Уладзімер Содаль

Вугельчыкі з попелу*

 

Даўно вядома: жытло чалавека, мясьціна, дзе ён жыве, жыў, заўсёды нагадваюць пра гаспадара. Вось чаму з такой цікавасьцю спазнаём гэтыя мясьціны, асабліва калі лучацца з імёнамі выдатных людзей. Нямала яшчэ такіх мясьцінаў, якія ляжаць аблогай, не спазнаныя як мае быць. Адна зь іх Мігаўка — колішні фальварак Аляксандра Ўласава, першага рэдактара газэты «Наша Ніва». Але што мы ведаем пра ягонае жыцьцё ў Мігаўцы? Хіба толькі тое, што ён пасьпеў напісаць, згадаць у сваіх успамінах. І то з маленства, пра маленства. А болей? А былі ж у яго і суседзі. Як яны памятаюць Уласава, што яны памятаюць?

З такім вось клопатам аднойчы я і завітаў у любы Ўласаву кут Мігаўку, што паблізу Радашкавічаў пры віленскім гасьцінцы.

 

Віла Мігаўка

Аляксандар Уласаў заўсёды называў свой фальварак на гішпанскі лад — вілай.

Віла... Гэтай назваю ён задурыў галаву і адной гамяльчанцы. Яна, кажуць, прыняла слова «віла» з вуснаў Уласава за чыстую праўду. Кажуць, пакуль ехала ў Мігаўку, дык усё думала пра тую вілу. Ёй бачылася штось рамантычнае, узьнёслае... А прыехала — убачыла пачарнелы драўляны шэранькі фальварачак на пагорку пад векавымі ліпамі з агародамі. Моўчкі зірнула на свайго нарачонага: «А дзе ж тая віла?» Уласаў зразумеў гэты пагляд, гучна, як звычайна, зарагатаў: «А чым ня віла? Тут ціша, прастор. Вольнае паветра... Ніхто нікога ня гоніць у шыю... Хочаш працуй, хочаш адпачывай. Салоўкі сьпяваюць... Вунь унізе і ручаінка гамоніць... Так што абжывайся, мілая пані. Будзь гаспадыняй, ладзь гаспадарку, як табе хочацца, як жадаецца...»

З гаспадаром Мігаўкі цяжка было засумаваць.

Апантаны адраджэньнем Беларусі, ён пачуваўся ўпэўнена і шчасьліва. Гэтую ўпэўненасьць адчувала і ягоная Мігаўка. Кожны ведаў, што гаспадар фальварку чалавек вучоны, дасьведчаны, стараецца, каб для простага люду адчынялі школы, вучыць, як лепш весьці гаспадарку, каб зь яе мець большую карысьць...

На ягонай сядзібе, згадваюць, была спартыўная пляцоўка: бум, лесьвіцы, хадулі, брусы для раўнавагі. Шанаваў ён і ровар. На гэтым ровары аб’ехаў ці ня ўсю Беларусь. Шмат каго навучаў езьдзіць на ім. Лічыў, што спорт — гэта здароўе.

 

«Дайце ж, я!»

(паводле ўспамінаў Міхася Шнэйдара, суседа і сьведкі жыцьця Ўласава)

Гаспадар Мігаўкі меў валатоўскую сілу... Даўней, дзе не было тартакоў, дошкі пілавалі самі. Рабілі высокія козлы, сяк-так усьцягвалі на іх бервяно і вялізнаю пілкаю пілавалі яго на дошкі: адзін пільшчык зьнізу, а другі зьверху, ідзе па бервяне.

Нялёгкая гэта была праца, але нічога — людзі давалі і ёй рады.

От ідзе раз Уласаў... Аж трое наймітаў зьбіраюцца пілаваць бервяно, але ніяк ня могуць усьцягнуць тое бервяно на козлы. Дзьмуцца-тужацца, але нічога не выходзіць. Тое палена ў іх назад сунецца-коціцца. Тады Ўласаў і кажа ім:

— Дайце ж, я!

І тое палена, як пёрка, узьляцела на козлы. Толькі ўласаўскі валатоўскі крэкат рэхам адгукнуўся ў навакольлі.

