Go home!

 

Мой родны край — Аршаншчына. Гісторыка-краязнаўчы зборнік для пачатковага азнаямленьня. Віцебск, 2000

 

Сваім часам мяне, прызнаюся, уразіла вестка, што францускія школьнікі мусова пішуць у школе творы пра славутыя гатункі францускага віна і ня менш слынныя гатункі сыру. «Калі б жа гэта ў нас, — мільганула думка, — быў такі самы падыход да азнаямленьня зь Беларусяй...»

Кніга, якая нядаўна трапіла мне ў рукі, не зусім адпавядае гэткім спадзевам, але інтрыгуе ня менш. Як, мабыць, заінтрыгавала б кожнага, зацікаўленага краязнаўствам.

Гісторыя Радзімы й любоў да яе пачынаюцца з гісторыі тых мясьцінаў, дзе чалавек нарадзіўся, і любові да іх. Гэтая аксіёма стала падставай для ўвядзеньня ў аршанскіх школах курсу «воршазнаўства». Кніга «Мой родны край — Аршаншчына» ёсьць падручнікам, па якім юныя жыхары раёну будуць глыбей знаёміцца з сваёй радзімай.

Да несумнеўных перавагаў падручніка трэба залічыць тое, што аўтары не абмежаваліся адной гісторыяй краю. Тут ёсьць зьвесткі й з геаграфіі, і з заалёгіі, і з тапаніміі, і з этнаграфіі. Дзеля гэткай разнастайнасьці пашчыраваў шматлікі калектыў аўтараў, сярод якіх ёсьць імёны, вядомыя ня толькі аршанцам.

Аднак такі размаіты аўтарскі калектыў, куды ўвайшлі й вядомыя навукоўцы, і мясцовыя краязнаўцы, вымагае вялікай рэдактарскай працы: давесьці да ладу стыль (падручнік жа пісаны для дзяцей малодшага школьнага веку), прадумаць канцэпцыю і структуру.

Вось жа рэдактарскае працы падручніку якраз і не стае. Што, напрыклад, можа падумаць дзіцё, якое прачытае, што вежы аршанскага замку былі «аздоблены дзікім камянём» (с.65)? У мяне даўно ўжо няма дзіцячае наіўнасьці, але нават я ўявіў, як па лесе гойсаюць неўтаймоўныя дзікія камяні, якія адны толькі й падыходзяць для аздабленьня вежы. А іх пакрыёма цікуюць сярэднявечныя аршанцы, у думках лаючыся на свойскія камяні, якія так і не патрапіш скарыстаць для гэтае мэты...

А як гарадзкое дзіця мусіць ставіцца да фразы: «Спажывае вожык і мышэй, зьмей, бо ён неўспрымальны да іх яду» (с.18-19)? Няўжо аўтар недзе злавіў атрутных мышэй? Прынамсі, я пра такіх ні на Аршаншчыне, ні дзе яшчэ ў Беларусі пакуль ня чуў.

Пра русізмы ў тэксьце шмат казаць ня варта: іх ня так ужо й багата. Хаця адну дзіўную цытату не магу не прывесьці: «Заўважана, што па Капыскаму, Аршанскаму, Бабінавіцкаму і частцы Магілёўскага паветах (так у тэксьце — Аўт.) сяляне апантаны былі хваробамі» (с.86). Хто зразумеў сэнс адразу? Я, прызнаюся, не адразу ўцяміў патрэбнае слова — «апанаваныя».

Чаму магчымая такога кшталту памылка? Таму што бальшыня аўтараў арыентуецца на Расею й расейскую культуру. Для ілюстрацыі параграфа, прысьвечанага гісторыі аршанскай чыгункі, скарыстоўваецца верш Някрасава. Асобным параграфам пераказваецца паэма Лермантава «Боярин Орша». Гэты літаратурны твор, апроч усяго іншага, выдаецца ледзь не за даслоўны пераказ мясцовай легенды, якую «перадавалі аршанцы з вуснаў у вусны, з пакаленьня ў пакаленьне» (с.59). Сумнеўнае цьверджаньне, мякка кажучы.

Калі ўжо зайшла гаворка пра паданьні, дык асобна хацелася б адзначыць разьдзел (ці параграф), прысьвечаны фальклёру. Якая, на вашу думку, самая недаравальная памылка ў гаворцы на гэтую тэму? Лінгвісты, напрыклад, проста шалеюць ад словазлучэньня «народны фальклёр». Па гэтых словах практычна беспамылкова можна адрозьніць знаўцу ад прафана. Між тым, падручнік «Мой родны край — Аршаншчына» вучыць дзяцей, што гэткае словазлучэньне правільнае (с.129).

Аднак гэтая «пэрліна» — рэч больш-менш знаёмая, раз-пораз сустраканая. Таму яна й блякне перад такой цытатай: «Бязь песні не абыходзілася ні адна падзея: сьвята, вясельле, нараджэньне альбо пахаваньне» (с.129). Адчуваеце ўсю грандыёзнасьць гэтай фразы? Мне яшчэ не даводзілася бываць на хаўтурах, дзе народ упіваўся б аж да такой ступені, каб гарлаць песьні. Мабыць, у аўтара быў гэткі варты жалю досьвед... (Ну, сапраўды, нельга ж сур’ёзна лічыць галашэньне песьняй, як спрабуе пераканаць нас і школьнікаў аўтар. Галашэньне — гэта хутчэй вой, хаця й рытмізаваны).

Такія памылкі змушаюць задумацца: а ці ня варта было б знайсьці больш адказнага рэдактара ці больш дасьведчаных аўтараў? Навошта закладваць у дзіцячыя галовы абсалютна няправільныя веды? Нехта ж і сапраўды можа падумаць, што аршанскі стараста Філон Кміта Чарнабыльскі пакінуў нам мэмуарную спадчыну (с.67), а не эпісталярную.

Некаторыя цікавыя й важныя моманты аршанскай гісторыі папросту не знайшлі сабе месца на старонках кнігі. Так, напрыклад, пэрыяд з 1914 да 1922 г. адзначаны наступным чынам: «Не абмінулі наш горад падзеі Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый, першай сусьветнай і грамадзянскай войнаў» (с.93). І гэта ўсё? А ліквідацыя карнілаўскага мяцежу, які пагражаў дэмакратычным зьменам у Расейскай імпэрыі, і раззбраеньне «дзікай дзівізіі» ў Воршы? А леваэсэраўскае паўстаньне супраць бальшавікоў? Я кажу толькі пра рэчы даўно й шырока вядомыя.

Словам, кніга пры сваёй бессумнеўнай цікавасьці патрабуе сурёзнай дапрацоўкі. Шкада, што такі бязладна зьляпаны твор выпушчаны ў якасьці падручніка.

Ар.Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0