Вазьму ўрокi трасянкi

 

На першы погляд, заяўлены запыт -- сьмешны i ня варты ўвагi. Трасянка, так звычайна мяркуюць, -- ня мова, а нешта незразумелае, напаўрасейскае-напаўтутэйшае, чым карыстаюцца тыя, хто саромеецца сваёй беларускасьцi, але ня можа правiльна размаўляць i па-расейску. Калi ўжо так хочацца адчуць сябе на месцы гэтых гаротнiкаў, вучыць нiчога ня трэба -- трэба без усякага ладу блытаць расейскую i беларускую лексыку ды фанэтыку -- i атрымаеш.

Але гэта тэорыя. На практыцы ж кожны, хто стала карыстаецца любой з названых моваў, i нават шчыры бiлiнгаў, мае тыя самыя цяжкасьцi, калi выпадзе, што называецца, «размаўляць з народам». Добра, калi вясковыя каранi яшчэ ня вельмi далёкiя i «напаўмова» ўспамiнаецца пасьля першай чаркi. Калi ж «выйшлi з народу» ўжо твае дзяды i жывыя сваякi нагадаць рэальную трасянку ня могуць, кнiжная i «адраджэнская» мова не дапаможа знайсьцi паразуменьня з «простым чалавекам». Значную частку «адраджэнскiх» словаў ён лiчыць такiмi ж чужымi, як i газэтныя расейскiя. Лiтаратурнай мовай -- усё роўна, расейскай цi беларускай -- гавораць iнтэлiгенты, якiя, па вызначэньні, страшэнна далёкiя ад народу. I хоць ты вывучы напамяць усяго Купалу, Багдановiча i Караткевiча -- табе, адукаванаму, нельга растлумачыць, чаму добра красьцi ў суседа-фэрмэра i дрэнна — не абраць iзноў старшынёй калгасу гэтую пачвару, якую падтрымлiваюць раённыя ўлады. Ты ня ведаеш — i, здаецца, ня хочаш ведаць — тутэйшай гаворкi. Ты хочаш, каб усе вучылi тваю. Прабач, у простага чалавека няма часу на гэтую пацеху.

На самой справе, трасянка значна больш складаная рэч, чым блытанiна расейскай зь беларускай. Калi хочаце, гэта спалучэньне лепшага, што ёсьць у абедзьвюх мовах. Ну, калi ня лепшага, дык найбольш зручнага для штодзённай камунiкацыi. Таму трасянку можна вучыць, як любую iншую мову. У ёй, скажам, ёсьць хата, пакоi ў гатэлi i проста дах над галавой, але няма лiтаратурна названай «кватэры» — ёсьць «кварцiра», жытло для гарадзкiх i расейскамоўных. У трасянцы, як у нiводнай з «культурных» моваў, зьмест слова залежыць ад яго этымалёгii i ступенi асвоенасьцi насельнiцтвам. Напрыклад, той, хто гаворыць трасянкай, не пераблытае вёску i дзярэўню: першае — гэта малая радзiма, нешта дарагое i любае, другое — месца, адкуль прыехалi недарэкi-суседзi, што не навучылiся нават карыстацца папяльнiчкай на агульным калiдоры. Дзярэўня — прастора нiзкай культуры, якая можа знайсьцiся i на зусiм гарадзкой вулiцы, прастора, што ня мае нiякага дачыненьня да паходжаньня тваiх продкаў. Так, у дзярэўнi мовяць той жа трасянкай — але i вада, i сонца там тыя ж, што з таго.

Не, гэтая мова нарадзiлася зусiм не ў гарадзкiх крамах, дзе вясковаму чалавеку было няёмка папрасiць кiлё цукру ў жонкi расейскага афiцэра, што стаяла за прылаўкам. Быў бы тавар i была б карысьць гандляваць — а пра тэрмiны як-небудзь бы дамовiлiся. Трасянка лёгка ўзьнiкае за сьвяточным сталом, дзе зьбiраюцца i расейцы, i палякi, i беларусы. Магчыма, прадзед расейца Iвана калiсьцi жорстка бiўся з прадзедам беларуса Янкi — але ж навошта гэтыя рода-племянныя разборкi прыстойным людзям. Прыстойным людзям даспадобы ветлiвая размова, калi кожны хоча, каб яго зразумелi лепш, i таму ня грэбуе i «чужамоўнымi» словамi. Расеец, што жыве ў беларускай вёсцы дзясятак-другi гадоў, можа асвоiць трасянку ня горш, чым яго сусед-беларус. Праўда, беларусы больш схiльныя «асымiляваць» што нi трапiць на язык — але што дрэннага ў ветлiвасьцi? Каб не яна, белых блiноў ды чорнай iкры мы б ня ведалi да гэтай пары: чалавек спажывае толькi тое, чаму можа даць iмя.

