Алесь Пяткевіч

Страх і нянавісьць у Маскве

 

«Ну, як ты там?»

«Як я… Ты чуў, што тут здарылася?»

«Дык таму і званю! А яшчэ ж у Чачэніі двух замачылі, ох, добра!»

«Што добра?!! Ты зусім звар’яцеў? Я… Ды гэты пераход падземны… Ды…»

«А я памятаю, ты ж пра яго распавядаў. Не-ее, так і трэба, добра іх!»

Сябра на тым баку сьвету відавочна ўзбуджаны, я на гэтым, у Маскве, на мяжы … не зусім валодаю сабой. Я крычу аб тым, як ненавіджу Пуціна разам з Басаевым і ўсю іхную кодлу, што жыць не даюць, што страшна. Сапраўды страшна.

Страх і нянавісьць у Маскве — гэты перафраз прыйшоў на думку задоўга да апошняга выбуху.

Пачну здалёк. Ёсьць у кожнай сытуацыі нейкая мяжа таго, што чалавек унутры ўважае за дапушчальнае. Калі, скажам, вучань малодшых клясаў толькі пачынае сьвежы сшытак, ён старанна крэсьліць там літары, крый божа, каб ніводнай кляксы. Калі першая клякса ўсё-ткі зьяўляецца – нядоўгая роспач, а тады ягоная патрабавальнасьць да сябе ўсё меншае, і ўрэшце – «раскоша бруду». Можна маляваць на палях ці нават проста на старонках паміж практыкаваньнямі. Тады – новы сшытак, і з кожным новым сшыткам усё большае адлегласьць ад таго першага, чысцюткага.

Каб жа ішлося толькі пра вучнёўскія сшыткі. Усеабдымны прынцып. Першы сшытак, першае каханьне, першая мана, першая кроў – жудасна тыповая кар’ера.

Пачынаць спачатку на той самай старонцы, дзе зьявілася першая клякса, — цяжка, мужна вытрываць другую, трэцюю – яшчэ цяжэй; звычка да пераадоленьня спакусы бруду выпрацоўваецца ў меншыні, надта невя-лікай. Я, напрыклад, таму і ня скончыў школу выдатнікам.

«Раскоша бруду» – поўная разьняволенасьць; калі прамоклі чаравікі і запэцкаліся нагавіцы – можна крочыць проста па калюгах, усё адно рэчы мыць. Калі не атрымалася расейскага бліц-крыгу ў Чачэніі – хай насельніцтва прызвычайваецца да выбухаў і аўтаматчыкаў на вуліцах.

Гады, калі няма сілы пачаць нанова на гэтай старонцы – дык перагарніце неяк!!!

Халадзее нешта ўсярэдзіне. Не магу працягваць з гэтымі калюгамі ды кляксамі, бо йдзецца ўжо не пра атрамант ды ваду. Кроў і абвугленыя целы, дзе ўчора піва піў.

Запрасіце мяне на праграму «Герой дня». Гэта ня манія велічы, а манія перасьледу. Параноя мае шанец стаць расейскай хваробай нумар адзін, і героем найноўшага часу ў Расеі мусіць быць параноік.

