Вялікі вязень Віцебскага цэнтралу

 

У Нэапалі памёр вялікі польскі пісьменьнік Густаў Герлінг-Грудзінскі

«Мая біяграфія — гэта сымбаль дваццатага веку. Жыў у праклятым таталітарным стагодзьдзі, якое, спадзяюся, ужо скончылася. Таталітарызм, гітлерызм, фашызм, саветызм і камунізм — вось грамадзкія сыстэмы, у якіх увасобілася зло, якое пануе паміж людзей».

Так напісаў пра час, у якім яму давялося жыць, знакаміты польскі празаік, эсэіст, заўзяты спрачальнік і выкрывальнік Густаў Герлінг-Грудзінскі, які памёр у Італіі на 82-м годзе жыцьця. Герлінг быў незвычайнай асобай — гэта прызнаюць нават тыя, хто яго граміў у сваіх артыкулах і інтэрвію аж да апошніх дзён ягонага жыцьця.

Уражвае біяграфія Герлінга. Ён нарадзіўся ў Кельцах у габрэйскай сям’і, што, як адзначаюць у гэтыя дні мэмуарысты і аўтары нэкралёгаў, зьяўляецца малавядомым фактам. Герлінг не выракаўся сваіх бацькоў і не хаваў свайго паходжаньня. Але ён быў польскім пісьменьнікам і ўсё жыцьцё дбаў толькі пра Польшчу. Студэнт-паляніст Варшаўскага ўнівэрсытэту, Герлінг у канцы 30-х гадоў увесь аддаецца літаратурнай дзейнасьці, публікуе артыкулы, эсэ. Зь першых дзён вайны і прыходу немцаў ён заняты кансьпірацыйнай працай, выдае бюлетэнь «Польскага народнага руху за незалежнасьць». Пэрыпэтыі вайны прывялі яго ў Горадню, куды ён уцёк з Ільвова перад пагрозай дэпартацыі. У Горадні ён уладкаваўся памочнікам сталяра пры лялечным тэатры Марыі і Юзэфа Ярэмаў. У сакавіку 1940 г. НКВД арыштавала яго за спробу нелегальнага пераходу мяжы — Герлінг хацеў патрапіць у Літву. Яго засудзілі на пяць гадоў. І адной зь першых турмаў была Віцебская. Яе ён пасьля апісаў у сваёй знакамітай кнізе «Іншы сьвет». Вось, дарэчы, вартая тэма для нашага літаратуразнаўства — беларускія старонкі жыцьця Герлінга-Грудзінскага.

Кніга «Іншы сьвет» — гэта бесстароньняе і страшнае ў сваіх дэталях апісаньне ГУЛАГу (пасьля Віцебску былі лягеры пад Волагдай і Архангельскам) за дваццаць гадоў да Салжаніцына. Герлінг пісаў яе ў Лёндане ў канцы 40-х — пачатку 50-х гадоў, пасьля таго, як прайшоў гераічны шлях разам з арміяй генэрала Андэрса, змагаўся пад Монтэ Касіна, за што атрымаў ордэн Virtuti Militari.

Выдадзены ў 1952 г. у Англіі «Іншы сьвет», нягледзячы на захопленую прадмову самога Бэртрана Расэла, не атрымаў шырокай вядомасьці на Захадзе. Заходняя інтэлігенцыя ўсё яшчэ была зачараваная «дасягненьнямі Савецкага Саюзу ў будаўніцтве самага справядлівага ў сьвеце грамадзтва», ня кажучы ўжо пра ўсеагульную ўдзячнасьць да Расеі, якая перамагла Гітлера.

Час Герлінга яшчэ не прыйшоў. Але ён ведаў тую праўду, якую адмаўлялі на Захадзе. І таму вырашыў не вяртацца ў камуністычную Польшчу. Працаваў на радыёстанцыі «Вольная Эўропа» ў Мюнхене, разам зь Ежы Гедройцем стварыў парыскі часопіс «Культура». Зь сярэдзіны 50-х пасяліўся ў Нэапалі — рашэньне было прадыктаванае, паміж іншым, яшчэ й тым, што быў жанаты з дачкою італьянскага філёзафа Бэнэдэта Крочэ.

