Лісты ў рэдакцыю

 

Пра Завадзкага, БТ, КГБ ды ОРТ

Я вельмі люблю «Нашу Ніву», таму быў непрыемна зьдзіўлены публікацыяй «У ізгоях», падпісанай «Б.Т.» у мінулым нумары, дзе шмат чаго нагадвае БТ іншае. Па-першае, дзеля аб’ектыўнасьці варта было б назваць Зьмітра Завадзкага колішнім тэлеапэратарам БТ, які разам з двума іншымi быў замацаваны за Лукашэнкам, а не «былым асабістым апэратарам». Асабіст завёўся на Карла Маркса параўнальна нядаўна. Па-другое, калі пісаць, што пан Завадзкі за кратамі «пайшоў на супрацоўніцтва з КГБ, за што яго спачатку ўшчуваў Шарамет», дык трэба дадаваць дэталі. Можа, Б.Т. меў на ўвазе толькі вядомае інтэрвію Зьмітра ў турме агенцтву «Інтэрфакс-Захад»? Тады ўсё праўда. Але ж калі тут нешта іншае, гэта проста брыдка — хаваючыся за ініцыяламі, абвінавачваць у сувязях з КГБ чалавека, які зьнік і ня можа зараз адказаць на такую публікацыю.

Я, напрыклад, ведаю, што падчас першых допытаў у Гарадзенскім ізалятары Павал Шарамет заявіў КГБшнаму сьледзтву, што сам ён у Лiтву не хадзіў, а дзе бадзяўся Завадзкі, ён ня ведае. І толькі потым адвакаты параілі Шарамету зьмяніць паказаньні.

Перад тым, як тры гады таму Шарамета пазбавілі акрэдытацыі ад ОРТ пры МЗС, я патэлефанаваў яму ды настойліва папрасіў яго абскардзіць гэтае рашэньне праз суд. Ён паабяцаў, а замест гэтага пацягнуў -- ужо без акрэдытацыі -- на мяжу зь Літвой (гэта значыць, у турму) сваіх падначаленых, у тым ліку Зьмітра Завадзкага, які акрэдытацыю меў. Таму на мяжы (ды за кратамі) Шарамет быў проста грамадзянінам, а Завадзкі -- замежным журналістам. На жаль, пра гэта ў беларускай прэсе ня пішуць. А «Наша Ніва», якая справядліва крытыкавала Шарамета за ягонае імпэрскае «Время» зь Няўзоравым, цяпер таксама спрабуе зрабіць героя з чалавека, празь якога Завадзкі атрымаў ужо дзьве буйныя непрыемнасьці. Чытач, які падрабязнасьцяў ня ведае, можа нават падумаць, што Зьміцер узгадаў старое ды сам дапамог КГБ захапiць сябе ў аэрапорце.

Юры Сьвірко, Менск

 

Караткевіч і Вера

Чытаючы пра дні Караткевіча ў Віцебску ды Воршы, я падумаў, што й Караткевіча ў нас цяпер пачынаюць пераварочваць, як каму трэба. Напрыклад, ніхто ня кажа, наколькі сур’ёзна ставіўся ён да веры...

