У палоне аднаго міту

 

Усьведамленьню беларусаў як нацыі замінае «прыхватызацыя» комплексу гістарычных імён «Літва», «ліцьвін», «літоўскі» адным з народаў, што некалі ўваходзіў у Вялікае Княства Літоўскае, — гэтак можна сфармуляваць асноўную праблему, што паўстала перад «рухам ліцьвіноў», што апошнім часам пачынае фармавацца й прэтэндаваць на сваё месца як у культурным, гэтак і ў палітычным жыцьці краіны. З мэтай акрэсьленьня сваіх ідэяў і плянаў рэпрэзэнтанты гэтага руху 18 ліпеня ў Менску зладзілі канфэрэнцыю: «Вялікае Княства Літоўскае: шанцы й пэрспэктывы».

Ад самага пачатку канфэрэнцыі было відаць, што ейныя ўдзельнікі дагэтуль не разумеюць, за што яны будуць змагацца й што адраджаць: кожны з выступоўцаў прапаноўваў свой плян ператварэньня Беларусі ў Літву, але навошта — гэтак і не было патлумачана. З аналізу ўсіх выступаў складвалася ўражаньне, што маладыя людзі проста прагнуць «буржуазна-капіталістычнае рэстаўрацыі» зь вяртаньнем паноў і шляхецка-станавае сыстэмы, дзе панамі і ўладарамі таго, што мянуецца цяпер Беларусяй, былі б яны. Адылі наколькі б сур’ёзнымі ні былі іхныя намеры, відавочна, не стае ім ня толькі досьведу палітычнага змаганьня, але й начытанасьці, бо бальшыня з удзельнікаў выказвала свае думкі й канцэпцыі на падставе кніг Міколы Ермаловіча й Вітаўта Чаропкі (які гэтаксама быў на канфэрэнцыі), не заўжды блізкіх да гістарычнае праўды.

Праўда, шэраг тэорыяў і канцэпцыяў варты ўвагі хаця б празь іхную незвычайнасьць. Выкладнік Берасьцейскага ўнівэрсытэту Аляксандар Ільлін, напрыклад, сьцьвярджае, што мовамі эліты Вялікага Княства Літоўскага былі г. зв. «руская», блізкая да цяперашняе ўкраінскае, і польская, тым часам як народ, простае жыхарства, гаварыў на адной з балцкіх моваў. З гэткага трохмоўя паступова выпрацавалася гаворка, умоўна назваць якую можна «трасянкаю», што да канца XV ст. канчальна аформілася ў г. зв. старабеларускую мову — народную мову ліцьвіноў. Гэткім чынам, канцэпцыя сп. Ільліна — адзін з варыянтаў балцкае тэорыі паходжаньня беларусаў, дзе сьцьвярджаецца, што тубыльцы-балты на працягу стагодзьдзяў, прымаючы славянскую культуру й мову, ператвараліся ў беларусаў. Таму, зважаючы на балцкія карані нашае нацыі, ня варта з зайздрасьцяй ставіцца да літоўцаў, якія, на думку іншага выступоўцы, Аляксея Дзерманца, зусім не «прыхватызавалі» мінуўшчыну Вялікае Літвы, а наадварот, — найлепей выкарысталі й культывавалі яе, «у адрозьненьне ад нас».

Вадзім Лабковіч, колішні вязень, які сядзеў за надпісы «Жыве Беларусь!», цяпер мае зусім іншыя погляды. На ягоную думку, беларусы й ліцьвіны — гэта два тэрміны, што абазначаюць адзін той самы народ, але калі першы — гэта мянушка, дык другі — імя. «Рэспубліка Беларусь — не пераемніца Вялікага Княства Літоўскага, а адна з формаў двухсотгадовага акупацыйнага рэжыму ў гісторыі краіны», — сьцьвярджае сп. Лабковіч, для якога зь Беларусяй зьвязана ўсё найгоршае ў айчыннай гісторыі. Нязгодны з гэтым бард Андрэй Мельнікаў спрабаваў запярэчыць, маўляў, а як жа Беларуская Народная Рэспубліка й тысячы жыцьцяў, аддадзеных менавіта за Беларусь, а не за Літву? Адылі сярод удзельнікаў канфэрэнцыі не было заўважана ніводнага чалавека, які рэальна паглядзеў бы на жыцьцё. Ліцьвіны сур’ёзна абгаворвалі будучы рэфэрэндум пра задзіночаньне Літвы й Беларусі ў Вялікае Княства Літоўскае, дзе «часовай Канстытуцыяй будзе ІІІ Статут 1588 году да прыняцьця IV Статуту» і «мае быць створана новая эліта — шляхецка-рыцарскі стан».

Здаецца, што «паны-ліцьвіны» ня толькі не чыталі ніводнага з Статутаў ВКЛ, але й не навучаныя сумнымі прыкладамі з гісторыі. Тут згадваецца спроба камбаджыйскага дыктатара Пол Пота збудаваць «сацыялістычны рай», забіваючы іншадумцаў, зьнішчаючы гарады й ператвараючы краіну ў аазыс сярэднявечча з усімі атрыбутамі таго часу. Падобна, што да гэтага імкнуцца й некаторыя ліцьвіны: да рыцараў на мэрсэдэсах ды публічных страт ля ратушаў. Бальшыня ж ліцьвіноў — гэта інфантыльныя людзі, якія, бачачы ў абліччы Беларусі «маскоўскую інтрыгу», хаваюцца ад рэчаіснасьці ў мроях «пра Вялікую Літву» — міт, у якім ёсьць месца толькі слаўным старонкам гісторыі, але няма праўды пра адваротныя бакі паўтысячагадовага жыцьця «балцка-славянскай імпэрыі».

Алесь Стральцоў, старшыня ініцыятыўнае групы для стварэньня Ліцьвінскага народнага задзіночаньня, зацеміў: «Ня кожная этнічная група здольная стварыць сваю дзяржаву; Вялікае Княства Літоўскае — гэта значнае дасягненьне нашага народу, што складалася з розных этнічных груп», — напэўна, гэта была адзіная з агучаных на канфэрэнцыі фраз, блізкая да рэчаіснасьці. Спробы прыпісаць сабе «ліцьвінства» літоўцамі, беларусамі і ўкраінцамі марныя. Даўно даказана, што «ліцьвін» — не этнонім, а тэрмін, што абазначаў дзяржаўную прыналежнасьць жыхароў Вялікага Княства Літоўскага, незалежна ад веравызнаньня й нацыянальнасьці. Таму этнічнае «ліцьвінства» ня мае пэрспэктываў як беспадстаўнае. Што да задзіночаньня народаў колішняга Княства ў Балтыйска-чарнаморскую супольнасьць, дык ідэя гэтая ня новая, але на канфэрэнцыі яна не прагучала. Можа быць, удзельнікі яшчэ не пасталелі да ўсьведамленьня глябальных праблем?

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0