Нікаля Сарказі элегантна рыхтуе базу для рэформаў, каб мадэрнізаваць Францыю.
Французы паслухаліся прэзыдэнта Нікаля Сарказі і прагаласавалі за ягоную партыю ў першым туры выбараў у Нацыянальны сход. Напэўна, па выніках другога туру Сарказі ўдасца атрымаць канстытуцыйную большасьць. Тады маладому прэзыдэнт ўдасца ажыцьцявіць задуманыя рэформы, не сустрэўшы супраціву.
Нястомны Сарказі да апошняга дня заклікаў выбарцаў прыйсьці й прагаласаваць. Аднак самым моцным перадвыбарчым крокам яго як прэзыдэнта было фармаваньне энэргічнага ўраду. Не вузкапартыйнага, а арыентаванага на розныя слаі грамадзтва. У яго ўвайшлі пераважна маладыя міністры. Прычым сем зь пятнаццаці крэслаў занялі жанчыны, пасаду міністра замежных справаў — папулярны лекар (дарма што сацыяліст) Бэрнар Кушнэр, а міністэрства ўнутраных справаў упершыню ў жыцьці ачоліла імігрантка з Афрыкі.
Усе гэтыя папулісцкія крокі былі трэба, каб дабіцца свабодных рук у правядзеньні рэформаў. Рэформаў, якія напэўна будуць балючымі. І якія не ўдалося б зьдзейсьніць, калі б парлямэнт устаў на іх дарозе.
Цяпер Сарказі застаецца вытрымаць яшчэ тыдзень, да 17 чэрвеня, дня, калі адбудзецца другі тур выбараў.
У першым вызначыліся 105 уладальнікаў дэпутацкіх білетаў. Зь іх 104 — з кааліцыі Сарказі. І толькі адзін сацыяліст.
Усяго ў Нацыянальным сходзе, ніжэйшай палаце францускага парлямэнту, 577 месцаў. Калі нічога ў лесе ня здохне, прэзыдэнцкі Саюз за народны рух зойме каля 430—470 месцаў па выніках 17 чэрвеня. Сацыялістам, найбольшай партыі апазыцыі, дай бог атрымаць сотню.
Найгоршы ў гісторыі вынік чакае камуністаў: яны ня маюць шанцаў больш чым на 13 сваіх кандыдатаў.
Праваліўся і праект стварэньня моцнае цэнтрысцкае сілы. Дэмакратычны рух (МоДэм) экс‑кандыдата ў прэзыдэнты Франсуа Байру атрымае ад сілы чатыры месцы ў сходзе.
Экс‑кандыдатка ў прэзыдэнты Сэгален Руаяль, якая сама ўзяла паўзу і не балятавалася ў дэпутаты, ужо заклікала левых выбарцаў схамянуцца. Яна выбрала абарончую матывацыю: няможна пакідаць урад бяз моцнае процівагі.
10 чэрвеня выбарцаў былі млявымі: прыйшлі на ўчасткі толькі 61 % тых, што маюць права голасу, што для Францыі нізкі паказчык. Лёс дуэлі Сарказі—Руаяль вырашылі 85 % выбаршчыкаў.
Дэпутацкія мандаты атрымаюць, бадай, усе міністры, якія пайшлі на выбары.
Прэзыдэнт Сарказі ўжо заплянаваў на 26 чэрвеня надзвычайную сэсію парлямэнту. На ёй маюць быць прынятыя першыя радыкальныя крокі: скарачэньне падаткаў на 11 млрд эўра ў год, узмацненьне крымінальнага кодэксу, зьмены ў сыстэму адукацыі, абмежаваньне магчымасьцяў страйку, звужэньне права на іміграцыю.
Цікава, што некаторыя задачы, якія стаяць перад Францыяй, адначасова аглядае і беларускі ўрад. Гэта і скарачэньне льготаў, і стварэньне клімату для прытоку капіталу, і рэформа сыстэмы адукацыі.
Сарказі хоча стаць для Францыі тым, кім спачатку Тэтчэр, а пасьля Блэр былі для Брытаніі. Дзякуючы іхным навінам у эканоміцы і сацыяльнай сфэры Злучанае Каралеўства з хворага чалавека Эўропы ператварылася ў адну з самых дынамічных краінаў.