З усёй краіны

 

Заплаціце за пікет

Асіповіцкія дэмакраты зьбіраліся правесьці пікет, прымеркаваны да Ўсебеларускага Зьезду за Незалежнасьць. Хацелі выказацца ў падтрымку галоўнай ідэі Зьезду. У адказ улады прапанавалі арганізатарам пікету аплаціць тое, што тамтэйшыя чыноўнікі назвалі «паслугамі»: міліцыі, санітарнай службы, мэдыкаў. А паколькі асіповіцкія дэмакраты, натуральна, не сваякі Ротшыльду і разьлічвалі ўсяго толькі на гарантаванае ім Канстытуцыяй права пікетаваць, дык плаціць уладам адмовіліся. А ім адмовілі ў пікеце. Арганізатары зьбіраюцца абскардзіць адмову ў судзе.

Сымон Глазштэйн

 

Дзе ня ходзяць па грыбы

Служба радыяцыйнага кантролю Магілёўскага абласнога вытворчага лесагаспадарчага аб’яднаньня распаўсюдзіла інфармацыю пра небясьпечныя месцы збору грыбоў і ягад на тэрыторыі Магілёўшчыны, піша БелаПАН.

Напрыклад, у Савініцкім лясьніцтве Касьцюковіцкага лясгасу ў лісічках і сыраежках утрыманьне радыянуклідаў перавышае дапушчальныя нормы ў 18 разоў, у раёне вёскі Волкавічы Магілёўскага лясгасу — у 20 разоў. Ёсьць шматразовае перавышэньне нормаў забруджваньня грыбоў на тэрыторыі Касьцюковіцкага, Друцкага і Клічаўскага лясгасаў. Заражэньне радыяцыяй чарніц у Савініцкім лясьніцтве перавышае нормы ў 64 разы, у Панькаўскім Касьцюковіцкага лясгасу — у 20 разоў. 2-4-разовае перавышэньне ў лясных ягадах зафіксаванае ў лясьніцтвах Бялыніцкага і Магілёўскага лясгасаў. Збор ягад і грыбоў на тэрыторыі Краснапольскага, Чэрыкаўскага і Слаўгарадзкага раёнаў наогул забаронены.

 

Будзе новы млын

Як раней пісала «НН», 19 красавіка ў літаратурна-этнаграфічным музэі, што месьціцца ў в. Русіны пад Баранавічамі, быў спалены млын.

Дырэктар музэю Міхаіл Бернат не пакладаючы рук працуе, каб аднавіць і пашырыць экспазыцыю. Днямі ён здолеў знайсьці млын, які, магчыма, заменіць спалены. Амаль струхнелы млын месьціцца каля вёскі Гарбачы Ляхавіцкага раёну. Зь яго плянуюць зьняць некаторыя дэталі (накшталт махавіка, павароту), астатняе ўсё будзе рабіцца наноў, з новых дошак.

Але нікому раней не патрэбны млын сёньня раптам зацікавіў многіх. Старшыня калгасу, на тэрыторыі якога месьціцца гістарычная пабудова, запатрабаваў абмен. За некалькі дэталяў млыну ён жадае атрымаць мяккі куток у кантору. Такая мэбля каштуе прыклада $350. Гэта вялікія грошы для музэю. Але ёсьць надзея, што дапаможа гарвыканкам.

Дарэчы, як прызнаўся спадар Міхаіл, ніхто не адгукнуўся на заклік у «Нашай Ніве» аб грашовай дапамозе , аднак ён падзякаваў за ўвагу й маральную падтрымку.

Руслан Равяка

 

Рыхтуйце пашпарты, пасажыры

Беларуская чыгунка з 1 жніўня ўводзіць імянныя квіткі. Цяпер трэба будзе паказваць у касе свой пашпарт, каб набыць квіток у любую з краінаў СНГ і Балтыі. Раней падобнае практыкавалася ў дачыненьні да цягнікоў у Расею. Рашэньне прынятае, каб пазьбегнуць спэкуляцыі з квіткамі. Пры гэтым чыгуначнікі спасылаюцца на падобную практыку ў Расеі і Ўкраіне. Але варта адзначыць, што ў кіеўскіх і маскоўскіх вакзалах колькасць спэкулянтаў такой мераю не паменшылася. Як і раней, яны шпацыруюць побач з чэргамі і прапануюць свае «паслугі». Відавочна, што дэфіцыт пераадольваецца не забаронамі, а павелічэньнем прапановы. Пакуль не хапае рэйсаў і цягнікоў, будзе квітнець славуты «блат».

С.Г.

 

Помнік Першай Рэспубліцы

У Менску на Маскоўскіх могілках адкрылі помнік Генадзю Карпенку. Адбылося гэта 27 ліпеня, на былы Дзень Незалежнасьці, у прысутнасьці сотні чалавек. Беларуская кіраўнічая эліта, якую ўвасабляў Карпенка, беларусізавалася, але так і не зьбеларусілася дарэшты. Яна спрабавала пагадзіць несумяшчальныя вартасьці і ідэалы, мовы і сымболікі, папулізм і лібэралізм... У незалежнай Беларусі палітычная плятформа і эвалюцыя Генадзя Карпенкі стануць аб’ектам дасьледаваньня. Цяпер жа ўсё спрашчаецца да схемаў «за»—»супраць», «улада»—»апазыцыя». Сьціплы помнік лідэру Партыі Народнай Згоды — гэта помнік безаблічнай эпосе, якую некалі, магчыма, назавуць Першай Рэспублікай.

 

«Бацькаўшчыну» пачысьцілі

У ноч з 23 на 24 ліпеня была абрабаваная сядзіба Міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Невядомыя злачынцы ўзламалі замкі, скралі сыстэмны блёк кампутару з базай зьвестак пра дзейнасьць «Бацькаўшчыны» за 10 гадоў, а таксама інфармацыяй аб сусьветнай беларускай дыяспары (адрасы, тэлефоны). Скрадзены таксама новы лязэрны прынтэр і тэлефакс «Panasonic». Цікава, што злачынцам не спатрэбіўся ксэракс, манітор ад кампутара з клявіятурай, пішучая машынка. Рабаўнікоў таксама не зацікавіў сэйф арганізацыі.

Такім чынам, напярэдадні 10-годзьдзя з дня заснаваньня МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» і правядзеньня заплянаванага 3-га Міжнароднага Кангрэсу беларусістаў «Беларуская дыяспара як пасярэдніца дыялёгу цывілізацыяў» арганізацыя пазбаўленая магчымасьці нармальна працаваць.

Радзім Гарэцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0