Няшчырыя афіцыянты

 

Учора паслухала «Вострую браму» па « Свабодзе». Паколькі гэта ўсё ж Ваша рубрыка, дык вырашыла, што прасьцей і хутчэй напісаць Вам , чым на «Свабоду». На гэты раз у «Вострай браме» распавядалася пра паход Зьмітра Бартосіка па менс-кіх кавярнях з мэтай правесьці журналісцкае дасьледаваньне на тэму «Як часта беларусы замаўляюць стравы ў рэстарацыях ды кавярнях па-беларуску?»

Я ўвогуле люблю Бартосікавы дасьціпныя артыкулы ў «Нашай Ніве» і ягоныя гумарыстычныя, патрыятычныя і лірычныя песьні. Таму проста не чакала ад яго даверлівасьці і наіўнасьці пяцігадовага дзіцяці, якое паверыла дарослым дзядзям і цёцям афіцыянтам, што наведнікі кавярняў амаль ніколі не замаўляюць па-беларуску. Калі так ужо здарылася, паспрабую растлумачыць, што цёці і дзядзі афіцыянты Дзіму проста нахлусілі.

Такім чынам, малады, прывабны, беларускамоўны журналіст з мікрафонам задае пытаньні дзяўчатам і маладым жанчынам афіцыянткам, ну і хлопец там нейкі трапіўся, аб тым, ці добра яны працуюць. Афіцыянты, у тым, што датычыцца іх працы, вельмі кемлівыя, у гэтым ім не адмовіш, і яны ўсё правільна разумеюць: калі наведнік беларускамоўны, англамоўны, франкамоўны, дык каб абслугоўваньне было ветлівым, афіцыянту пажадана перайсьці на мову наведніка, але ж наш афіцыянт ня можа (тут табе не Антвэрпэн які-небудзь, дзе кожная прыбіральшчыца ў гатэлі гаворыць на 4-х мовах і тое лічыцца нармальным станам рэчаў, а сталіца Беларусі – Менск). Дык што ж афіцыянт прызнае, што ён дрэнна, няветліва абслугоўвае? Ды яшчэ перад мікрафонам зганьбіць сябе і сваю працу? Ніколі ў жыцьці. Гэта вінаваты наведнік. Наведнік не замаўляе па-беларуску, а афіцыянтам УСІМ: «Очень приятно слышать белорусский язык, я же сама белоруска (белорус), это мой родной язык». І яны ўсе вельмі шкадуюць, што да іх не зьвяртаюцца на беларускай мове. Цікава, што Зьміцер не заўважыў, што і на ягоны беларускамоўны зварот афіцыянты адказвалі на «великом и могучем», да якога іх прывучылі ў школе, і не шкадавалі пры гэтым, і прабачэньня не прасілі. Ня звыклі адчуваць сябе вінаватымі ў сваёй неадукаванасьці, у тым, што ня здольны адказаць наведніку на ягонай мове. Ды яны таго наведніка так замардуюць сваімі «каканьями» ды «чивоканьями» зь «нипонимаю», што наведнік зь імі на мову пальцаў пяройдзе ня тое, што на расейскую. Ну, сапраўды, што рабіць, ня біцца ж зь імі... Дык чым жа гэтыя афіцыянты так ужо адрозьніваюцца ад таго «зьверабаба», які Бартосіка абурае? Хіба толькі сваёй няшчырасьцю.

Я не люблю грамадзкае харчаваньне, не люблю рэстарацыі і ў любой краіне наведваю іх зь неахвотай, толькі калі «за кампанію» і «па справе трэба». Але ў Беларусі зайсьці ў «Бульбяную» там, дзе яна ёсьць (аказваецца, яшчэ й не паўсюль ёсьць — у Горадні, напрыклад, няма) імкнуся. Дык вось, у Віцебску, дзе я бываю кожны год, я ўжо гады тры запар прашу ў «Бульбянай» самыя звычайныя дранікі, а там няма такіх. Ні дранікаў, ні калдуноў, ці яшчэ якіх самых звычайных бульбяных беларускіх страваў, якія б адпавядалі шыльдзе «Бульбяная». Там затое заўсёды ёсьць: «Блины картофельные, клецки картофельные с мясом» і г.д. Калі я пытаюся пра дранікі, мяне перапытваюць: «Блины картофельные?» Я кажу: «Міленькая, дык гэтыя ж бліны ў кожнай кулінарнай кніжцы дранікамі называюцца, дзе б тая кніга ні была выдадзена, хоць у Расеі, хоць у якой іншай краіне, чаму ж Вы правільную, спрадвечную назву стравы так перакруцілі?»

