АКТ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ
29 ліпеня ў Менску прайшоў Усебеларускі Зьезд за Незалежнасьць. 1350 дэлегатаў прынялі Акт наступнага зьместу:
Мы, дэлегаты Ўсебеларускага Зьезду, паўнамоцныя прадстаўнікі народа Беларусі,
— усьведамляючы адказнасьць за будучыню краіны;
— нагадваючы, што Рэспубліка Беларусь зьяўляецца дзяржавай-заснавальніцай Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў;
— грунтуючыся на прынцыпах і нормах міжнароднага і нацыянальнага права,
ЗАЯЎЛЯЕМ:
Беларускі народ мае тысячагадовую гісторыю сваёй дзяржаўнасьці: ад Полацкага княства, Вялікага Княства Літоўскага, Беларускай Народнай Рэспублікі да сучаснай Рэспублікі Беларусь. Прынятая Вярхоўным Саветам 27 ліпеня 1990 году Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце сьцьвярджае яго дзеля галоўнай мэты – свабоднага разьвіцьця і дабрабыту, годнага жыцьця кожнага грамадзяніна Беларусі. Яна абвяшчае незалежнасьць краіны ў вонкавых дачыненьнях, вяршэнства, самастойнасьць і паўнату дзяржаўнай улады, дзеючай на падставе правамоцных законаў. Любыя дзеяньні супраць сувэрэнітэту Беларусі і нацыянальнай дзяржаўнасьці недапушчальныя і павінны карацца як найвялікшае злачынства.
Дзяржаўны сувэрэнітэт быў замацаваны ў Канстытуцыі, прынятай 15 сакавіка 1994 году. Паводле яе Беларусь увайшла ў сьвет як нэўтральная, мірная і бязьядзерная дзяржава.
Незалежнасьць Беларусі зьяўляецца набыткам ня толькі сёньняшняга пакаленьня, але і нашых продкаў, і належыць нашчадкам. Сувэрэнітэт краіны ня можа быць абмежаваны альбо скасаваны праз рашэньні дзяржаўных асоб і органаў, нават праз рэфэрэндум.
Сёньня незалежнасьць Рэспублікі Беларусь знаходзіцца пад пагрозай. Рэальнай небясьпекай стаў дагавор аб стварэньні так званай саюзнай дзяржавы з Расеяй, падпісаны 8 сьнежня 1999 году прадстаўнікамі беларускіх уладаў, чыя легітымнасьць не прызнаецца ў большасьці краін сьвету. Мы – за добрыя, раўнапраўныя і ўзаемавыгадныя адносіны з усімі краінамі сьвету, і асабліва з суседзямі: Расеяй, Украінай, Польшчай, Літвой, Латвіяй. Але мы не жадаем станавіцца рэгіёнам іншай дзяржавы. Мы не дазволім ліквідаваць нашу незалежнасьць і абмежаваць наш сувэрэнітэт, зьнішчыць нашу краіну.
Незалежнасьць – гэта натуральнае права ўсяго народа, кожнага грамадзяніна. Толькі яна і толькі дзяржаўны сувэрэнітэт адкрываюць шлях нашай краіне ў еўрапейскую і міжнародную дэмакратычную супольнасьць.
Мы, дэлегаты Ўсебеларускага Зьезду,
СЬВЕДЧЫМ
Богам і гісторыяй дадзенае нашаму народу права мець сваю незалежную дзяржаву зь яе адвечнымі сымбалямі— бела-чырвона-белым сьцягам і гербам «Пагоня»
АБВЯШЧАЕМ
незалежнасьць і дзяржаўны сувэрэнітэт неад’емнай каштоўнасьцю беларускага народа;
ПРЫЗНАЁМ
ня маючымі законнай сілы любыя пагадненьні і рашэньні, скіраваныя на скасаваньне альбо абмежаваньне сувэрэнітэту Беларусі;
ЗАКЛІКАЕМ
усіх грамадзян Беларусі і ўсіх суайчыньнікаў за мяжой згуртавацца вакол ідэяў Акту Незалежнасьці Беларусі, бараніць незалежнасьць Айчыны;
парлямэнты і ўрады дэмакратычных дзяржаваў, міжнародныя арганізацыі і сусьветную грамадзкасьць забясьпечыць гарантыі сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь.
Жыве Беларусь!
Прынята Ўсебеларускім Зьездам 29 ліпеня 2000 году ў Менску.