З рэдакцыйнае пошты

 

Нашы ў горадзе

 

Адклікаюся на рубрыку «Нашы ў горадзе». Мой адрас – бар «Друкар» у Менску, на плошчы Якуба Коласа. Ці то блізкасьць гэтай установы да заўсёднага месца збору мітынгоўцаў, ці то жаданьне зрабіць сваю кавярню як мага больш адпаведнай беларускай назьве, ці якая яшчэ прычына, але што такое «філіжанка кавы» тут ведаюць. І нават могуць адказаць «Калі ласка». Акрамя гэтага, у «Друкара» ёсьць яшчэ адна загадкавая асаблівасьць. Ні ў водным іншым бары асабіста я не сустракаў такіх прыгожых кліентак. Як фотамадэлькі — высокія, стройныя, загарэлыя, з завабнымі вачыма. І часьцей за ўсё без кавалераў. Можа недзе паблізу й сапраўды знаходзіцца якое рэклямнае агенцва, а можа й не рэклямнае... А можа прыгажуні таксама шануюць родную мову. Зайдзіце неяк увечары ў «Друкар» і пераканайцеся ў праўдзівасьці маіх словаў.

Уладзік зь Менску

***

Далучаюся да рубрыкі Зьмітра Бартосіка «Нашы ў горадзе» і выкладу свой погляд на праблему, акалічнасьці, умовы й вынік ужываньня беларускае мовы прыватнымі асобамі ў грамадзкіх месцах у Беларусі ў ліпені 2000 г., а таксама — паспалітаваньне ў беларускай мове асобаў беларускамоўных паміжсобку, навязаньне кантактаў па-беларуску зь іншамоўным спадарствам (выпадак былых вясковых жыхароў у Менску).

Жывучы ў Беларусі, немагчыма не спатыкнуцца, не пачуць беларускае мовы. Мова жыве ў галовах менчукоў-беларусаў (бо ў горадзе асялілася й багата людзей зь іншых краёў) на роўні інстынктаў, самазахаваньня. Гэта добра відаць, калі мянчук-беларус аддадзены эмоцыі, калі лямантуе, крычыць «гвалт». Зірніце на знаёмых, на сябе: у нястачы мы шукаем, дзе зарабіць, узяць грошы. Бадай, гэтае слова «грошы» паяднала б калі нас усіх, рознамоўных ды й нямых ліцьвінаў са шчырымі беларусамі таксама. Шыкоўнае слова, якое й трэба вучыцца вымаўляць годна — калі большасьць у нас, спадарства, зарабляе тыя грошы штодня сваім розумам, рацыяй, хітрыкамі, рукамі, каркам, крывёю ці няспаньнем па начох.

Зарабляючы грошы, мы штодня іх і расходуем. Але ў краме ці ў шынку сьвядомасьць бальшыні накіраваная, натуральным чынам, на прыдбаньне неабходнага ці на атрыманьне прыемнага, мала здаровых сапраўды людзей, хто рэфлексаваў бы сваю мову й вымову ў дыялёгу з гандляркаю ці тым шынкаром. Пачынаеш рабіць тое толькі тады, калі ўжо толькі па-расейску як сьлед, гладка ня ўмееш. Калі ж твой гандляр, шынкар, карчмар ці міліцыянт з братам сваім паліцыянтам не разумеюць тваіх словаў, паўтараеш захады, перабіраючы ў галаве ўсе прыдатныя сынонімы («шклянку гарбаты, калі ласка» — «гарбаты порцыю, калі ласка» — «адну гарбату, калі ласка» — «шклянку «Дылмах», калі ласка» — «адну порцыю «Дылмах», калі ласка»). Патыхае дзівацтвам, схалястыкай і, мо хто яшчэ дадасьць, зьдзекам з мовы. А я ня буду зважаць на гэта, як і на якую нэгатыўную рэакцыю маіх суразмоўцаў — не мая справа выклікаць на іхных тварах прыязныя ўсьмешкі сваёю моваю («як Вы прыгожа гаварыце», «Вы, мусіць, на філфаку вучыцеся», «добра, што Вы так па-беларуску, трэ, каб болей так»), бо гэтая ўсьмешка ў крамнікаў і міліцыі (!!!) павінна быць прафэсійнаю. Я хіба што кажу «дзякуй», калі нечакана сваімі беларускімі словамі дастаю зьніжку ў гандляроў (першы паверх ГУМу, крама ад правага боку, дзе прадаюць касэты й кружэлкі) ці калі пазьбягаю спагнаньня штрафу (электрычка Менск—Маладэчна). Але ў кожным разе мне ж ніхто не павінен рабіць тых зьніжак, а мне належыць набываць білет, як належыць яго набываць усім беларусам, што карыстаюцца дзяржаўным транспартам — як належыць беларусам зь дзяржавы Рэспублікі Беларусь карыстацца беларускай мовай, дзяржаўнай мовай. Працяг сказу ня йдзе. Спынімся тут і вернемся да пачатку.

