Памяці Лявона Трусевіча

 

Памёр Лявон Трусевіч. У другой палове 40-х гадоў ён —студэнт факультэту дантыстыкі ўнівэрсытэту Марбургу пад Лянам, амэрыканскае зоны Нямеччыны, сябар беларускай студэнцкай грамады ў Марбургу. Стуль я, тады таксама студэнтка Марбурскага ўнівэрсытэту, сяброўка беларускай студэнцкай грамады, мела шчасьце й гонар пазнаць Лявона Трусевіча.

Лявон быў спакойны, сьціплы й ветлівы і ўслужлівы сябра. Быў ён і беларускім патрыётам. Ня дзіва, Лявон — гадунец, яшчэ ў сярэдняй школе ў Наваградку, такіх выдатных беларускіх настаўнікаў, як сьветлай памяці Аляксандра і Натальлі Орсаў.

У другой палове саракавых гадоў беларускія студэнты Марбургу былі на ўтрыманьні ДП лягераў, а за навуку ўва ўнівэрсытэце плаціць мусілі неяк самі старацца. Аж дзіва даесься цяпер, як мы давалі сабе рады?! Сарганізавалі Студэнцкі Фонд, на які ахвяры давала ахвярнае беларускае грамадзтва, што таксама жыло ў ДП лягерох. І так неяк «цярпелі», вучыліся, бо хацелі вучыцца. У 1947 годзе ў Нямеччыне настала «вэрунг рэформа» грошай, што спрычыніла для студэнтаў яшчэ большыя фінансавыя цяжкасьці. Дзякуючы аднак стараньням Рады БНР, а дакладней, старшыні яе Міколы Абрамчыка, удалося з Ватыкану дастаць беларускім студэнтам стыпэндыі на студыі ў каталіцкім унівэрсытэце Лювэну ў Бэльгіі. І большасьць беларускіх студэнтаў з Марбургу паехала вучыцца ў Лювэн. Лявон ды, дарэчы, і я, што былі на апошнім годзе дантыстыкі, засталіся ў Марбургу. За год, скончыўшы ўнівэрсытэт, я выехала ў ДП лягер ангельскай зоны Нямеччыны, а адтуль пасьля ў Таронта, Канаду.

Лявону Трусевічу наканавана было выехаць у Чыкага, ЗША. Зрэдку мы ліставаліся. Пасьля адбыцьця кантракту ў шпіталі для сухотных хворых я паступіла ў Таронтаўскі ўнівэрсытэт настрыфікаваць свой нямецкі дыплём. На навуку я трохі зарабіла, працуючы клінэрам — мыла ў шпіталі падлогу. Лявон, каб зарабіць грошы на студыі, працаваў у Чыкага на фабрыцы.

Ізноў без стыпэндыяў фінансава было надта цяжка. Ратавалі пазыкі сяброў, такіх жа новых эмігрантаў. За першае паўгодзьдзе за навуку заплаціла. Прыйшло другое, трэба плаціць, і няма чым. Гэта значыць, трачу права на навуку. Сяджу на выкладзе, слухаю прафэсара, а сьлёзы з вачэй спакойна коцяцца па твары… і рады ім ня даць. Ужо ўсе мае сябры ратавалі мяне пазыкамі, застаўся адзін Лявон Трусевіч, які працуе на фабрыцы, каб зарабіць сабе на наступны год на студыі ва ўнівэрсытэце, бо ж і яму трэба настрыфікаваць ягоны нямецкі дыплём. Гэта я дасканала ведаю, але ўсё роўна пішу яму ліст. І Лявон, замет таго, каб сказаць мне, што на другі год сам ідзе ва ўнівэрсытэт, што ня можа дапамагчы, прысылае мне чэк на патрэбную суму.

Такім быў сьветлай памяці Лявон Трусевіч.

Камэнтары непатрэбныя…

На навуку Лявону ўдалося дастаць дзяржаўную стыпэндыю, але із забавязаньнем, што пасьля студыяў будзе працаваць там, куды яго пашлюць. І гэтак сьпярша ён працаваў лекарам-дантыстам у індзейскім рэзэрваце, а пасьля, у рангу капітана і вышэйшым — у амэрыканскім войску. Такім чынам ён трапіў у горад Тампу ў Флёрыдзе, дзе яго й застала сьмерць.

У часе дантыстычнай практыкі Лявон пазнаёміўся й ажаніўся з Эвэлінай, дзяўчынай скандынаўскага паходжаньня — нашчадкам «вікінгаў, адважных варагаў».

Памёр Лявон з ранаў, спрычыненых яму агнём нешчасьлівага выпадку. І так на 76-м годзе абарвалася нітка добрага, заўсёды карыснага для іншых Лявонавага жыцьця. Сьпі спакойна, Лявоне. Мы Цябе не забудзем.

Шчырыя мае й беларускіх марбурцаў спачуваньні спадарыні Эвэліне, сыну й дачцэ Трусевічам.

Вечны Табе, Лявоне, спакой і вечная Табе памяць!

Раіса Жук-Грышкевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0