Памёр Генрых Вагнер

 

Раніцой 15 ліпеня пайшоў з жыцьця кампазытар Генрых Вагнер – адзін з апошніх магіканаў клясычнага беларускага сымфанізму. Астатнія месяцы ён хварэў: сасуды мозгу ўрэшце ня вытрымалі таго велізарнага напружаньня, у якім кампазытар жыў многія дзесяцігодзьдзі. «Я – шчасьлівы чалавек», – казаў ён пра сябе ў шматлікіх інтэрвію і, можа, меў рацыю. Ня кожнаму варшаўскаму габрэю ў 1939 годзе пашчасьціла ўцячы з краіны перад самым надыходам немцаў. Хай самому, а ня разам зь сям’ёй, хай у бальшавіцкую Расею, а не ў Амэрыку – але выжыць і да апошняй хвіліны памятаць пра тых, хто назаўжды застаўся ў варшаўскім перадмесьці Жырардаў.

Ня трэба думаць, што радзіма пралетарскага інтэрнацыяналізму была асабліва ветлай да габрэйскіх уцекачоў з Польшчы. Не зь вялікай ейнае ласкі сямнаццацігадовы юнак, які, паводле ягоных собскіх прызнаньняў, ня ўмеў нічога, акрамя як іграць на раялі, ледзь не адразу па пераходзе мяжы трапіў у працоўны лягер. Добра што не ў Сібір, а ў Палесьсе – цягаць шпалы на будоўлі чыгункі.

І тутака яму зноў пашчасьціла – афіцэр НКВД, выпадкова пачуўшы ягоную ігру, сказаў: «Хлопча, табе трэба ў Мазыр, у музычную школу». Ці мог сабе ўявіць той не па чыне разумны афіцэр, што габрэйскі хлапец, зусім непісьменны па-расейску і ня надта ўчэпісты ў цяганьні шпалаў, тры гады правучыўся на фартэпіянным факультэце Варшаўскай кансэрваторыі ў тагачаснага рэктара, слаўнага прафэсара Зьбігнева Джэвецкага? Той Джэвецкі быў фігураю надта яскравай: заснавальнік і першы старшыня Польскага таварыства сучаснай музыкі, выбітны выканаўца твораў Шыманоўскага і Карловіча, буйны знаўца Шапэна, адзін з бацькоў-фундатараў міжнароднага шапэнаўскага конкурсу, выхавальнік пяці шапэнаўскіх ляўрэатаў, у тым ліку Галіны Чэрны-Стэфанскай… У такога настаўніка шмат чаго можна было навучыцца. Але ў лягеры, на разьбітым, разладжаным піяніне ці можна было йграць Шапэна ці Шыманоўскага? На шчасьце, у маладога музыкі шчэ зь дзіцячых гадоў быў назапашаны агромністы рэпэртуар эстрадных мэлёдыяў, запазычаных у бацькі і старанна падабраных на слых. Матус Вагнер зарабляў на хлеб, іграючы на скрыпцы ў кінатэатры – у невялічкім аркестры, што суправаджаў паказы нямых фільмаў. Безьліч гэткіх аркестраў была і ў Беларусі, хіба што рэпэртуар у іх быў крыху іншы. Напэўна, афіцэр папрасіў піяніста зайграць нешта «р-р-рэвалюцыйнае» і дагэтуль яму (піяністу) цалкам незнаёмае. А той ухапіў мэлёдыю «з голасу» і ўмомант зайграў яе з усімі аздобамі, якія падказала яму ягонае няўрымсьлівае ўяўленьне. Ці дзіўна, што гэткая відавочная праява музычнага таленту ўразіла нават афіцэра НКВД?