... Калiсьцi мне раптам захацелася вывучыць тарашкевiцу. Ну, ведаеце, на ёй пiшуць такiя адукаваныя маладыя мужчыны i вальналюбiвыя паненкi ў вышытых апранахах. У пэўным веку гэта робiць уражанне i хочацца трапiць у тую ж тусоўку. Але было лета, у крамах не знайшлося падручнiкаў, а бiблiятэка зачынялася дужа рана. Прайшоў месяц-другi, i я супакоiлася. У вуснай размове ня вызначыш, хто ведае дакладнае напiсаньне словаў, а газэты, нават самыя «адраджэнскiя», прымаюць тэксты i на «наркомаўцы». Сапраўды, навошта мне тая тарашкевiца? Я разумею, што нейкае слова -- расейскае цi беларускае -- можа лепей iншага перадаваць сутнасьць зьявы. Але якiя зьявы перадае мяккi знак? Асаблiвасьць вымаўленьня? Ну, гэта нешта зразумелае толькi паэтам. А калi слых твой настроены не выключна ў бок фiлялёгii, дык можна пачуць, што, скажам, чалавек, у якога ня вельмi роўныя зубы, таксама вымаўляе трохi iначай, -- не па-людзку прымушаць яго перавучвацца. Ды што там зубы -- у многіх вёсках асобныя словы вымаўляюць iначай. Мы ж не навукоўцы, каб сварыцца пра такiя абстрактныя рэчы. Ды й нарэшце, што такое прапануюць на той тарашкевiцы, каб абавязкова трэба было перавучвацца? Калi б у беларускай лiтаратуры быў свой Борхес, што пiсаў выключна зь мяккiмi знакамi -- можа, давядзiся зьвяртацца да яго пiсьмова, я б i знайшла карэктара, а калi б патрэба ўзьнiкала часта -- дык i сама б асвоiла гэты не такi складаны альгарытм. А цяпер я значна лепш разумею, нашто вучыць трасянку -- на ёй размаўляюць тыя, хто вырабляе хлеб i сала. Бяз хлеба, прабачце, нiкуды, ня тое што без газэты са сьмешным накладам.

«Але ж у цывiлiзаваных краінах, якiя пабудаваныя на ўласнай нацыянальнай культуры, ёсьць лiтаратурная мова, якой карыстаецца ўсё насельнiцтва, незалежна ад сацыяльнага паходжаньня», -- кажуць спэцыялiсты па мяккiх знаках. Асаблiва натхняе прыклад Iзраiлю, якi стварыў сваю мову з гаворкi невялiчкай групы насельнiкаў Зямлi абяцанай, а цяпер усе ёю карыстаюцца. Што й казаць, Iзраiль — краiна цiкавая, там i камунiзм у кiбуцах будуюць -- i спадзяюцца на посьпех. Але нават у габрэяў сытуацыя iншая: на габрэйскую чалавек мяняе ўвогуле чужую мову, а ў беларусаў жа ёсьць свая трасянка. Вядома, iнтэлiгентам, што пасьпелi адслужыць у савецкiм войску, яна не падабаецца: з асаблiвасьцяў нелiтаратурнага расейскага вымаўленьня калiсьцi надта пацяшалiся таварышы. Сябра-казах у адказ мог перайсьцi на мову ўвогуле незразумелую, а трасянка, што тут зробiш, прачытваецца лёгка i расейцам, i украiнцам. Таму, вырашае iнтэлiгент, яму таксама патрэбна сапраўдная незразумелая мова -- незразумелая ня толькi ненавiсным «прапарам», але i ўласным бацькам. Бо, ведаеце, з бацькамi сарамяжлiваму чалавеку высьвятляць адносiны асаблiва ня хочацца, лепей ужо размаўляць на розных мовах.

