паляка — як Дарыян Грэй. Памятаеце, быў такі літаратурны герой — мастак-забойца, усе злачынствы якога адбіваліся на ягоным партрэце, тады як арыгінал заставаўся маладым і нявінным.

Літоўцы любяць беларуса, бо знаходзяць у ім якбы найлепшы і бясшкодны варыянт расейца. Літоўцам давялося шмат цярпець ад расейцаў, таму літоўцы проста не пераносяць самое расейскае мэнтальнасьці, якая ім незразумелая. А вось беларус для іх — быццам прыгожы ласкавы коцік. Пасьля сустрэчы з тыграм ягоны сваяк коцік выглядае як збавеньне.

Беларусы як быццам толькі даафармляюцца ў нацыю. На вялікі жаль, даафармленьне гэтае патрабуе ад нацыі абавязкова нечым замазацца і перажыць супольнае пакаяньне. Яскравы доказ гэтага — падзеі ў былой Югаславіі, дзе сербы з харватамі нарабілі адныя для другіх канцлягераў. Пасьля будуць каяцца. І гэтае пакаяньне ўмацуе іх нацыянальны дух. Літоўцам таксама ёсьць за што каяцца — хоць бы і за ўдзел у нацысцкім галакосьце. І палякам ёсьць за што каяцца — хоць бы і за спаленыя беларускія вёскі на Беласточчыне, за канцлягер у Картуз-Бярозе. Расейцам ёсьць за што каяцца — за сваю імпэрскую палітыку і за злачынствы камунізму, у тым ліку, супраць літоўцаў і палякаў. Беларусам жа пакуль няма нагоды для супольнага ўсебеларускага пакаяньня. Прынамсі, разам нацыя нічога такога не перажывае, не ўсьведамляе. Таму ў нацыянальным сэнсе беларусы — усё яшчэ бязьвінныя, як дзеці. За што іх і любяць. Дзяцей любяць усе.

Вацлаў Якімовіч, Вільня


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0