А ён і напраўду быў волат. І як усе волаты — флегматычны, а душы — найдабрэйшай. Росту вышэй сярэдняга. Грузны. А далоні меў — мо не паверыце — шырокія, як лапаты. Яго адна даланя была, як у звычайнага грэшнага дзьве разам складзеныя.

Меў клопат з абуткам і вопраткай, асабліва з ботамі. Купіць ці пашые, здаецца, і мерае добра, а абуецца, дык яны яму цеснаватыя. Так-сяк усьцягне на ногі, зойдзе ў рэчку і размочвае іх там.

І голас у яго быў валатоўскі. Калі гукаў дзеці, дык чула ўся Мігаўка. Апроч усяго, Уласаў быў досыць загартаваны чалавек.

...Была ў яго кошка. Шустрая такая. Усё праз фортку лазіла. Умела яе сама адчыняць. Дык улетку гэта нічога. А надаралася, і зімой адчыняла. А Ўласаў якраз спаў пад гэтай форткай на даўжэзнай канапе. Дык за ноч на яго праз тую фортку цэлую гурбу сьнегу намяце, а ён хоць бы што: сьпіць і сьпіць, толькі носам, як паравоз, сапе, пакуль жонка не разбудзіць. А як разбудзіць, ён толькі ўсьміхнецца ды скажа: «От спаў, дык спаў. Гоп! Гоп!» Струсіць зь сябе той сьнег і давай лапаткамі вадзіць, кроў разганяць заспаную.

 

Кнігалюб

Аляксандар Уласаў з малых гадоў кнігі любіў. Прыгадваюць такое. Пасадзяць яго нямецкую мову вучыць, а ён набярэ любімых яму кніг і чытае іх. Вачыма чытае, а языком на ўвесь пакой галосіць нарасьпеў: «Der Rabe! Der Knabe! Der Rabe! Der Knabe! Der Vater!».

Усе думаюць: Саша ўрокі вучыць! Бач, як навуку грызе! Ня трэба яму замінаць! Але што гэта? Прайшло пяць, дзесяць хвілінаў, а ён, як той голас з плыткі, дзе іголка заела, адно і тое правіць: «Der Rabe! Der Knabe!..».

Прачыняюць дзьверы. А Саша нікога і не заўважае. Сядзіць над кнігаю, адно і тое як заведзены ладзіць: «Der Rabe! Der Knabe!» А рукой яшчэ пад сталом нітачку з паперкай шморгае, з катком гуляе.

Згадваюць: калі ён садзіўся чытаць, браў з сабою стос кніг і газэт. Ён не прызнаваў адной кнігі. Адной кнігі яму было мала... Зь дзясятак кніг — ня меней — заўсёды трымаў каля сябе. Адну пагартае — адкладзе, другую, трэцюю... І гэтак пакуль зь дзясятак не перабярэ, пакуль на каторай не запыніцца. Чытаў ён і мастацкую літаратуру, і эканамічную, і палітычную. Чытаў па-беларуску і ангельску, па-нямецку і француску, па-расейску і польску.

Пра сваё захапленьне кнігай з маленства Аляксандар Уласаў згадвае так:

«У адну зь зім, калі мы жылі ў Вільні, я пачаў піць з крыніцы кніжнай мудрасьці. «Роднае слова» Ушынскага спачатку было інструмэнтам пыткі для мяне, але потым я палюбіў «Ката і Пеўня», якія з камфортам жылі ў хатцы, трошкі я апасаўся Бабы Ягі, Іван Царэвіч здаваўся мне чужым і дуркаватым хлопцам. Па словах старых, я надта малым чытаў дарослыя кніжкі. Нават помню я Гогаля, прачытаў раман Поля дэ Кока, асталося мне ў галаве да сягоньня, што герой рамана ў важных выпадках надзяваў халат.

Падабаў я Рабінзона. Чытаў я яго каля люлькі каго-небудзь з малодшых брацьцяў ці сясьцёр, каторых я мусіў пільнаваць. Чытаў я Рабінзона, мусібыць, пару месяцаў, бо калі канчаў, то ізноў пачынаў спачатку. Я заліваўся сьлязамі, калі майго Рабінзона прыпірала доля, як кажуць, да сьцяны. Калі Рабінзон заводзіўся інвэнтаром, жывым і мёртвым, то я быў больш, мусібыць, рад, чым сам герой».