«Ну, почему? Называются и блинами, у нас знающие люди меню составляют». Вось і ўсё! Хоць кол на галаве цяшы, як сказаў бы мой бацька.

Я зрабіла сумную выснову, што часьцей упарцяцца ў сваім невуцтве пераважна маладыя дзяўчаты. Калі кабета сталага веку выказвае нейкае агрэсіўнае стаўленьне да беларускай мовы, дык яна, хутчэй за ўсё, прыежджая расейка. А дзяўчатам, напэўна, прышчапілі гэтае непрыязнае стаўленьне школа, школьныя праграмы, настаўнікі. Божа, дзе яны толькі такія ўзяліся, бо такую непавагу да свайго, насамрэч, могуць выхоўваць толькі акупанты.

Так склалася жыцьцё, што я ўжо 32 гады жыву ў Расеі, у расейскамоўным асяродзьдзі. Звыкла да расейскай мовы, да натуральнага вымаўленьня носьбітаў мовы. Калі прыяжджаю ў Беларусь, мне ў дадатак да ўсяго яшчэ і «рэжа слых» ненатуральнасьць вымаўленьня расейскамоўных беларусаў. Не, не... гэта не трасянка, не беларускі акцэнт... Любы нацыянальны акцэнт альбо «трасянка» ўспрымаюцца абсалютна натуральна і таму нармальнаму, не шавіністычна выхаванаму чалавеку, слых ня рэжуць.

Пра сваё ўспрыманьне расейскай гаворкі з вуснаў беларусаў я нікому не казала, бо лічыла, што, напэўна, мне здаецца, што я перажываю за стан беларускай мовы ў краіне, таму і расейскае вымаўленьне ўспрымаю неаб’ектыўна. Я маўчала, пакуль... не пачула такую ж рэакцыю з вуснаў сваёй дзевятнаццацігадовай дачкі. Дачка ведае беларускую мову, любіць Беларусь, любіць бываць у Беларусі. Беларускія праблемы яна не ўспрымае так балюча і блізка, як я, бо нарадзілася і вырасла ў Маскве і ўжо лічыць сябе хоць беларускай, але й масквічкай. Таму тое, што чуе і адчувае яна ў расейскай гаворцы беларусаў можна лічыць на сто адсоткаў аб’ектыўным. Вось дакладна яе словы: «Мама, я даўно думала-думала, чаму ў іх (у гэты час побач з намі па-расейску аб чымсьці гаманіла чародка маладых беларускіх дзяўчатак) так непрыемна гучыць расейская мова і здаецца зараз зразумела – яны, напэўна, вельмі шырока раскрываюць рот». Не, безумоўна, справа не ў шырока ці нешырока раскрытым роце, а ў тым, што чалавеку, які звык чуць расейскую мову ад яе носьбітаў, і ўвогуле добра адчувае любыя моўныя няправільнасьці — у напісаньні, вымаўленьні, агульным гучаньні мовы — гэтая ненатуральнасьць гаворкі беларусаў на расейскай, урэшце, для іх генэтычна чужой мове, вельмі заўважная і непрыемная на слых.

Ніхто ніколі ня зробіць за такое вымаўленьне, гучаньне заўвагі, можа нават пахваляць беларуса за добрае веданьне расейскай мовы. Вось каб ім хоць на гадзінку можна было пазычыць нашы вушы, каб расейскамоўныя беларускія хлопцы і дзяўчаткі (асабліва дзяўчаткі, у хлопцаў гэтая брыдкая ненатуральнасьць чамусьці чутная менш) маглі сябе пачуць нашымі вушамі... А як натуральна і хораша, напэўна, гучала б зь іх вуснаў беларуская мова.

Я неяк чула выступ аднаго расейскага прафэсара мовазнаўцы, які ў сваю чаргу спасылаўся на вынікі сусьветных дасьледаваньняў, згодна зь якімі генэтычныя здольнасьці чалавека ў набыцьці ведаў могуць быць цалкам раскрытыя й выкарастаныя толькі празь яго родную мову. Калі губляецца спрадвечная генэтычна закладзеная моўная сувязь цэлага ланцуга чалавечых пакаленьняў, страчваецца і магчымасьць паўнавартаснага разьвіцьця чалавека. Так гэта ці не, я ня ведаю.

Таіса Мішчанка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0