З дапамогаю лягернага начальства малады музыка хутка апынуўся ў Мазыры, а адтуль дастаўся ў Менск, у кансэрваторыю. Тут, акрамя яго, вучыліся й іншыя габрэйскія ўцекачы з Польшчы: будучы лідэр беларускай кампазытарскай школы Леў Абеліёвіч (на дзесяць гадоў старэйшы, ён вучыўся ў Джэвецкага разам з Вагнерам і адначасова наведваў клясу кампазыцыі), надзвычай адораны Майсей Вайнберг (пазьней ён пераехаў у Маскву і там стаўся адным з найвыдатнейшых савецкіх кампазытараў), Рышард Сяліцкі (пасьля вайны ён вярнуўся ў Варшаву і зрабіў кар’еру на сачыненьні эстраднай музыкі), Эта Тырманд (першая кабета-кампазытарка ў Беларусі і адна зь першых у СССР)… А неўзабаве зноў вайна, эвакуацыя, таджыцкі горад Сталінабад (цяпер Душанбэ), потым франтавы тэатар, дзе кіраўніком быў таксама габрэй, будучы артыст Маскоўскага тэатру сатыры Георгі Менглет. Шмат франтавых шляхоў прайшоў з гэтым тэатрам Генрых Вагнер, акампануючы на акардыёне акторскім сьпевам і танцам; адно шчасьце, што нямецкія фугасы праляталі міма.

А потым вайна скончылася, і Вагнер вярнуўся ў Менск. Чаму не ў Варшаву? Я ніколі не размаўляла зь ім на гэтую тэму, але шмат гутарыла з Этай Тырманд, якая таксама зьвязала свае жыцьцё зь Беларусяй. Надта жывыя былі ўспаміны пра польскі антысэмітызм напярэдадні гітлераўска-сталінскага нашэсьця; надта балюча адчувалася страта цэлай сям’і – найбліжэйшых сваякоў і каханых; немагчыма было ўявіць сябе жыцьцё на ранейшым месцы без матулі, братоў, сясьцёр, што сталіся ахвярамі фашыстоўскага генацыду. У Менску можна было распачаць усё аднова. Неўзабаве адчынілася кансэрваторыя, і Вагнер зноў стаў наведваць фартэпіянную клясу дацэнта Рыгора Шэршэўскага – выпускніка піцерскай кансэрваторыі і выдатнага знаўцы нямецкага музычнага рамантызму. Разам з настаўнікам яны спалі ў кансерваторыі пад раялем. А ажаніліся амаль у адзін час. Вагнер узяў дачку славутых актораў Лідзіі Ржэцкай і Лявона Рахленкі (пазьней яны абое сталіся народнымі артыстамі СССР). Так – праз каханьне і шлюб – Вагнер неўзважна для сабе пачуўся арганічнай часткаю беларускай паваеннай эліты. У 1948 годзе ён скончыў кансэрваторыю як піяніст, а яшчэ праз шэсьць гадоў атрымаў дыплём кампазытара. Ягоным настаўнікам быў малады – ледзь саракагадовы – патрыярх беларускай кампазытарскай школы, «усеагульны музычны бацька» Анатоль Багатыроў, якому Бог падараваў доўгае і прыгожае жыцьцё, але ўзамен прымусіў яго адпакутаваць мноства сьмярцёў сваіх улюбёных вучняў.

Так, цягам апошніх гадоў пайшло з жыцьця некалькі найвыдатнейшых нашых кампазытараў. Загінуў пад калёсамі «крутога» аўтамабілю таленавіты Ўладзімер Солтан – творца «Дзікага паляваньня караля Стаха» і «Пані Ядвігі». Пасьля доўгіх і пакутлівых хваробаў памёрлі Ўладзімер Алоўнікаў і Яўген Глебаў; ізноў жа забойцаю быў атэрасклероз. Зусім нядаўная страта – Уладзімер Дамарацкі, што ствараў вельмі прывабныя сымфоніі на джазавым матэрыяле. Гінуць людзі ўпэўненыя ў сабе, плённыя ў творчай працы, каранаваныя посьпехам і шанаваныя між грамадой.