Згадкі Аляксандра Ўласава пра любоў да кнігі тлумачаць нам, чаму ён стаўся такім, а ня іншым.

Браніслаў Тарашкевіч называў Уласава самым вялікім і неарганізаваным гультаём. Тым ня менш, гэта зусім не замінала яму горы варочаць. Ён быў той рабочы вол, які працу робіць нібыта марудна, але затое ўпэўнена, трывала.

 

Бязь веры жыць цяжка...

Аляксандар Уласаў быў надта даверлівы. Давяраў і свайму аканому. Што запіша ў кнігу, як запіша, так і будзе. Але аднаго разу схапіў яго за руку.

Неяк заказаў тамтэйшаму краўцу штаны. Сам схадзіў на адну, другую прымерку. А ўжо гатовыя даручыў забраць свайму аканому-арандатару. Звалі яго Вернікоўскі. Той забраў.

Мінула колькі часу... Едзе Ўласаў на кані, а насустрач яму той кравец. Дык Уласаў:

— Сядай на воз!

Той сеў... З панам едзе!

Едуць, гамоняць. А краўцу карціць пра штаны спытацца, ці даспадобы яго шытво, ці ўдалося, ці пану Ўласаву ў тых штанах зручна, утульна, ці добра ён іх адшыў...

— А нічога, кажа. Штаны ўдаліся... Толькі дарагавата пан за шытво ўзяў...

— А ці ж гэта дорага? — запярэчыў кравец. — Усяго адну маленькую залатоўку...

— Як гэта адну залатоўку? У маёй рахункавай кніжачцы запісана шэсьць...

— А вы спытайце ў свайго аканома, што ён на гэта скажа, — раіць кравец.

Спытаўся. Дык той адно толькі пачырванеў ды на калені бух: «Даруйце, пане, нячысьцік паблытаў!..»

Нічога не сказаў Уласаў. Адно толькі зазначыў, каб больш так не рабіў, бо ня будзе яму верыць. А бязь веры жыць цяжка.

 

Мне гэта не баліць

Надта добры быў чалавек Уласаў. Пакладзісты.

...Сядзіць на ганку, чытае газэту. Аж жонка нечага гукае:

— Саша! Саша!

А ён:

— Зараз, зараз, — і працягвае чытаць.

А жонка зноў:

— Саша! Саша!

А Ўласаў:

— Ну, сказаў жа — зараз... От дачытаю і прыйду...

Але дачытаць яму не ўдаецца. Жонка, як віхор які, падлятае да яго, вырывае газэту і па шчоках яму той газэтай плясь — зьлева направа...

А ён адно ёй на гэта:

— Ну што ж ты робіш? Мне ж гэта не баліць... Адно сябе нэрвуеш, адно сябе зводзіш...

Зноў, як нічога не было, увесь у газэце.

 

Мігаўскія шпэктаклі...

У жніўні 1913 году пасьля радашкаўскага паказу «Паўлінкі» А.Уласаў запрасіў артыстаў у сваю Мігаўку, і тыя наладзілі там спэктакль для мігаўцаў. Мігаўцы любілі відовішчы. І ня толькі гатовыя. Яны й самі часта ладзілі розныя пастаноўкі. «Да кожнага сьвята ў доме Ўласава, колькі я памятаю, рыхтаваўся які-небудзь «шпэктакль». І абавязкова вясёлы...» Гэта згадвае колішняя суседка Ўласава Вера Ўладыка: «Помню, ставілі мы і «Паўлінку», і «Раскіданае гняздо», і «Мікітаў лапаць...» Былі «шпэктаклі» і на Новы год, на Каляды. Ставілі вялікую ёлку, развучвалі якую-небудзь п’есу, наймалі музыкаў. Прыходзілі з Шалухаў, зь Пяцюляў. Дзеці, сталыя... Нікому не бракавала месца ў доме Ўласава. Памятаю, пабраўшыся за рукі ў карагод, хадзілі вакол ёлкі і сьпявалі:

Падушачка, падушачка

Мая пуховая,

Малодачка, малодачка

Мая малодая.

Каго люблю, каго люблю...

Пасьля «шпэктакляў» пачыналіся пачастункі. І нас, дзяцей, частавалі: яблычкамі, якім-небудзь печывам. Пасьля дзеці разыходзіліся. А дарослыя гулялі, танчылі розныя полькі...