Дык чаму б ня я, пагатоў што я рэпрэзэнтую два бакі маскоўскай параноі. Страшна, як любому нармальнаму, звычайнаму чалавеку, што колькі раз на дзень бывае ў «месцах вялікага скапленьня» людзей і жыве ў звычайным шматпавярховіку. Які быў забыўся пра першапачатную прычыну словаў «…пра рэчы, пакінутыя іншымі пасажырамі, своечасова паведамляйце супрацоўнікам мэтрапалітэну» – перад звычайным «асьцярожна, дзьверы зачыняюцца». Выбух на Пушкінскай плошчы (іронія ці бязьлітасная лёгіка лёсу: на гэтай сама плошчы, куды сёньня прыйшла вайна, у сакавіку колькі соцень людзей пратэставалі супраць вайны ў Чачэніі; памятаю, вельмі ўразіў тады ічкерыйскі сьцяг у цэнтры Масквы) прымусіў успомніць, чаму і навошта кажуць гэтыя словы. Іншы бок (маёй) маскоўскай параноі добрапрыстойным карэнным масквічом невядомы, але вядомы гасьцям сталіцы, мноства зь якіх гасьцюе тут ня цалкам легальна. Ідучы на працу, з працы, проста ў горадзе пачуваесься нейкім рэзыдэнтам; ходзіш партызанскімі сьцежкамі, унікаючы «месцаў вялікага скапленьня» мянтоў. Пасьля таго, як давялося трохі пасядзець у маскоўскім пастарунку разам з такімі сама, як я, небаракамі, гэтую славутую «рэгістрацыю» (поўная афіцыйная назва працэдуры больш складаная) я ўсё-ткі аформіў, што каштавала нямала нэрваў і часу. Толькі цяпер у мяне няма дакумэнтаў увогуле (даўна ўжо згубіў); ужо пару тыдняў новы пашпарт чакае мяне ў такім родным, спакойным менскім АВІРы; білет Масква-Менск на гэты чацьвер. Таму водгукі перапуджаных і абураных тэлегледачоў на апошнія падзеі, з прапановамі «ўзмацніць пашпартны кантроль» (вар’яты, што значыць «узмацніць», куды далей? заміж картак на мэтро пашпарты ў турнікеты суваць?) і зрабіць «больш жорсткім парадак уезду і выезду з гораду» мяне таксама не пакідаюць абыякавым, цешаць, песьцяць, гадуюць параною з абодвух бакоў.

 

У праграме «Герой дня» я б гаварыў пра параною, пра страх і нянавісьць, якія лунаюць над Масквой, робяць людзей сьляпымі. Ці можа наадварот – прасьцей баяцца й ненавідзець, і людзі самі выбіраюць сьлепату, бо так лацьвей, чымся прымусіць сябе глядзець??! Ці, можа, сьлепата спараджае страх, а страх спараджае нянавісьць? Дзе тут прычыны і дзе наступствы?

Яшчэ б успомніў першыя, леташнія выбухі, і нагадаў бы, што ўжо ў антычным Рыме любы сьледчы найперш спытаўся б: каму на карысьць? – і адказ забойча відавочны. Менш за ўсіх, калі не лічыць непасрэдных ахвяраў ды іхных сваякоў, скарысталі з тых выбухаў чачэнцы. Больш за ўсіх – палітыкі, што хацелі дарвацца і дарваліся да ўлады на хвалі масавага псыхозу, ці «шэрыя кардыналы», якія за імі стаялі.

— На каго вы намінаеце, ці не на Пуціна? – Ну ясна ж, на Пуціна, а што «шэрыя кардыналы» – дык ня робіць ён уражаньня псыха-адзіночкі, як некаторыя іншыя славянскія лідэры.

– Дык ці ня хочаце вы сказаць, што ФСБ зарганізавала выбухі дамоў у Маскве? – Хачу, але не магу…

… бо гэтая жахлівая думка, гэткае вычварэньне папросту ня ўлазіць у галаву, ня можа праламацца скрозь стэрэатыпы мысьленьня. Гэта ў мяне, беларуса, староньняга (калі не лічыць, што апошнія паўгады жыву тут) назіральніка – што ж казаць пра саміх грамадзянаў гэтай хворай на сэрца краіны. Гэта немагчыма. Уявіць.

Праўда, можна было б згадаць пераканаўчыя прыклады прыстойнага і цалкам бяскрыўднага на выгляд (кім ён там быў па прафэсіі?) Чыкацілы ці сапраўднага ўлюбёнца свайго народу Гітлера, вось ён трымае дзяўчынку-блакітная-стужка-ў-валасах – увогуле ідылія, ну хто ж мог здагадацца, а нават здагадаўшыся – паверыць самому сабе, што яны такія ліхія людзі? Адылі для расейскай тэлевізіі гэта б ужо было зашмат.

Цяпер тут ужо не адрозьніць вінаватых і бязьвінных, няма ні мужных абаронцаў айчыны, ні бандытаў, ні агрэсараў, ні прычынаў ці наступстваў, не засталося нічога, апроч страху і нянавісьці.

Алесь Пяткевіч,
у аўторак пасьля выбуху,
з Масквы, да д’ябла гэты горад


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0