Увогуле «праблема нацыянальнага адраджэньня» ў беларускiм кантэксьце -- гэта ў значнай ступенi «праблема бацькоў i дзяцей». Нацыянальныя вартасьцi таксама незразумелыя большасьцi з пасьляваеннага пакаленьня, як i каштоўнасьцi рынку цi Дэклярацыi правоў чалавека. I назваць тое пакаленьне «мiгрантамi» -- гэта даць мянушку, але нiчога ня вызначыць. Сапраўды, многiя са старэйшага пакаленьня «савецкiх беларусаў» губiлi сувязi са сваiмi каранямi. Адукацыя i культура належаць вольнаму часу -- адкуль вольны час у савецкага чалавека, цi то ў пралетарыя, цi «iтээраўца», цi нават службоўца ў невялiкiх чынах? Цяпер можна казаць пра тое, што беларускiя школы ў свой час бязьлiтасна зачынялi: але мае бацькi памятаюць, што зачынялiся яны з-за адсутнасцi попыту насельнiцтва. Сапраўды, савецкая дзяржава не агiтавала за беларускую мову -- дзяржава агiтавала за камсамольскiя будоўлi. Цi варта абвiнавачваць у гэтым тэхнакратычную дзяржаву? У яе i ня можа быць гуманiтарных прыярытэтаў, яна забясьпечвае толькi неабходны мiнiмум культурных патрабаваньняў. У «рэспублiках», дзе карыстацца нацыянальнай мовай, насельнiцтву сапраўды было зручней, яна нiкуды ня зьнiкла.

Дзiўна, што «праблема бацькоў i дзяцей» атрымала ў Беларусi абсалютна фiлялягiчны выгляд. Не такi зусiм, як, напрыклад, у летувiсаў: там «расейскамоўны» сапраўды часта можа значыць «чужынец». Не такi, як у расейцаў, дзе за «чысьціню мовы» змагаюцца самi ведаеце хто. Самым блiзкiм, i праўда, аказваецца iзраiльскi прыклад, дзе група iнтэлектуалаў сваiмi прыватнымi намаганьнямi будавала ўласную «Зямлю абяцаную» для братоў i сясьцёр па веры. Але куды нам да iзраiльскiх магчымасьцяў: там ёсьць ня толькi здольнасьць да прыгожых мараў, але i грошы на курсы габрэйскай для ўсiх, хто хоць трохi цiкавiцца нацыянальнай культурай. Хто зь дзеячоў беларускага адраджэньня -- як па-ранейшаму лiчыць насельнiцтва, пiсьменьнiкаў, чые творы мала хто хоча чытаць, -- фiнансаваў з уласнае кiшэнi хоць адзiн асьветнiцкi клюб? Хіба што Адам Глёбус.

Беларусы, аднак, могуць спадзявацца на ветлiвасьць суайчыньнiкаў: як бацькi асвоiлi «трасянку», так «дзецi» будуць вучыць «сапраўдную мову» для паразуменьня з новымi нацыянальна-сьвядомымi сябрамi цi кiроўцамi. Але ж для гэтага кожны «адраджэнец» павiнен стаць усеагульным сябрам цi хаця б невялiкiм кiроўцам. Якiм чынам? Па-першае, трэба знайсьцi агульную мову з суразмоўцамi. Так, тую самую -- трасянку, iншай няма.

Хаця можна дзейнiчаць i прасьцей, на прыватным узроўнi. Падаруй сваiм уласным вясковым дзядам бэнзапiлу, бiятуалет, вадагрэйны апарат i пральную машыну -- i ў iх зьявiцца час чытаць твае газэты i нешта меркаваць пра дзяржаўны лад. Калi ты зможаш зарабiць на гэта грошы сваей незразумелай iнтэлiгенцкай прафэсiяй i навучыць iх карыстацца новымi зручнасьцямi са сваёй незразумелай iнтэлiгенцкай далiкатнасьцю -- вось тады нехта паверыць, што трэба вучыць яшчэ i тваю ўлюбёную тарашкевiцу. Не таму, што яна лепшая за трасянку, -- проста, калi ты зьдзейсьнiш гэтую непад’ёмную для беларускага iнтэлiгента справу, ты нарэшце зможаш сябе за нешта паважаць. А калi чалавек паважае сам сябе -- некаму абавязкова захочацца размаўляць яго мовай.

Марына Куноўская

 

АД РЭДАКЦЫІ. У лісьце спн. Куноўскай, на нашу думку, падмененыя паняцьці. Гэта наркамаўка супрацьстаіць, з аднаго боку, «трасянцы», з другога — тарашкевіцы. «Трасянка», у нашым разуменьні, — гэта расейскія словы, агучаныя «беларускім ротам». А тарашкевіца — гэта і ёсьць той «беларускі рот», перакладзены на пісьмо. «Трасянка» ў прынцыпе ня можа быць перададзеная на пісьме наркамаўкай, бо тая касуе асаблівасьці «беларускага рта», у выніку чаго і нараджаюцца грэблівыя адносіны да «трасянкі» як да паўмовы. Тарашкевіца ж робіць «трасянку» арганічнай часткай беларушчыны. Тут згадваецца, як на чыгуначным вакзале недзе ў Шуміліне матка ўшчувала сваю дачку маладзіцу, крычучы на ўвесь пэрон на чысьцюткай «тарашкевіцка-трасянскай» мове: «Ты чаму ўрош? Ня ўры!»


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0