Я таксама мела аднаго разу ролю Лісы. Сястра мая была за Старую. Алег Шнэйдар за сабаку Шарыка. Далучаў Уласаў да мігаўскіх спэктакляў і сваіх дзяцей, Алега і Дзіму. Помню, Дзіма Ўласаў павінен быў сказаць, што сьвінка апарасіла зь дзясятак парасят, а ў яго вырвалася — сьвінка апарасіла штук зь пяцьдзясят парасятак. Усе дружна засьмяяліся... Такога ж ніколі не бывае.

Свае «шпэктаклі», розныя вечарыны мігаўцы ладзілі ў так званай «дзікай залі». Была такая заля ў доме Ўласава. У ёй не жылі. Яна была халодная і прасторная. Вялікая. Больш за ўсіх пра гэтыя «шпэктаклі» рупілася жонка Ўласава — Аляксандра. Яна вельмі любіла ўсё гэта. Постаць Уласава таксама была заўсёды прыкметная на мігаўскіх вечарынах. Ён таксама клапаціўся, каб людзям было цікава, весела, утульна ў ягоным доме. Абодва былі прыветныя. Палякам недаспадобы былі мігаўскія «шпэктаклі». Часта дом Уласава наведвалі паліцыянты. Пыталіся, ці мае ён дазвол: «Ці мае пан пазваленьне?» Найчасьцей такога дазволу не было і яго штрафавалі. Уласаў звычайна плаціў дваццаць пяць злотых штрафу, і спэктаклі працягваліся. А каб судзіць, то не судзілі. І разганяць не разганялі. Дазвалялі закончыць. І біць ня білі... Адно — абыходзіліся штрафам...».

Памятае мігаўскія «шпэктаклі» у доме Ўласава і Міхась Шнэйдар, сусед Уласава. Ён, як і Ўласаў, быў эканамістам, вучыўся ў Варшаве. Таму яго камэнтар больш аналітычны:

«Мой брат Аляксандар, ён з 1902 году, часта бегаў да Ўласава. І я разы з два быў. Гэтымі сваімі спэктаклямі, вечарынамі, — кажа Шнэйдар, — Уласаў хацеў падняць нацыянальную сьвядомасьць беларусаў, каб беларусы ведалі, што яны беларусы, самабытны народ, маюць сваю гісторыю, культуру і павінны паслугоўвацца найперш сваёй культурай, не ўстыдацца яе...».

Вечарыны ў доме Ўласава найчасьцей прымяркоўвалі да розных каляндарных сьвятаў. Прыгожа правілі Дажынкі, Каляды. Усе былі задаволеныя, шчасьлівыя. Усім было цікава. Кожны зь мігаўцаў меў магчымасьць быць і ўдзельнікам, і творцам гэтых «шпэктакляў» у доме Ўласава.

Мігаўка за часамі Ўласава, паводле слоў Міхася Шнэйдара, была выдатным асяродкам беларускай культуры. Празь яго мігаўцы даведваліся ўсе навіны сьвету. Празь яго шмат хто быў асьвечаны навукай, прагнуў ведаў. Шмат хто празь яго выбіўся ў людзі.

 

Апошнія дні фальварку...

Зьнікненьне фальварку зьвязана зь верасьнёўскім паходам Чырвонага войска ў Заходнюю Беларусь. Неўзабаве пасьля «вызваленьня» ў Мігаўку зьявіўся камісар з Усходняй Беларусі і сказаў Уласаву, каб ён вымятаўся зь Мігаўкі, «узяўшы, як тут практыка, пальто і шапку». А «ў мяне ёсьць вялікі архіў па школьных бел. справах і ўсякі другі. Многія фатаграфіі, нейкія кнігі», — пісаў Аляксандар Уласаў свайму даўняму пабраціму Антону Луцкевічу, якога самога праз пару дзён арыштуюць.

