Падзеі

 

Кузьма Чорны ў Полацку

Да 100-годзьдзя Кузьмы Чорнага ў Полацкім музэі беларускага кнігадрукаваньня падрыхтаваная выстава, прысьвечаная яго творчасьці. Сярод экспанатаў першыя кнігі празаіка «Срэбра жыцьця» (1925), «Па дарозе» (1926), якія выйшлі ў бібліятэчцы «Маладняка», і «Хвоі гавораць» (1926). А таксама часопісы розных гадоў, у якіх друкаваўся Кузьма Чорны, перадусім «Узвышша». Большасьць гэтых рэдкіх сёньня выданьняў патрапілі ў полацкі музэй зь бібліятэкай журналіста Алеся Матусевіча, які быў асабіста знаёмы і нават сябраваў з К.Чорным. Разам з калекцыяй А.Матусевіча ў Полацак патрапіў і рэдкі здымак празаіка, зроблены ў 1928 годзе. Ён таксама прысутнічае ў экспазыцыі.

Васіль Кроква

 

Беларускую музыку ў Эўропу

Арганістка Сафійскага сабору Ксенія Пагарэлая штогод бярэ ўдзел у шматлікіх эўрапейскіх фэстывалях арганнай музыкі. Нядаўна яна вярнулася з Познаньскага міжнароднага фэстывалю, які ладзіўся ў мясцовым касьцёле кармэлітаў. На яго былі запрошаныя пераважна арганісты цэнтральна-эўрапейскіх краін. Беларусь прадстаўляла толькі Ксенія. Яна грала барочную і рамантычную эўрапейскую музыку, а тасама сучасную беларускую (пераважна Літвіноўскага). Для ўдзельнікаў фэстывалю была наладжана экскурсія ў Познаньскі музэй старажытных музычных інструмэнтаў. Унікальным экспанатам музэю зьяўляецца ўзноўлены па фрэсках дзейны арган ХІІ ст. з выключна мэханічным прывадам. Ксенія Пагарэлая выканала на ім некалькі сюітаў.

Васіль Кроква


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0