Чаму павялося так, што, прыкладам, шаноўны чытач «Нашай Нівы» спадар Вітаўт зь Менску кажа пра марнасьць перавыхоўваньня агрэсіўных гамадрылаў, што варожа бяруць беларускую мову, ды нагадвае й падае падзеяў, што «мова тым часам нікуды не падзенецца й не загіне», адылі я, прыходзячы ў краму, шукаю зразумелыя сынонімы няўцямным гандлярам? Спадар Вітаўт, мусібыць, жартуе ці правакуе, калі кажа, што мы прыходзім у рэстарацыю есьці, а ня мітынг чыніць. Так, есьці, але ж і перакінуцца словам ці, калі трэба, дазнацца ўсіх плётак ад сяброўкі, сустрэцца з хлопцам. І бедаваць, што ў адказ яшчэ не пачуеш, як мае быць, беларускае мовы ці зь невядомых прычынаў рабіць замову на якой іншай мове самой — гэта нейкае глупства, бо добры кельнэр мусіць ведаць, спадарства, багата словаў з розных моваў (праца ў яго гэткая, ды й пакуль жа ж прыяжджаюць у нашую краіну госьці —немцы, ангельцы, мовы гэтыя ж вучаць спрадвеку ў школках). Адзінае хіба што кельнэру прыйдзецца нахіліцца й прыслухацца нашае замовы ўважлівей, нам жа ня грэх паўтарыць другім разам, але з годнасьцю, спадары, з годнасьцю і ня трэба гаварыць голасам цішэйшым, чым мы штодня размаўляем, прыкладам, са сваёю радзінай. Памятайце, што напрыканцы Вы пакідаеце грошы, што Вы не прайдзісьвет, што Вы можаце патрабаваць годнага да сябе стаўленьня толькі сваёю годнай паставай, годнаю вымоваю свае беларускае мовы.

Пішу гэтыя радкі і прадчуваю ўсьмешку спадара Вітаўта, чалавека ўдвая старэйшага за мяне, што ў гады свайго баявога юнацтва меўся перавыхоўваць суразмоўцаў ды прабіць сьцяну варожасьці, ды прыйшоў да думкі не пакладаць на гэтую справу герояў уласнага здароўя і нэрваў. Спадарства! У выпадку, калі паспалітаваньне ў беларускай мове якім бокам шкодзіць Вашаму здароўю ці псуе нэрвы, маўчыце ці гаварыце ў іншай мове, бо стаць героем магчыма і падпісаўшы хаця аднаго свайго сябра на «Нашу Ніву», «Навінкі» ці «Arche». Кажучы пра шкоду здароўю, ня маю намеру пакепліваць, бо маю прыклад уласнае матулі, што, як перабралася ў сям’ю мужа, мусіла пераходзіць у гарадзкую, сталічную трасянку, бо для мужавай радзіны вёска атаясамлівалася зь дзярэўняй. Мабыць, нікому зь сёньняшніх сарака-саракапяцігадовых не даводзілася, праўдзівым чынам, самахоць толькі пераходзіць у іншую мову, якая, званая расейскай (русским языком), рабілася на іншых вуснах тутэйшай трасянкаю, якую магчыма абярнуць на праўдзівую дыхтоўную мову, калі трохі разьюшыць сталічнага беларуса — лаянка, яна зь беларускімі словамі будзе сакаўнейшай.