Такога павароту падзеяў гаспадар фальварку не спадзяваўся. Верасьнёўскі паход Чырвонага войска лічыўся вызваленчым, сугучным яго ідэалам. Ён мроіў заснаваць у Мігаўцы школу. Яго жонка будзе за настаўніцу, а ён нарэшце зьдзейсьніць сваю даўнюю мару і будзе выдаваць сапраўдную беларускую газэту. З гэтымі сваімі думкамі ён і падаўся ў Маладэчна. Прасіў новую ўладу адтэрмінаваць хоць на колькі дзён высяленьне, каб ён мог хоць збольшага ўпарадкаваць свой архіў і бібліятэку. Яго хтось там прыняў з новага начальства, паслухаў трохі і сказаў: «Пішы, чалавеча, заяву і аўтабіяграфію». І ён напісаў. А як напісаў, то й ня выйшаў больш адтуль на волю. Спрытныя чырвонаармейцы запхнулі яго ў Маладачанскі астрог. На свабоду выйсьці яму больш не пашчасьціла.

Неўзабаве ў Мігаўцы зьявіліся міліцыянты і чырвонаармейцы на васьмі фурманках і давай усё выграбаць з дому Ўласава. І бібліятэку яго вывезьлі, і архіў увесь. Тыдні яго мо тры разьбіралі, тасавалі, што ў агонь, што на карыстаньне. На глум пусьцілі ўсё, што было пра Беларусь, па-беларуску. На карыстаньне пакінулі толькі расейскую клясыку — Тургенева, Талстога, Пушкіна...

Не пакінулі ў спакоі яны і сям’ю Ўласава. Усё шукалі, хадзілі па дварах і пыталіся: «Дзе Ўласавы?»

А жонка Ўласава, Аляксандра, як толькі дачулася, што яе чалавека зарыштавалі, пачала зь дзецьмі хавацца ў сваіх суседзяў, у добрых знаёмых. Але ці можа безабаронная жанчына схавацца ў самай шматнаселенай частцы Беларусі, калі на яе палююць мэтадычна, як на зьвера, узброеныя людзі?

Аднаго разу яе ўсё ж адшукалі і вывезьлі зь Беларусі.

Нейкі час сядзіба Ўласава і ягоны дом бубнеў, як пустка, але, як кажуць, сьвятое месца доўга пустое не бывае. Дом Уласава засяліў адзін тутэйшы гаспадар.

Але ня выпала яму доўга ў ім пажыць. У вайну, дзесьці пад 1943 год, між немцамі і партызанамі пачалася страляніна. Ад аднаго выпадковага стрэлу дом Уласава загарэўся. Вось з тае пары і перастала існаваць віла Мігаўка Ўласава.

 

Мігаўскія здымкі

Ці ацалелі старыя здымкі з тых куточкаў? Пра гэта я пацікавіўся і ў спадарыні Вэрці Ўладыкі. «Ды трохі ёсьць», — сказала яна і прынесла цэлы жмут пажоўклых фотаздымкаў рознага фармату, кампазыцыі і зьместу. На мяне дыхнула непаўторным водарам далёкага ад нас часу. Вось адзін з такіх здымкаў — вясельнае танчаньне ў Мігаўцы на вольным паветры. У кадар патрапіў і куточак тагачаснай Мігаўкі. На здымку мы бачым і музыкаў. Сярод іх цымбаліст!

А вось яшчэ адзін непаўторны мігаўскі здымак. На ім мо ля сотні асобаў. Як толькі фатограф скампанаваў гэткую процьму людзей у адзін кадар! Сярод іх і жонка Аляксандра Ўласава. Чацьвертая зьлева на першым радзе. А ці ацалеў хоць адзін здымачак самога Ўласава ў Мігаўцы? О, так. На ім Аляксандар Уласаў з спн.Аляксандрай і дзецьмі ў мігаўскім сядзібным дворыку.

На гэтым здымачку па-сялянску ўсё проста. Арыстакрат Аляксандар Уласаў у якімсь просьценькім, ці не з палатна, гарнітуры. І ягоная жоначка апранута запроста. Нават хустка на галаве па-сялянску, пад бабачку. Дзеці, Дзіма і Алег, штось пілуюць, цьвікуюць, майструюць.

Вось такі быў арыстакрат і пан Аляксандар Уласаў: гаспадарлівы, мірны, стваральны. Тры старыя здымкі даносяць да нас подых стваральніка нашай «Нашай Нівы».

 

*Папярэдні артыкул на гэтую тэму «Фальварак Мігаўка» Зьмітра Бартосіка друкаваўся ў «Нашай Ніве» №17 за 2 жніўня 1999 г.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0