Сьцягі па ўсёй краіне

 

10-я ўгодкі Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Рэспублікі Беларусі адзначылі 27 ліпеня ў дзясятках гарадоў краіны

У Менску адбыўся «лятучы пікет», арганізаваны Маладым Фронтам, а на плошчы Бангалор з 18 да 22 гадзін гралі вядомыя рок-гурты «NRM», «Новае Неба», «Камэлот», а таксама маладыя калектывы «Млын», «Postsсriptum», «Z». Сабраў канцэрт каля 300 гледачоў.

У Магілёве былі разьвешаныя дзясяткі бел-чырвона-белых сцяжкоў. Аднак урачыстае пасяджэньне і канцэрт, што меліся адбыцца ў Палацы культуры швейнікаў, былі сарваныя ўладамі, пасьля чаго больш за 70 чалавек з нацыянальнымі сцяжкамі прайшлі па цэнтры горада ў суправаджэньні міліцыі. Абыйшлося без эксцэсаў.

У Горадні адбылося некалькі пікетаў, прайшлі ўрачысты сход і канцэрт у палацы «Юнацтва».

Пікеты, мітынгі і іншыя мерапрыемствы адбыліся таксама ў Наваполацку, Заслаўі, Ваўкавыску і Воранаве, пад Лагойскам.

У многіх гарадах улады супрацьдзейнічалі. У Берасьці, Бярозе і Пінску, Мар’інай Горцы, Буда-Кашалёве мерапрыемствы былі забароненыя. У Маладэчне спроба правесьці мітынг у гарадзкім парку скончылася затрыманьнем некалькіх яго ўдзельнікаў. У Бабруйску і Баранавічах правядзеньне несанкцыянаваных акцыяў таксама было сарвана міліцыяй.

 

Лятучыя пікеты

Малады Фронт прыдумаў новы спосаб нагляднай агітацыі — «лятучыя пiкеты». Апрабацыя прайшла перад Днём Незалежнасьці: 15 хлопцаў i дзяўчат (дзесяцёра зь iх былi адзетыя ў белае, а пяцёра — у чырвонае), фатаграфавалiся на фоне дзяржаўных установаў, выстройваючыся ў жывы бел-чырвона-белы сьцяг. Маладыя людзi iшлi ў кампаніi журналiстаў ды вялiкай колькасьцi мiлiцыянтаў i супрацоўнiкаў спэцслужбаў. «Лятучыя пiкеты» пасьпелi пабываць i сфатаграфавацца, трымаючы ў руках лёзунгi «Жыве Беларусь!», «Моладзь за Беларусь!», ля галоўнага корпусу БДУ, Дому ўраду, Менгарвыканкаму, КГБ, Мiнiстэрства замежных справаў, Канстытуцыйнага Суду, Палацу Рэспублiкi, «нулявога кiлямэтру», Адмiнiстрацыi прэзыдэнта. Удзельнiкам пiкету шмат разоў загароджвалi дарогу, а ля Дому ўраду мiлiцыя паспрабавала затрымаць аднаго з журналiстаў, палiчыўшы яго, вiдаць, за пiкетоўца (ён быў апрануты ў чырвонае). Апошняй кропкай акцыi стала расейская амбасада, дзе меркавалі ўручыць пэтыцыю зь вiншаваньнямi з нагоды Дня Незалежнасьцi Беларусi. Аднак прадстаўнiкi Расеі вiншаваньне браць адмовiлiся: сказалі, факсам дасылайце.

 

Сьцягі над Горадняй

Каля дзесяці бел-чырвона-белых сьцягоў луналі над самымі высокімі будынкамі Горадні раніцай 28 ліпеня, паведамляе БелаПАН. Такім чынам мясцовыя апазыцыянэры нагадалі гараджанам пра 10-я ўгодкі сувэрэнітэту краіны. Самы вялікі сьцяг быў замацаваны на расьцяжках паміж шматпавярховымі дамамі па вуліцы Ўрублеўскага. Толькі каля 10-й раніцы міліцыі з дапамогай пажарных удалося ліквідаваць сымбалі незалежнасьці на вуліцах горада.

 

Урачысты сход

Бел-чырвона-белым сьцягам і гімнам «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» пачаўся ўрачысты сход у гарадзенскім Палацы культуры «Юнацтва». У прэзыдыюм запрасілі вядомых у вобласьці людзей. Усяго ў сходзе ўдзельнічала каля 500 чалавек.