Ад часоў перастройкі хто толькі й на якія лады не перапяваў гэтае слова... Вера. Яго згадвалі палітыкі й паэты, мастакі й сьвятары. Вера. Па прашэсьці гадоў пра яе згадваюць усё радзей. Дакладней, пра яе перасталі казаць гучна. Палітыкам, што заклікалі верыць у сьветлую будучыню, казаць пра гэта ўжо няёмка. Паэтам, што прысягалі ў сваёй веры ў народ, таксама. Але сама Вера набыла пакрысе ў Беларусі свой натуральны, спракавечны сэнс... Людзі, якія ставяць крыжы на ростанях, якія кленчаць перад вясковымі капліцамі, ці ўпрыгожваюць галінкі вярбы на Вербніцу, ня кажуць пра Веру. Яны вераць. Можна з іроніяй глядзець на абразок ці расьпяцьце ў салёне машыны, альбо на тое, як уважліва былыя камуністы чытаюць Біблію ў электрычках... Але бадай, ня варта. Бо калі згадаць нашае жыцьцё 30-ці альбо й 15-гадовай даўніны, дык гэткія праявы вонкавае рэлігійнасьці не здадуцца сьмешнымі. Людзі, нарэшце, атрымалі права самім ва ўсім разабрацца. Зазірнуць у бяздоньне свае душы. А вось калі людзі кажуць, што трэба верыць хоць у што, абы верыць — гэта сьмешна. Бо за гэткімі словамі хаваецца боязь жыцьця наогул і няўменьне кіраваць сваімі пачуцьцямі. Зазвычай гэта недалёкія людзі, якія хочуць, каб усе навокал былі лепшымі. А самі яны не адчуваюць патрэбы зьмяняцца. Вера — гэта духоўная праца. Верыць у свой народ цяжка. Бо гэта азначае працу. Працу дзеля гэтага народу, працу над самім сабою, каб быць вартым гэткае веры. Памятаеце адчайныя словы Караткевіча:

Край забыў сваю мову
І матчынай песьні напеў.
Цяжка верыць у Бога,
Калі ён такое дазволіў.
Цяжка верыць у люд свой,
Калі ён такое сьцярпеў.

Але Ўладзімер Караткевіч верыў, верыў усё жыцьцё, да апошняе кроплі — у свой люд. Яму, свайму народу, ён і прысьвяціў усяго сябе бяз рэшты. Сярод тлуму дэманстрацыяў, сярод урачыстых фэстаў у бажніцах, сярод будзённае плыні, як не хапае беларусам сёньня гэткае веры. Веры чыстай, ахвярнай і абавязкова добрай. Бо Беларусь уратуюць толькі тыя, хто будзе поўны дабрыні й пяшчоты да свайго краю. Гэткі, якім быў Уладзімер Караткевіч... Мо тады й паадпадаюць недарэчныя спрэчкі пра тое, якой веры мусіць быць беларус: каталіцкае, праваслаўнае ці якое іншае. А ў нашым мястэчку толькі пра тое і гаворкі. Хоць як ні круці, і каталікі й праваслаўныя разам у няволі.

Л.Паўднявец, Лынтупы

 

Нешта са СМІ прэзыдэнцкімі стала...

У «Советской Белоруссии» пад рубрыкай «Афіцыйна» надрукавалі падрыхтаваны БЕЛТА пералік віншаваньняў Аляксандру Лукашэнку з нагоды 3 ліпеня ад каралёў Гішпаніі і Ярданіі, эміра Бахрэйна, прэзыдэнтаў Кіпру і Фінляндыі. Апошняй краіне, хоць яна ў гэтым пераліку ішла першай, не пашанцавала, бо фінскую прэзыдэнтку Тар’ю Халанен зрабілі мужчынам, напісаўшы «ён пажадаў...»

А Беларускае тэлебачаньне настолькі ўзрадавалася супрацоўніцтву з калінінградзкай тэлерадыёкампаніяй «Янтарь», што цэлы дзень круціла сюжэт Алены Ладуцькi з фрагмэнтамi супольнага фільму, у канцы якога на ўвесь экран была падзяка тэлерадыёкампаніі «БелОрусь».

Застаецца спадзявацца, што ў Фінляндыі пана Лукашэнку жанчынай не прадстаўляюць, а якое-небудзь Магілёўскае абласное тэлерадыёаб’яднаньне пры стварэньні разам з РТР нейкай перадачы не аддзячыць у тытрах тэлеканалу «РоСия». Хоць РТР, баючыся пакрыўдзiць калег, усё роўна паказала б гэтую памылку. Ці ня праўда, таварыш Кісель?

Юрыс Окрыўс


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0