Лісты ў рэдакцыю

 

Лета пілігрымаў

Усе хрысьціяне добра ведаюць, які гэта год — юбілейны. Прыкладна дзьве тысячы зім мінула з таго часу, як нарадзіўся Ісус Хрыстос. Зразумела, грандыёзная дата, таму і сьвяткуецца асабліва. Шмат за гэты год было зьдзейсьнена на карысьць і ўхвалу Пана Бога. Пералічыць не бяруся, бо пры жаданьні пра кожнае сьвята, і як яго адзначалі, можна прачытаць у любым рэлігійным часопісе. Але распавяду аб самым старажытным зьдзяйсьненьні хвалы Богу.

З гісторыі вядома, як толькі адбылося хрышчэньне Русі, пацягнуліся з усіх яе куткоў ланцужкі новаператвораных дзяцей Божых на паўднёвы ўсход. І ня ўсе ехалі — больш пешшу (не таму, што не ставала грошай на каня). Перад тым, як выправіцца ў дарогу, вернікі давалі своеасаблівы зарок Богу, прыносілі ўсе пакуты, якія чакалі іх наперадзе, у ахвяру, тым самым выказваючы самаадданасьць у служэньні Яму. Чым больш зьяўлялася кляштароў ды цэркваў, тым больш рабілася ланцужкоў. Людзі, якія былі там, вярталіся, і іх апавяданьням не было канца. Такіх падарожнікаў запрашалі ў хаты, частавалі, слухалі іх дзівосныя аповеды ўсю ноч, да раніцы. А зваліся гэтыя людзі пілігрымамі, і месца, якое вабіла іх, як магнэсам, завецца (яно, зразумела, і цяпер існуе) Ерусалімам — сьвятыняй хрысьціянства. Кожны вернік і сёньня лічыць за вялікую пашану пабываць там. Вось адкуль бярэ свае вытокі сучасная беларуская пілігрымка.

Цяпер у кожнай дыяцэзіі нашай краіны ёсьць свая выключная сьвятыня (вядома, я не параўноўваю іх зь Ерусалімам). Некаторыя ня ведаюць, што маецца на ўвазе пад словам «сьвятыня». Час ад часу на нашай плянэце адбываюцца здарэньні, якія навука кліча «анамальнымі», а дакладней, некаторыя людзі бачылі і размаўлялі з постацямі сьвятых. Самыя вядомыя зь іх адбыліся ў Фаціме, Люрдзе, Міжгор’і, але і шмат дзе яшчэ. Адны «доказы» гэтых зьяваў — сьведкі, якія іх бачылі (здараліся і прароцтвы з вуснаў «прывідаў», як, напрыклад, было ў Фаціме). Зараз стаяць на тых месцах кляштары, цэрквы, касьцёлы ды капліцы і клічуцца сьвятынямі. Кожны год сыходзяцца да іх пілігрымы. У Беларусі яны таксама ёсьць. Гэтым летам пашэнціла мне наведаць дзьве зь іх (выдатна, якраз у юбілейны год!) — Будслаў і Тракелі. Пра адну распавяду, таму што ўражаньняў засталося на ўсё жыцьцё.

Да 22-га чэрвеня зьбіраліся бабруйскія пілігрымы ехаць у Магілёў, каб ужо з тамтэйшымі сябрамі (ды яшчэ са Смаленску) ісьці разам да Будславу: 1-га ліпеня сьвята Будслаўскай Божай Маці. Для «навічкоў» (у тым ліку і для мяне) гэта было вельмі цікавае пачуцьцё: ісьці да цудадзейнага абраза ды яшчэ 300 кілямэтраў! Але супакойвала толькі тое, што ня мы першыя. Чытач можа сабе ўявіць — 9 дзён шляху, кожную ноч у новай вёсцы, у новых людзей (а здаралася, і ў школцы), невыносны боль у нагах, але песьні, жарты, нават танцы ў дарозе. А самае галоўнае – імкненьне, якое з кожным днём мацнее — Будслаў. Нарэшцэ… Усё дрэннае (нават боль) зьнікла само сабой. Толькі прыемнае адчуваньне на душы — вялізная храміна здаецца роднай хатай, абраз — такім прыгожым, блізкім. Стомы, як і не было.

Адбылася імша ў гонар пілігрымаў, потым, ноччу — у гонар Маці Божай.

Што далей? А ці бачылі вы сьвята ноччу? Касьцёл у сьвяточным убранстве, наверсе зьзяюць 3 крыжы. Вакол працуюць маленькія крамкі, дзе можна набыць, што заўгодна (рэлігійную літаратуру, абразкі, крыжыкі і г.д.). Ва ўсіх праўзьняты настрой. Можна падысьці да любога чалавека, паразмаўляць, як са старым знаёмым ці разам засьпяваць песьні.

Засталося дадаць, што пілігрымы сышліся з усёй краіны, а гэта прыкладна 10.000 чалавек.

Ад’яжджалі дадому вясёла: у мінулым — пройдзены шлях, вялікае і цікавае сьвята, новыя сябры, на душы — радасьць, на вуснах — песьня, у будучыні — апавяданьні.

Міжволі прыгадваеш продкаў.

Алена Стрыгунова, Бабруйск

 

Заўвага апазыцыі

Паважаная рэдакцыя, праз вашу газэту хацеў бы зьвярнуцца да так званай «дэмакратычнай апазыцыі». Я лічу, што вытворчасьць ды распаўсюд славутых налепак «Stop AIDS» (выява чалавека, падобнага да «ўсеагульнаабранага» з «гумоватэхнічным вырабам №2» на галаве) успрымаецца часткай насельніцтва як сьведчаньне палітычнае імпатэнцыі апазыцыі. Маўляў, «бээнэфаўцы» (чамусьці ва ўяўленьні большай часткі люду Беларусі апазыцыя і БНФ — словы-сынонімы) на больш значныя дзеяньні й ня здольныя. Наўрад ці палітычныя сілы, якія самі дыскрэдытуюць сябе ў вачох патэнцыйных прыхільнікаў, могуць разьлічваць на посьпех у хуткім часе.

П.Батуеў, Салігорск

 

Аўтобус-душагубка

На гарадзкіх маршрутах у Гомелі пачаў езьдзіць новы ўнікальны па-свойму аўтобус — МАЗ 105, дзяржаўны № ЕА 8975. Унікальны ён ня толькі з тае прычыны, што, у адрозьненьне ад сваіх папярэднікаў, зьмяшчае ў салёне значна больш пасажыраў, але і сваімі канструкцыйнымі вынаходніцтвамі. Пры яго стварэньні за прыклад для перайманьня менскія аўтабудаўнікі, напэўна, узялі вугорскі «Ікарус» і машыну-душагубку, якая выкарыстоўвалася гітлераўцамі падчас II-й сусьветнай вайны. Рухавік у ім усталяваны проста ў салёне. (Спачатку я падумала, што гэта, прабачце, грамадзкая прыбіральня). Апроч гэтага «ноў-хаў» мясцовыя кулібіны не знайшлі вырашэньня шчэ нейкай тэхналягічнае праблемы, бо пад час руху салён аўтобусу поўніцца гукамі, якія нагадваюць рыканьне галоднага статку. Што гэта — адмысловы экзэмпляр для нашага рэгіёну альбо сэрыйная недапрацоўка — пакуль, асабліва для мяне, застаецца таямніцай. А для Вас?

Карова Мілка, Гомель


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0