Проза, створаная Герлінгам за пасьляваенныя дзесяцігодзьдзі надзвычай разнастайная, але, безумоўна, самае выдатнае ў ёй — гэта «Дзёньнік, пісаны ноччу», дзіўны летапіс пазнаньня сьвету і самога сябе. Дзень за днём Герлінг разважаў пра чалавечую прыроду, пра тое, куды ідзе сьвет, і, натуральна, больш за ўсё — пра Польшчу. Калі на радзіму прыйшла свабода, Герлінг ня толькі не аддаўся, як многія, замілавальна-захопленаму настрою. Ягоныя суворыя максымы былі скіраваныя супраць «перафарбаваных камуністаў» і змагароў за польскую свабоду, якіх ён абвінавачваў у змове з былымі ўладарамі Польшчы, у «Замазваньні» (Герлінг не выпадкова піша гэтае слова зь вялікай літары) таго рэальнага зла, якое ўвасабляў камуністычны рэжым. Ён дамагаўся асудзіць гэты рэжым, падобна таму, як быў асуджаны фашызм у Італіі. Герлінг ня прагнуў крыві, не заклікаў садзіць камуністаў у турмы, але яснае і цьвёрдае асуджэньне рэжыму, рэальная дэкамунізацыя грамадзтва — гэта было для яго найважнейшай справай, зарукай сапраўды дэмакратычнага разьвіцьця Польшчы.

Такая пазыцыя прывяла яго да разрыву з старым сябрам Ежы Гедройцем і, натуральна, з парыскай «Культурай», якой ён аддаў дзесяцігодзьдзі свае працы як сталы аўтар. Гедройць адмовіўся друкаваць тую частку ягонага «Дзёньніка» (Герлінг назваў яе «Дэкалёгам»), у якой востра крытыкаваліся і «Круглы стол» — як «оргія ўсеагульнай любові», і Тадэвуш Мазавецкі — як першы прэм’ер новай Польшчы, які зрабіў немагчымай «сапраўдную люстрацыю і дэкамунізацыю», і Адам Міхнік — як «вялікі сябра генэрала Ярузэльскага», і Валэнса, які палез у прэзыдэнты, ня маючы адпаведных якасьцяў, і стаў «марыянэткам» у руках лібэралаў, замазвальнікаў сапраўднай гісторыі Польшчы, якія не жадалі аддзяліць добрае ад злога.

Суворы рыгарыст і патрабавальны мудрэц у эсэістыцы, Герлінг у жыцьці быў найдабрэйшым чалавекам. Апошняе дзесяцігодзьдзе ягонага жыцьця — гэта пара ўсеагульнае пашаны. Да нэапальскага аракула зьяжджаліся журналісты і пісьменьнікі. Ягоныя інтэрвію, артыкулы і кнігі, тэлеперадачы і фільмы зь ягоным удзелам сталі штодзённай духовай ежаю палякаў. Ягоныя прыезды ў Польшчу былі вялікай культурнай падзеяй. Польскія ўнівэрсытэты наперабой імкнуліся ўручыць яму ганаровую доктарскую мантыю.

Але Герлінг застаўся верны сабе. І за два месяцы да сьмерці «ўрэзаў» «Gazecie Wyborczej» і дзьвюм мілым літаратурным дамам, якія ўзялі ў яго ім жа ўхваленае інтэрвію. Ён назваў іхны візыт у Нэапаль і гутарку зь ім «прыездам агентаў, што ўчынілі допыт».

Ці ж супакоілася цяпер ягоная спакутаваная душа? Ня ведаю... Нехта з мэмуарыстаў у гэтыя дні напісаў: Герлінг адчуваў, што сёньня інтэлігент павінен быць «супраць»...

Сямён Букчын
Варшава


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0