пазытывы

 

Сам Бог жыта зажаў...

 

Як ваш карэспандэнт быў яшчэ маленькі, дык у калгасе жалі сярпамі і ўсе хадзілі глядзець, як прыгналі новы чырвоны камбайн. Хадзілі й ня ведалі, што амаль за сто гадоў да таго наш зямляк А.Уласенка, выпускнік Горацкай земляробчай вучэльні, правёў выпрабаваньні і 18 сьнежня 1868 г. атрымаў дзесяцігадовы прывілей на сваю машыну ад імпэрскага Дэпартамэнту земляробства.

Аднак, нормы на жніве былі ў той час: 5 баб і двох мужчынаў на гактар. На параконнай жнейцы за тыя самыя грошы за дзесяць гадзінаў працы трэ было зжаць утрая болей – 4 гактары, снапы вязялі рукамі тыя ж бабы. І ўсё гэта без удзелу ўладнай вэртыкалі.

То дзеля таннасьці працы ледзь ня скончылася мэханізацыя. І пякло б бязьлітаснае сонца сьпіны беларусак, і блішчэлі, як крумкачова крыло, іхныя сярпы, і падалі на зямлю цяжкія кроплі пякучага поту... Але 1 сьнежня 1935 г. таварыш Сталін сказаў: “Укараненьне камбайну і вырошчваньне шматлікіх кадраў камбайнёраў і камбайнёрак ёсьць першаснай задачай!” А як ён нешта казаў...

На мал.1 відаць, колькі гактараў збожжа даводзілася на адзін камбайн на дату абвяшчэньня поўнай перамогі сацыялізму і пазьней.

Адзін расейскі пісьменьнік, які цяпер у іх галоўны завадатар аднаасобнікаў, нават зьдзіўляўся ў прэсе, навошта гэнулька жалезьзя, калі яшчэ за першымі саветамі сэзонная выпрацоўка ў МТС перавысіла 300 га.

Было гэта даўно, пры таталітарызме, таму для нас нетыпова. Маем у адказ дзьве станоўчыя навіны: палякі сталі нам даваць новыя камбайны і, акрамя таго, на адну ўмоўна жнеяздольную бабу прыпадае зараз ня болей за 3,5 га збожжавых (гл. мал.2).

Нам няма чаго баяцца праблемаў з рамонтам, палівам, запаснымі часткамі: калі што, сажнуць усё сярпамі. Але ёсьць і адмоўныя рэчы — сапраўдных сярпоў, зробленых пры першым капіталізме, мала, яшчэ меней грошай на аплату працы.

Найбольшая дзяржаўная праблема з бабамі. У 1940 годзе іх мелася ў вёсцы ў патрэбнай колькасьці. Гэныя бабы, тыя самыя і цяпер у вёсцы сядзяць, але рэсурс выпрацавалі горай за камбайны.

Збожжа у нас засеяна ня надта каб надта, а мусім абысьціся, балазе ня ўсё памерзла ды бурай пакручанае. Сажнем?

Сам Бог жыта зажаў,
Вялікія снапы вязаў,
Частыя копы стаўляў...

Міхал Залескі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0