Любіць Басовішча, любіць!

 

Басовішча, якое традыцыйна праходзіць у сярэдзіне ліпеня непадалёк Гарадка, што на Беласточчыне, сёлета магло б задаволіць усе музычныя густы – настолькі цікавыя і непадобныя гурты туды зьехаліся. Узяць хаця б ляўрэатаў – хіба можна ўявіць разам у якім-небудзь іншым канцэрце фолькавы Postscriptum з падвойным жаночым вакалам, што выйграў галоўны прыз — 20 гадзінаў запісу ў студыі, гардкоравае “Сонца Мао” (прыз ад фонду імя Сьцяпана Батуры), традыцыйна-рокавую польскую Rimu (узнагарода ад мясцовых уладаў — войта гміны Гарадок) і гурт Zet — своеасаблівы сымбіёз NRM і Hasta la filista (адмысловы прыз ад “Радыё Рацыя”). На Басовішчы ж ні музыкі, ні слухачы не адчувалі праз такое суседзтва ніякага дыскамфорту. Нават тыя гурты, што не атрымалі ніякіх узнагародаў: “Склеп”, “Млын”, “Цмокі”, “Безь білета”, “Твар”, “Бан Жвірба” і іншыя – зусім не наракалі на горкую долю: польскае піва, беларуская гарэлка, прыхільнасьць слухачоў і — асабліва — выдатны гук гаілі іх зраненыя душы. Часам, калі назіраў за тым, як музыкі “адцягваюцца” на сцэне ад уласнага гучаньня, закрадалася думка, што сёлетні “адборачны тур” быў адмыслова зладжаны БМА ў “Альтэрнатыве” – адной з самых “глухіх” заляў Менску з жудаснымі маніторамі ды малазразумелым гукарэжысэрам – каб навучыць і беларускую андэграўндавую тусоўку любіць і шанаваць Басовішча, пра непатрэбнасьць і карумпаванасьць якога так многа казалася ў апошнія гады. Нават вядомыя польскія гурты Zdrowie na budowie і Acid Drinkers даволі арганічна ўліліся ў рэчышча фэсту.

Адным словам, застаецца толькі пашкадаваць “Голую манашку” зь Менску, маладачанскі Happy face ды ўсіх іншых музыкаў і слухачоў, якія сёлета да Басовішча не даехалі.

А.С.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0