Калісьці ў часы свайго баявога веку на пытаньне «чаму па-беларуску?» ці «што ты маеш, супрацьпастаўляючы сябе сьвету?», адказвала, што маю бязьдзетнага дзядзьку, стрыечнага брата бацькі, які за маё стараньне, пасьлядоўную беларускасьць і добрую вучобу (пры жаданьні дабаўлялася, што і за наяўнасьцю беларускамоўнага хлопца) пакідае мне спадчыну. Казала — і верылі. Гэта неблагая гульня, калі яшчэ й пасьля сказаць цікаўнаму суразмоўцу, што ніякага дзядзькі няма, бо гэта жарт усё — сьмяюцца ўсе, пытаньняў дурных болей не задаюць, але пачынаюць чамусьці лічыць пасьля зухам, разумнай дзеўкай. Калі разважаць далей, дык здаецца, што ў такім падмане ёсьць штосьці нават чароўнае, нейкая нават экзыстэнцыйная хлусьня, падман, які дае выйграць час, за які трэба ўсталіць сваю сям’ю, выгадаваць дзеці, папярэдне, магчыма, і навярнуўшы ў сваю мову якога дужа гарадзкога хлопца. Адылі гэтая гульня з уяўным падманам суразмоўцы ня цешыць мяне апошнія тры гады і падаецца натуральнымі паводзінамі ня болей, чым замаўленьне спадаром Вітаўтам «чашечкі кофе», як падаецца ненатуральным ужо спадару Вітаўту настрой беларусаваньня Зьмітра Бартосіка, калі адзін сталы спадар парайвае маладзейшаму пакаштаваць стравы «Россия вас не забудет» — дыхтоўны прыклад, як сварацца вышляхетны беларус (нашто паказваць сваю белую костку ды цераз гэта толькі стацца белай птушкай) зь няўрымсьлівым бардам (пашукаць мо архетыпу ў спрэчцы Купалы з Ластоўскім?). Мо гэта прыкмета, што час майго баявога юнацтва з падсьцёбваньнем афіцыянтаў і крамароў мінуў, але да пацьвельваньня аднадумцаў і ўнікненьня сваіх жаданьняў (не пішу думак, бо, каб замовіць кавы, паўтарыўшы кельнэру «калі ласка, кавы», калі той спужаўся слова «філіжанка», а Вы не сказалі «кубачак», думаць багата ня трэба, як і не абавязкова быць усяведным, каб гаварыць па-беларуску) ды прыхаваньня жаданьняў наперадзе маю дваццаць гадоў (сп. Вітаўту — 39).

Канечне, заўсёды лягчэй капыліць свой «беларускі нос», калі маеш кішэню грошай ці якога заможнага дзядзьку. Але, падобна, што ў гэтым сьвеце немагчыма чаго патрабаваць ці шукаць, ня меўшы сваёй уласнай прэтэнзіі, сваіх узораў паводзінаў, сваёй, урэшце, альтэрнатывы, якой і трэба трымацца ўжо ж і сьвядома й пасьлядоўна.

З павагаю,

Ала Сідаровіч, 20 гадоў, Менск

Р.S. Спадарства, хіба цяжка, перадаючы паведамленьні цераз пэйджынгавую сувязь, рабіць гэта па-беларуску? Ня трэба ўшчуваць непісьменных тэлефаністак за няведаньне мовы — дыктуйце па складох ды ўжо і без кароткага «ў» ці эканомце час і набярыце нумар кампаніі другім разам, мо патрапіце на больш уцямную дзяўчыну.

Не чужому ж каму перадаяце.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0