Такім быў і Генрых Вагнер. За 78 гадоў жыцьця ён выдаў незьлічоную колькасьць твораў у самых розных музычных жанрах. У юнацтве ён пісаў пераважна песьні, у сталыя гады – сымфоніі, араторыі, канцэрты для розных інструмэнтаў з аркестрам, опэры і балеты, не бяз посьпеху намагаючыся спалучыць сваю прыродную цягу да экспэрымэнту і жорсткія патрабаваньні сацыяльнага заказу. Часам гэтыя чыньнікі супадалі, і тады атрымоўваліся шэдэўры, накшталт араторыі «Вечна жывыя» (1959), з хорам, што сьпявае без словаў – камэрнае, але адначасова манумэнтальнае. Менавіта Вагнер напісаў першую (і, магчыма, адзіную) беларускую тэлеопэру «Ранак» паводле паэмы Аркадзя Куляшова «Песьня аб слаўным паходзе». Чалавек вялікага розуму і густу, ён часам ня грэбаваў надта прымітыўнымі тэкстамі пра Леніна і партыю і нават тэкстамі Эдуарда Скобелева. Ня вельмі ўдалымі былі й тэксты А.Вольскага з араторыі «Зоры Кастрычніка» (ці, як яшчэ яе называлі, «Ода Кастрычніку»), за якую кампазытар у 1986 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР. Тая араторыя была, так бы мовіць, «дзіцячай», і сьпяваў яе Ўзорны дзіцячы хор мастацкай школы-інтэрнату імя І.Ахрэмчыка. Адной з салістак была Лена Шушкевіч – дачка будучага старшыні Вярхоўнага Савету, што пазьней таксама сталася кампазытаркаю.

Аднак найбуйнейшыя дасягненьні Вагнера як творцы былі зьвязаныя амаль выключна з «чыстаю», сымфанічнаю і інструмэнтальнаю музыкай. Сёлета пад час міжнароднага конкурсу піяністаў «Менск-2000» ледзь не палова беларускіх удзельнікаў выбрала для выкананьня ўрыўкі зь ягонай аркестравай сюіты «Пасьля балю» ў перакладзе для фартэпіяна Ігара Алоўнікава. Дарэчы, менавіта Алоўнікаў разам зь піяністкай Натальляй Ташчылінай калісьці беспадобна іграў вагнераўскі Канцэрт для дзьвюх фартэпіяна з аркестрам – яскравую і вясёлую п’есу з элемэнтамі джазу, якая заўжды спараджала ўва мне цалкам асаблівы, узьнёслы настрой.

І трэба сказаць, што ў сваіх дачыненьнях да Вагнера камуністычная дзяржава ніколі ня жмындзілася на адзнакі хвалы; як і ён сам ня жмындзіўся ў выразах сваёй удзячнасьці за прытулак і падтрымку, за магчымасьць жыць і тварыць – аж да пярэдадня рэфэрэндуму 1996 году. Ягоная собская музыка была для яго сэнсам жыцьця – рыса характару мо незразумелая для маралістаў, але цалкам натуральная для сапраўднага прафэсіянала. І ў гэтым сэнсе ўсё складвалася для яго вельмі шчасьліва: ледзь ня ўсе ягоныя партытуры, створаныя да 1991 году, былі надрукаваныя ў найлепшых савецкіх выдавецтвах, у Маскве і Ленінградзе; яны гучалі ў шматлікіх аўтарскіх канцэртах, у дасканалых выкананьнях; Дзяржаўны тэатар опэры і балету зь вялікім задавальненьнем ставіў ягоныя найноўшыя тэатральныя творы, а опэра «Сьцяжынаю жыцьця» паводле аповесьці Васіля Быкава «Воўчая зграя» была пастаўленая ў Маскве, у Большом театре. Пра творчасьць Вагнера пісаліся кніжкі і навуковыя артыкулы, газэты ахвотна распавядалі пра ягоныя прэм’еры… І нават пасьля 1991 году, калі дзяржава стала менш клапаціцца пра кампазытараў, ягоныя творы больш ці менш рэгулярна выконваліся ў канцэртах, хаця і без былога розгаласу.

А цяпер ён памёр, і ўсе мы зьбяднелі.

Юлія Андрэева


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0