Сябра Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Беларусі, старшыня Каардынацыйнага камітэту «Гарадзенская ініцыятыва» Сямён Домаш у сваім выступе прааналізаваў шлях краіны да Незалежнасьці, узгадаў імёны патрыётаў даўніх і блізкіх часоў. Асабліва была падкрэсьлена, што цяпер краіне як ніколі пагражае страта сувэрэнітэту. Да гэтага вядзе палітыка пануючага рэжыму, які збанкрутаваў і палітычна, і эканамічна, раскалоў нацыю, зьнішчае нацыянальныя здабыткі – мову, сымболіку, сьвяты.

На сходзе выступілі рэдактар газэты «Пагоня» Мікола Маркевіч, старшыня гарадзкой арганізацыі БНФ Сяргей Мальчык, старшыня гарадзенскай арганізацыі БСДП (НГ) Міхась Патрэба, старшыня гарадзкой філіі БСДГ Віктар Сазонаў, сябра сойму Маладога Фронту Сяргей Антусевіч.

Вечар закончыўся сьвяточным канцэртам.

Антон Лабовіч, Горадня

 

Дзень Незалежнасьці на Бярозаўшчыне

Ад 16.00 да 18.30 у Белаазёрску 4 сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ ладзілі пікет з нагоды сьвяточнай даты — у парку каля стадыёну. Раённыя ўлады не дазволілі дэманстрацыі, быццам бы таму, што плянавы маршрут праходзіў бліжэй за 50 м ад многіх прадпрыемстваў і ўстановаў, насуперак цяперашняму Закону аб масавых мерапрыемствах. Восем завадатараў дэманстрацыі палічылі, што, калі не дазволілі дэманстрацыі, дык па тым маршруце можна правесьці сьвяточнае гуляньне зь бел-чырвона-белымі сьцяжкамі, шарыкамі, стужкамі на галаве. Адзначыўшы сьвята некалькімі келіхамі на другім канцы гораду, позьнім вечарам людзі тым жа маршрутам вярталіся назад. Ціхім цёплым летнім вечарам на вуліцы яшчэ доўга гучалі беларускія песьні.

Сяржук Русецкі, Бяроза

 

Мірон у Пінску

27 ліпеня ў Пінску на праспэкце Жалтоўскага ў раёне Гарпаліва залунаў бел-чырвона-белы сьцяг. Невядомыя вывесілі яго на высакавольтавай лініі электраперадачаў у гонар Дня Незалежнасьці.

Праспэкт Жалтоўскага, дзе быў вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг, вядзе да Заходняга прамвузла — раёну зь некалькімі буйнымі прадпрыемствамі. Таму раніцай рабочыя, што ехалі на працу праз праспэкт, маглі бачыць нацыянальны беларускі сьцяг, прымацаваны невядомымі нават не да слупа, а проста да дроту, на адлегласьці некалькіх дзясяткаў мэтраў ад слупа. Па такіх лініях электраперадачаў перадаецца напружаньне памерам 110 тысячаў вольтаў! Да таго ж, электрапровад знаходзіцца на вышыні прыкладна 15 мэтраў ад зямлі. Цяжка ўявіць, як можна было прымацаваць сьцяг у дождж, уначы і ў такім месцы без адмысловай тэхнікі.

Са словаў спэцыялістаў, каб зьняць сьцяг, службе лініяў Пінскіх электрасетак, магчыма, давядзецца на пэўны час адключаць электрычнасьць (а гэта значыць, што безь сьвятла застанецца ўвесь горад) ды накіроўваць туды адмысловую машыну з вышкай. Нам таксама паведамілі, што адключэньне высакавольтавай лініі электраперадачаў прыраўноўваецца да надзвычайнага здарэньня, і дазвол на гэта трэба атрымліваць у Берасьці.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

 

Партыя Свабоды ня сьпіць

Уначы з 26 на 27 ліпеня Беларуская Партыя Свабоды зладзіла акцыю, прымеркаваную да Дня Незалежнасьці Беларусі: «свабодаўцы» расьпісалі раёны вул.Ангарскай, Зялёнага Лугу, Захаду, Паўднёвага Захаду лёзунгамі «Беларусь для беларусаў!», «Маскаль, прэч!»

Гэта ня першая падобная акцыя БПС. Такім самым чынам «свабодаўцы» адзначалі Дзень Абаронцаў Айчыны альбо Дзень БКА (23 лютага). Як і тады, цяпер абыйшлося без затрыманьняў.

Язэп Купцэвіч, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0